У Гродне тры ўстановы дадатковай адукацыі аб’ядналі з абласным Палацам творчасці дзяцей і моладзі. З 1 лістапада яны пачнуць працаваць у межах адной структуры. Пра гэта паведаміў тэлеканал «Гродно Плюс». Як «аптымізацыя» паўплывае на працу гурткоў і секцый, не ўдакладнілі.

Якія ўстановы далучаць да Палаца творчасці

Да абласнога Палаца творчасці дзяцей і моладзі далучаюць Гродзенскі абласны цэнтр тэхнічнай творчасці, Гродзенскі абласны цэнтр турызму і краязнаўства, Гродзенскі дзяржаўны абласны эколага-біялагічны цэнтр дзяцей і моладзі.

Аб’яднаная структура пачне працаваць з 1 лістапада 2026 года. У сюжэце змены назвалі «аптымізацыяй».

Пры гэтым не ўдакладняецца, ці захаваюцца ўсе напрамкі гурткоў і педагагічны склад і як аб’яднанне ўстаноў паўплывае на дзяцей і бацькоў.

Улады абмеркавалі занятасць дзяцей пасля ўрокаў

Рэарганізацыю ўстаноў дадатковай адукацыі абмяркоўвалі на пасяджэнні камісіі па сацыяльных пытаннях. Удзельнікі таксама гаварылі пра тое, дзе школьнікі праводзяць вольны час і якія заняткі ім можна прапанаваць.

Старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта адзначыла, што для дзяцей з сельскай мясцовасці адной з праблем застаецца транспартная даступнасць гурткоў і секцый.

«Калі мы гаворым пра дзяцей сельскай мясцовасці, то тут неабходна звярнуць увагу на падвоз дзяцей да месца атрымання дадатковай адукацыі», — сказала яна.

Паводле яе слоў, у гарадах выбар заняткаў дастаткова шырокі, але важна, каб дзеці маглі знайсці адпаведны напрамак, а бацькі ведалі пра існуючыя магчымасці.

За чатыры гады колькасць устаноў дадатковай адукацыі скарацілася

У 2022 годзе ў Гродзенскай вобласці працавалі 28 устаноў дадатковай адукацыі. Тады дырэктарка абласнога Палаца творчасці дзяцей і моладзі Таццяна Асмалоўская расказвала БЕЛТА, што яны змогуць ахапіць больш за 40 тыс. школьнікаў. Дзецям прапаноўвалі звыш 300 напрамкаў заняткаў.

У кастрычніку 2026 года начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык паведаміў БЕЛТА, што ў рэгіёне працуюць ужо 24 установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Цяпер у гэтых установах дзейнічаюць амаль 3 тыс. аб’яднанняў па інтарэсах, якія наведваюць больш за 33 тыс. дзяцей.

Акрамя таго, паводле яго слоў, гурткі працуюць на базе школ, дзіцячых садкоў і каледжаў. Усяго ва ўстановах адукацыі вобласці рэалізуюць 1450 праграм па 15 профілях. Найбольш запатрабаваным застаецца мастацкі напрамак, таксама развіваюцца такія напрамкі, як робататэхніка, штучны інтэлект, графічны дызайн і медыятворчасць.

У школах вобласці скарачаюць стаўкі педагогаў эстэтычных напрамкаў

Раней стала вядома, што ў школах Гродна і вобласці скарачаюць стаўкі педагогаў музычнага, харэаграфічнага і іншых эстэтычных напрамкаў. Настаўнікі паведамлялі пра адмену факультатываў і скарачэнне нагрузкі. Замест факультатыўных заняткаў дзецям прапануюць гурткі, дзе колькасць вучняў у групе можа быць большай.

Змены звязваюць са скарачэннем штатнай колькасці работнікаў бюджэтных арганізацый дзеля эканоміі дзяржаўных сродкаў. Падставай стала пастанова Саўміна ад 17 кастрычніка 2025 года. У іншых рэгіёнах Беларусі скарачэнні пачаліся яшчэ ў канцы 2025-га — вясной 2026 года, а ў верасні закранулі і Гродзенскую вобласць. Паводле раней апублікаванай інфармацыі, скарачэнне ставак планавалі завяршыць да канца 2026 года.