Паўтара года падрыхтоўкі, два дні ў Даніі і адзін залаты скарб — вынікі праекта «Піраты і піраткі каралевы Сафіі» падвялі 24 кастрычніка ў Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве. Гасцям прадставілі рэпліку сярэднявечнага крыжа Сафіі (Дагмар) і дызайнерскую мапу беларускіх гістарычных скарбаў у Еўропе. Падрабязнасці падарожжа можна было даведацца з фотавыставы і фільма, які паказалі ўпершыню.
Паўтара года таму Марыя Грыц — беларуска з Беластока — прапанавала незвычайным спосабам нагадаць пра беларускую князёўну Сафію Мінскую, якая ў XII стагоддзі стала каралевай Даніі. Яе ідэя ператварылася не проста ў падарожжа ў Капенгаген, а ў «пірацкую экспедыцыю» з шэсцем і канцэртам у цэнтры дацкай сталіцы. Абышлося хіба што без захопу музея, дзе захоўваецца сапраўдны крыж Дагмар.

Цяпер з гэтай гісторыяй маглі бліжэй пазнаёміцца ўсе ахвотныя ў Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве.
«Беларускі пірацкі флот не рабуе, а вяртае скарбы»
«Беларускі пірацкі флот не рабуе, а вяртае скарбы», — сфармулявала дэвіз праекта Марыя. Хуліганская пірацкая тэма павінна была прыцягнуць больш увагі да малавядомай старонкі супольнай дацка-беларускай гісторыі.

Сапраўды, беларускія піраты ў датчан нічога не адабралі — яны стварылі ўласную рэпліку крыжа Дагмар. Грошы на яе стварэнне ахвяравалі 66 чалавек, а вырабіў яе грузінскі ювелір Ілля Чэкветадзэ. Цяпер рэпліка захоўваецца ў Музеі Вольнай Беларусі.
Абмеркаванні крыжа ў сацсетках уразілі сваім маштабам
Падчас сустрэчы ўдалося наладзіць сувязь непасрэдна з Даніяй — па відэасувязі з Капенгагена далучылася даследчыца Лізавета Дубінка-Гушча. Менавіта яе праца натхніла Марыю арганізаваць «пірацкі флот». Ліза расказала, што ўжо неўзабаве гістарычны раман дацкай пісьменніцы Біргітэ Хамер «Сафія. Забытая каралева», прысвечаны Сафіі Мінскай, можа выйсці па-беларуску. Першымі пачуць некалькі старонак кнігі на беларускай мове маглі якраз госці музея.

«Мы жывём у вельмі цікавы час, калі ў нас ёсць такія папулярызатары і папулярызатаркі культуры, як Марыя Грыц. Ёсць гісторыкі, якія ўсё жыццё даследавалі нашу спадчыну і гатовыя гэтым дзяліцца. Ёсць ініцыятыва «Maldzis» і яе мецэнаты, якія гатовыя пашыраць нашу свядомасць. Ёсць шмат людзей, якія гатовы ўкладацца ў сваю культуру. І гэта дзіўнае адчуванне. Я ніколі не бачыла такой зацікаўленасці ў нашай спадчыне», — расказала прадстаўніца ініцыятывы «Maldzis» Таццяна Капітонава.
Бурныя абмеркаванні крыжа і Сафіі Мінскай у сацыяльных сетках уразілі яе сваім маштабам. А многія людзі, з якімі яна размаўляла, да гэтага ўвогуле не ведалі пра гістарычную сувязь Беларусі і Даніі. «Разам мы можам аб’яднацца і зрабіць яшчэ больш цікавага для нас усіх», — падсумавала Таццяна.

Дзе ў Еўропе (і не толькі) шукаць беларускія скарбы
На сустрэчы прадставілі яшчэ адзін, раней не анансаваны вынік праекта — мапу беларускіх гістарычных каштоўнасцяў у Еўропе. Яна паказвае, што шукаць сляды беларускага мінулага можна літаральна па ўсім кантыненце.
Над зместам і мастацкім афармленнем мапы працавалі музейшчык і гісторык Аляксей Бацюкоў і дызайнер і мастак Зміцер Гушча, вядомы пад творчым псеўданімам Pan Zmi Thor.
Прадметы, звязаныя з беларускай гісторыяй, можна знайсці практычна ў кожнай еўрапейскай краіне і нават на іншых кантынентах, расказаў Аляксей. Для мапы яму давялося выбраць толькі невялікую частку з вялікага спіса больш як 200 знаходак і артэфактаў.

Самае незвычайнае месца, куды варта адправіцца беларускім піратам, — гэта востраў Табага каля берагоў Венесуэлы. «Гэта самая сапраўдная пірацкая гісторыя Вялікага Княства Літоўскага», — запэўнівае Аляксей. Справа ў тым, што там існавала калонія Курляндскага герцагства, якое было васалам Вялікага Княства Літоўскага. У другой палове XVII стагоддзя сярод пасяленцаў былі і выхадцы з ВКЛ. Да 1795 года Курляндыя выдавала піратам каперскія (пірацкія) патэнты.
Але можна адправіцца і бліжэй. У касцёле ў польскім горадзе Вэнгруў (Węgrów) захоўваецца старадаўняе люстэрка, якое, паводле легенды, належала чарнакніжніку Твардоўскаму. Менавіта ў ім Твардоўскі паказваў каралю Жыгімонту Аўгусту прывід яго памерлай жонкі Барбары Радзівіл. Ад Варшавы да Вэнгрува ехаць усяго 90 км. Ад Брэста — крыху больш за 140 км.
Не прыдумляць новае, а расказваць пра сапраўдную спадчыну
«Маёй місіяй па жыцці стаў рэбрэндынг Беларусі ў еўрапейскую краіну», — расказаў Pan Zmi Thor, які ўжо больш за 20 гадоў жыве за мяжой. Гэтую працу ён успрыняў як частку больш шырокай задачы — змяняць уяўленне пра Беларусь у Даніі, якая стала для яго новым домам.

Важна не прыдумляць новыя гісторыі пра краіну, а знаходзіць цікавы спосаб расказваць пра яе сапраўдную спадчыну, лічыць Дзмітрый. На мапе ён пастараўся прадставіць артэфакты розных эпох за апошнія 2000 гадоў.
Паменшаныя друкаваныя асобнікі такой мапы ўдзельнікі прэзентацыі змаглі забраць з сабой. З імі яны змогуць самастойна шукаць беларускія гістарычныя сляды за межамі роднай краіны.
«Гэта такі класны праект, да якога немагчыма быць раўнадушным. Як гісторык і музейшчык я лічу, што менавіта так і трэба працаваць з культурай. Культуру трэба эксплуатаваць, па-харошаму, і яе памнажаць», — дадаў Аляксей Бацюкоў.

У праекце ўдзельнічала і рэдакцыя Hrodna.life. І гэта была не проста дапамога з арганізацыйнымі пытаннямі або пошукам фінансавання. «Мы душой і сэрцам упісаліся ва ўсе этапы», — расказаў галоўны рэдактар Аляксей Шота.
«Гэта не гістарычны фільм». Ад экспедыцыі — да дакументальнага фільма
Кульмінацыяй сустрэчы стаў паказ дакументальнага фільма «Крыж» рэжысёра Ігара Сясюніна. Ён сам удзельнічаў у «пірацкай экспедыцыі» і праз гісторыю незвычайнага падарожжа паспрабаваў паказаць месца беларускіх земляў і Сафіі Мінскай у сярэднявечнай Еўропе. А таксама тое, як беларусы цяпер збіраюць сваю гістарычную спадчыну па ўсім свеце.

Яму трэба было не проста вывучыць крыніцы і сабраць факты. Важна было зрабіць далёкую гісторыю зразумелай і для выпадковага гледача.
«Гэта не гістарычны фільм. Гэта фільм пра наша падарожжа ў Данію, але з вельмі цвёрдай гістарычнай асновай», — патлумачыў рэжысёр.
Неўзабаве фільм з’явіцца на YouTube.

Экспедыцыя ў Данію завяршылася, але яе вынікі засталіся. Рэпліка крыжа Сафіі (Дагмар) папоўніла экспазіцыю Музея Вольнай Беларусі, фільм захаваў гісторыю падарожжа, мапа можа стаць адпраўным пунктам для новых пошукаў. Дзякуючы намаганням многіх людзей удалося тое, што спачатку здавалася фантастыкай.



