У Threads беларуска паскардзілася на скарачэнне ставак у школах Гродна і вобласці для настаўнікаў эстэтычных напрамкаў. Факультатывы прыбіраюць, застаюцца толькі гурткі. З’яве знайшлося тлумачэнне – уся справа ў пастанове Саўміна.

«Куды ісці працаваць? Ці пайсці на самазанятасць? Калі на факультатывах, мы маглі працаваць з дзецьмі па два чалавекі, то на гуртках гэта 12 чалавек? Які будзе вынік? А я вельмі люблю сваю працу. 5 гадоў стажу», – паскардзілася жанчына.

У пасце беларускі гаворка ішла пра музычныя і харэаграфічныя заняткі. У каментарах жанчыну падтрымалі – бацькі адзначылі, што хацелі б усебаковага развіцця для сваіх дзяцей. Больш за тое, вадзіць дзяцей на школьныя факультатывы ў разы прасцей і зручней, чым падбіраць асобныя курсы або педагогаў, дадалі некаторыя ўдзельнікі абмеркавання.

Педагогаў «аптымізуюць» не толькі ў Гродне

У канцы верасня Telegram-канал MAYDAY.TEAM паведаміў, што ў школах Гродзенскай вобласці сапраўды скароцяць колькасць заняткаў эстэтычнага напрамку. Прафесійныя стаўкі цьютараў і педагогаў канчаткова скароцяць да канца 2026 года.

Прычына такіх змен – маштабная аптымізацыя штатнай колькасці супрацоўнікаў бюджэтных арганізацый. Мэта якой – зэканоміць дзяржаўныя грошы. Аптымізацыя адобрана пастановай Саўміна ад 17 кастрычніка 2025 года.

У іншых рэгіёнах краіны скарачэнні пачаліся ў канцы 2025—вясной 2026 года. У верасні новаўвядзенне дайшло і да Гродзенскай вобласці. У школах і гімназіях звальняюць настаўнікаў музыкі, малявання і харэаграфіі. Факультатывы знікаюць з праграмы. Дзецям прапануюць паступаць у профільныя музычныя ці мастацкія школы.

Менш грошай на мастацтва, больш – на ваенна-патрыятычныя мэты

Пры гэтым дзяржава павялічыла выдатак сродкаў на ваенна-патрыятычнае выхаванне, дадае MAYDAY.TEAM.

Паводле сайта службы занятасці, да верасня 2026 года ў Гродзенскай вобласці шукаюць каля 10 кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні, а таксама два намеснікі па ідэалагічнай рабоце ў школах. Усяго ж у вобласці дзейнічае больш за 114 ваенна-патрыятычных клубаў для школьнікаў.

Таксама на сайце прадстаўлена дзевяць вакансій для настаўнікаў музыкі ў дзіцячых садах і школах вобласці.

Чытайце таксама: У Гродне стварылі вайскова-патрыятычны клуб