У Беларусі рэгулярна праводзіцца адзіны дзень інфармавання, дзе бюджэтнікам і іншым залежным ад дзяржавы людзям даносяць наратывы ад уладаў. Праводзяць такія і ў Гродне. Метадычныя матэрыялы да такіх дзён пачалі выкладваць на сайтах прадпрыемстваў і выканкамаў. Рэдакцыя Hrodna.life прачытала некаторыя з іх – і знайшла маніпуляцыю, а дзесьці – хлусню. Гэта чацвёрты тэкст з цыклу, дзе мы разбяром тэзісы ўладаў.

Чытайце таксама: як беларускія ўлады хлусяць пра Захад:

“Пугает политика некоторых государств в отношении смены пола детей. В частности, в Австралии предлагают разрешить несовершеннолетним в возрасте от трех лет самостоятельно выбирать себе половую принадлежность“, – сцвярджаюць беларускія ідэолагі.

Гэта фэйк. Падобныя навіны з’явіліся пасля публікацыі справаздач аўстралійскіх дзіцячых гендарных клінік (у прыватнасці, у штаце Паўднёвая Аўстралія). У справаздачы было пазначана, што самаму маладому пацыенту, якога бацькі прывялі на кансультацыю да псіхолага, было 3 гады.

Справа ў тым, што менавіта ва ўзросце 3-4 гадоў дзеці пачынаюць ўсведамляць канцэпцыю полу і могуць заяўляць бацькам фразы накшталт “я хлопчык” або “я дзяўчынка”.

У Аўстраліі прадугледзелі кансультацыі для бацькоў, якія сутыкнуліся з тым, што іх дзіця дэманструе нетыповыя для свайго біялагічнага полу паводзіны.

Гендары і адпачынак пасля родаў. Як беларускія ўлады хлусяць бюджэтнікам пра Захад
Фота ілюстрацыйнае, iStock

На самай справе з надыходам 18 гадоў любы грамадзянін Аўстраліі лічыцца цалкам дзеяздольным і можа самастойна прымаць любыя рашэнні адносна свайго гендэра без чыйго-небудзь згоды. Да 16-18 гадоў (у залежнасці ад штата) заяву на змяненне полу ў пасведчанні аб нараджэнні дзіцяці павінны падаваць абодва бацькі або законныя апекуны.

Хірургічныя аперацыі па змене полу непаўналетнім у Аўстраліі, як правіла, не праводзяцца да дасягнення 18 гадоў. Магчымыя блакатары палавога паспявання, каб прыпыніць развіццё падлеткавага цела і даць падлетку час разабрацца ў сабе, і замяшчальная гарманальная тэрапія.

“Кроме того, в 10 европейских странах отсутствуют какие‑либо возрастные ограничения для юридической смены пола (в Австрии, Эстонии, Германии, Исландии, Италии, Люксембурге, Мальте, Норвегии, Словении, Швейцарии)“, – пішуць ідэолагі.

Гэта рэальныя дадзеныя са справаздач праваабарончых арганізацый (такіх як Міжнародная асацыяцыя ILGA-Europe), але беларускія ўлады пераблыталі закон і пытанні медыцыны.

У рэальнасці гаворка ідзе пра тое, што ў гэтых краінах закон тэарэтычна дазваляе змяніць гендэрны маркер у пасведчанні аб нараджэнні непаўналетняму дзіцяці (гэта значыць абмежаванняў па мінімальным узросце для самой працэдуры няма), але рабіць гэта самастойна дзеці не могуць.

Ва ўсіх 10 пералічаных краінах хірургічныя аперацыі па змене полу забароненыя для непаўналетніх.

“В США гормональная терапия рекомендуется детям с шести лет, а хирургические операции делают от 12 лет“, – сцвярджаюць беларускія ўлады.

У 6 гадоў дзіцяці фізічна немагчыма прызначыць палавыя гармоны (эстраген або тэстастэрон), паколькі яго арганізм яшчэ не ўвайшоў у стадыю палавога паспявання.

Адзінае, што магчыма ў гэтым узросце – гэта так званы сацыяльны пераход. Дзіцяці могуць дазволіць насіць жаданую вопратку, зрабіць прычоску ці называць яго іншым імем.

Гендары і адпачынак пасля родаў. Як беларускія ўлады хлусяць бюджэтнікам пра Захад
Ілюстрацыйнае фота, Unsplash

Першымі прэпаратамі могуць быць блокаторы палавога паспявання – у 10-12 гадоў. Гарманальная тэрапія (HRT) рэкамендуецца медыцынскімі гайдлайн WPATH (Сусветнай прафесійнай асацыяцыі па здароўі трансгендерных людзей) толькі з 14-15 гадоў, калі падлетак ужо дасягнуў пэўнай ментальнай сталасці.

Аперацыі на рэпрадуктыўных органах адкладаюцца да дасягнення паўналецця — строга з 17-18 гадоў.

Як правіла, такія фэйкі ўзнікаюць з-за няправільнага прачытаных дакументаў і кликбейта ў загалоўках.

“К примеру, в Германии на восстановление после родов отводят всего восемь недель, в Испании – 16“, – пішуць ідэолагі.

На самай справе “дэкрэт” у Германіі дзеліцца на два этапы: ахова мацярынства (Mutterschutz) і адпачынак па догляду за дзіцем (Elternzeit). Mutterschutz – абавязковы дародавы і пасляродавы адпачынак. Доўжыцца 14 тыдняў (шэсць тыдняў да меркаванай даты родаў і тыя самыя восем тыдняў пасля). Пры заўчасных родах або нараджэнні двайнят пасляродавы адпачынак павялічваецца да 12 тыдняў. Жанчына атрымлівае 100% ад свайго ранейшага чыстага заробку.

А вось Elternzeit -гэта добраахвотны неаплатны адпачынак, які дае права часова пакінуць працу з гарантыяй захавання працоўнага месца. Кожны з бацькоў мае права на адпачынак працягласцю да трох гадоў.

Отец с ребенком читают книгу. Фото иллюстрационное. Фото: Picsea, unsplash.com
Бацька з дзіцем чытаюць кнігу. Фота ілюстрацыйнае. Фота: Picsea, Unsplash

Працадаўца не плаціць – плаціць дзяржава: кампенсацыю за страту даходу. Базавая дапамога складае 65-67% ад сярэдняга чыстага даходу аднаго з бацькоў за апошнія 12 месяцаў перад нараджэннем дзіцяці. Мінімальны памер – €300 у месяц (для непрацуючых), максімальны — €1800 у месяц. Калі ў адпачынак ідзе толькі адзін з бацькоў, дапамога выплачваецца максімум 12 месяцаў. Калі другі бацька бярэ адпачынак як мінімум на два месяцы, дзяржава дадае яшчэ два месяцы выплат.

Таксама на кожнае дзіця ў Германіі да дасягнення ім 18 гадоў (або да 25 гадоў, калі ён вучыцца) выплачваецца фіксаваная штомесячная дапамога. На дадзены момант яно складае €250 у месяц на кожнае дзіця.

Да жніўня 2025 года дэкрэтны адпачынак сапраўды складаў 16 тыдняў для кожнага з бацькоў. Цяпер іх 19. Гэта значыць, кожны з бацькоў у поўнай сям’і мае права на 19 тыдняў цалкам аплачванага адпачынку. Абодва бацькі абавязаны пайсці ў адпачынак адначасова і на поўны працоўны дзень адразу пасля нараджэння дзіцяці – на шэсць тыдняў. Наступныя тыдні можна ўзяць адразу, а можна адкласці да года дзіцяці. Іх можна браць па чарзе.

Далей ідуць яслі – дзяржаўныя або прыватныя, якія могуць часткова пакрыць. Ёсць опцыя прафесійных сертыфікаваных выхавальнікаў, якія арганізуюць міні-групы (не больш за 3-4 дзяцей) у сябе дома. У тры гады дзіця ідзе ў дзіцячы сад.

У Беларусі ж з-за працяглага трохгадовага перапынку жанчыны часта губляюць кваліфікацыю, прафесійныя сувязі і адстаюць у кар’еры, хоць працоўнае месца за імі захоўваецца. Нагрузка па доглядзе цалкам кладзецца на маці (таты ідуць у дэкрэт менш чым у 2% выпадкаў). Іспанская сістэма абавязвае тату і маці браць адпачынак пароўну, што абараняе жанчыну ад выпадання з прафесіі.