Каб абвергнуць многія сцвярджэнні дзяржаўнай прапаганды пра гісторыю Гродзеншчыны, не патрэбныя складаныя расследаванні – дастаткова адкрыць першакрыніцы, на якія часам спасылаюцца самі аўтары.
Гэтай восенню дзяржаўныя медыя – ад мастоўскай раёнкі да «Беларусь 1» – актыўна пісалі пра «польскі прыгнёт» і падзеі 1939 года на Гродзеншчыне. Вось толькі калі зазірнуць у гродзенскі архіў, польскія законы 1920-х гадоў і нават у газету «Правда» за 1939 год, лічбы і факты перастаюць сыходзіцца.
Hrodna.life праверыў тры гучныя сцвярджэнні прапаганды.
Фэйк першы: тых, хто чытаў па-беларуску, у Польшчы пазбаўлялі выбарчага права. А як было насамрэч?
Мастоўская раённая газета «Зара над Нёманам» апублікавала артыкул кандыдата гістарычных навук Уладзіміра Ягорычава «Знаковый праздник для белорусского народа». Аўтар праілюстраваў дыскрымінацыю беларусаў у міжваеннай Польшчы наступным тэзісам:
«Тех, кто писал и читал на белорусском, считали неграмотными и лишали избирательного права».
Адкуль аўтар узяў такія звесткі, ён не тлумачыць. Параўнаем гэтае сцвярджэнне з польскім заканадаўствам таго часу.

Закон аб парламенцкіх выбарах (так званая выбарчая ардынацыя) ад 28 ліпеня 1922 года даваў права голасу грамадзянам Польшчы ад 21 года (з выключэннямі накшталт вайскоўцаў ці асоб па судовым прысудзе). Артыкул 3 закона пералічваў падставы для пазбаўлення гэтага права. Уменне чытаць і пісаць на беларускай мове туды не ўваходзіла.
Больш за тое, тагачасныя правілы не патрабавалі ад выбаршчыкаў наогул умення чытаць і пісаць. Галасаваць за кандыдатаў у Сейм маглі нават непісьменныя грамадзяне Польшчы.

Гэта не азначае, што выбарчая сістэма Польшчы была пазбаўленая дыскрымінацыі. Напрыклад, артыкул 25 патрабаваў ад членаў выбарчых камісій умець чытаць і пісаць па-польску – на дзяржаўнай мове. Падобнае патрабаванне захавалася і ў артыкуле 16 абноўленага выбарчага закона 1935 года: старшыні і члены камісій павінны былі валодаць польскай мовай вусна і пісьмова.
Рэформа 1935 года таксама абмежавала магчымасці палітычнай апазіцыі. Аднак ні ў 1922-м, ні ў 1935-м годзе нікога не пазбаўлялі права галасаваць толькі таму, што ён чытаў і пісаў па-беларуску.

Аднак ёсць адзін нюанс. Асобная Выбарчая ардынацыя ў Сенат (вышэйшую палату парламента) 1935 года ўвяла высокі адукацыйны і грамадскі. Выбіраць сенатараў маглі толькі людзі з сярэдняй або вышэйшай адукацыяй, афіцэрскім званнем, дзяржаўнымі ўзнагародамі і г.д. І тут, сапраўды, нацыянальная меншасці, такія як беларусы, мелі менш шанцаў атрымаць права голасу.
Але вернемся да выбараў у Сейм. У беларускіх архівах захаваліся матэрыялы акруговых выбарчых камісій міжваеннага перыяду, у тым ліку дакументы, звязаныя з выбарамі ў Гродне. У выбарчыя спісы ўнесена мноства людзей і калі б словы Ягорычава былі праўдзівымі, то атрымалася б немагчымая карціна, у якой насельніцтва Заходняй Беларусі было татальна польскамоўным.


Больш падобна на тое, што перад намі чарговая спроба знайсці вінаватых у праблемах беларускай мовы дзе заўгодна, толькі не ў сучаснай Беларусі. Расказваць пра нібыта пазбаўленне беларускамоўных жыхароў Заходняй Беларусі выбарчага права прасцей, чым узгадваць пераслед беларускамоўных выдавецтваў ужо ў наш час.
Фэйк другі: 737 загінулых у Беларусі. Але ў першакрыніцы іншыя лічбы
Тэлеканал «Гродна Плюс» да так званага Дня народнага адзінства апублікаваў матэрыял «Как Красная Армия освобождала Гродно в 1939-м?». Сярод іншага там гучыць сцверджанне:
«В боях с частями Войска Польского Красная Армия потеряла в Беларуси 737 убитыми и 1862 ранеными».
У якасці крыніцы аўтары спасылаюцца на наркама замежных спраў СССР Вячаслава Молатава. Аднак калі зазірнуць у ягоны даклад на сесіі Вярхоўнага Савета СССР 31 кастрычніка 1939 года, карціна выглядае інакш.

Молатаў разводзіў страты па франтах – Беларускім фронце і Украінскім фронце. І даваў агульную лічбу для абодвух кірункаў – тыя самыя 737 загінулых і 1862 параненыя.
Асобна ж на Беларускім фронце ён назваў лічбы 246 загінулых і 503 параненыя – у тры разы менш, чым напісаў «Гродна Плюс».
Гэты тэкст быў апублікаваны ў газеце «Правда» яшчэ 1 лістапада 1939 года і сёння спакойна шукаецца ў Электроннай бібліятэцы гістарычных дакументаў.
Такім чынам, «Гродна Плюс» прыпісаў сумарныя паказчыкі двух франтоў як страты Чырвонай арміі ў Беларусі. Невядома, ці была гэта наўмысная маніпуляцыя ці памылка пры працы з крыніцай.
Чытайце таксама: Што адбывалася ў верасні 1939-га ў Заходняй Беларусі
Фэйк трэці: польскіх школьнікаў вучаць, што Гродна належыць Польшчы

17 верасня дзяржаўны тэлеканал «Беларусь 1» размясціў матэрыял з красамоўнай назвай «18 лет под гнетом: как польская оккупация пыталась стереть белорусскую идентичность». Сярод прыкладаў нібыта сучасных тэрытарыяльных амбіцый там назвалі адукацыйны конкурс польскага Інстытута нацыянальнай памяці.
«Цель – напомнить детям, что “восточные кресы” принадлежат полякам, а не белорусам, украинцам и литовцам», – сцвярджаецца ў публікацыі.
Такі конкурс сапраўды існуе. 25 лістапада 2025 года Інстытут нацыянальнай памяці абвясціў восьмы выпуск праекта «Kresy – polskie ziemie wschodnie w XX wieku» для школьнікаў. Але аўтар матэрыялу прыпісаў арганізатарам мэту, якой няма ні ў афіцыйным апісанні, ні ў рэгламенце конкурсу.
Больш за тое, ужо першая старонка рэгламенту пералічвае Вільню, Львоў, Гродна і Навагрудак як гарады, звязаныя з гісторыяй шматнацыянальнай Рэчы Паспалітай. Пра іх сказана: «Są równie bliskie Polakom, Litwinom, Białorusinom i Ukraińcom» – «Яны аднолькава блізкія палякам, літоўцам, беларусам і ўкраінцам». Там жа ёсць заклік не адбіраць у іншых народаў права на памяць. А ў параграфе 1 рэгламенту асобна напісана, што апісаныя гістарычныя землі сёння ўваходзяць у склад Літвы, Беларусі і Украіны.
Безумоўна, сам конкурс пабудаваны пераважна на польскім поглядзе на гісторыю. У яго рэгламенце гаворыцца пра значэнне былых усходніх тэрыторый Другой Рэчы Паспалітай для польскай нацыянальнай памяці, драматычныя для палякаў тэрытарыяльныя змены XX стагоддзя і гістарычную барацьбу за прыналежнасць да Польшчы. Такі падыход можа выклікаць спрэчкі і крытыку. Але паміж польскацэнтрычным поглядам на мінулае і патрабаваннем перакроіць сучасныя межы ёсць прынцыповая розніца. У рэгламенце конкурсу адкрыта прызнаецца, што былыя ўсходнія тэрыторыі Польшчы сёння ўваходзяць у склад Літвы, Беларусі і Украіны. Ніякай мэты пераканаць школьнікаў у тым, што гэтыя землі сёння належаць палякам, арганізатары не фармулююць.
Чытайце таксама: Акупацыя ці вызваленне? Што было ў Гродне ў верасні 1939 года: успаміны сведкаў
Не абарона гістарычнай памяці, а злоўжыванне
Усе тры прыклады аб’ядноўвае адзін і той жа прыём: узяць рэальны гістарычны факт, вырваць яго з кантэксту, дадаць патрэбную інтэрпрэтацыю – і атрымаць зручную для прапаганды карціну мінулага. Так атрымліваецца прадстаўляць суседзяў вечнымі ворагамі, а мінулае – бясконцым супрацьстаяннем «сваіх» і «чужых». Пры гэтым прапаганда часта прыпісвае іншым менавіта тыя дзеянні, пра якія ёй нязручна гаварыць у дачыненні да ўласнай дзяржавы. Напрыклад, ахвотна расказвае пра ўціск беларускай мовы 100 гадоў таму, але маўчыць пра яе сённяшняе становішча.
Такім чынам прапаганда ператварае гісторыю ў інструмент распальвання варожасці – і не абараняе гістарычную памяць, а злоўжывае ёю.

