У Беларусі рэгулярна праводзіцца Адзіны дзень інфармавання, дзе бюджэтнікам даносяць наратывы ад уладаў. Праводзяць такія і ў Гродне. Метадычныя матэрыялы да такіх дзён пачалі выкладваць на сайтах прадпрыемстваў і выканкамаў. Рэдакцыя Hrodna.life прачытала некаторыя з іх – і знайшла маніпуляцыю, а дзесьці – адкрытую хлусню. Гэта трэці тэкст з цыклу, дзе мы разбяром тэзісы ўладаў.

Чытайце таксама: як беларускія ўлады хлусяць пра Захад:

“А западникам не нравится наш теплый уютный дом. Не по нраву им наши порядки. Они и сами не осилили создать общеевропейский дом для всех народов. И нас хотели бы притащить туда в качестве очередных сантехников, уборщиков, обслуги и холопов”, – пішуць ідэолагі ў сваіх тэкстах.

На самай справе палітыкам заходнееўрапейскіх краін (мабыць, гэтыя людзі крыюцца пад словам “заходнікі” ў лексіконе беларускіх ідэолагаў) важныя базавыя каштоўнасці і правы чалавека. Захад зацікаўлены ў дэмакратычнай Беларусі, таму што гэта адзіны спосаб гарантаваць, што з яе тэрыторыі не будзе зыходзіць ваенная пагроза або гібрыдныя атакі накшталт штучнага міграцыйнага крызісу на межах ЕЗ.

Дарэчы, незалежныя палітолагі адзначаюць, што пасля 2022 года на фоне ваенных дзеянняў ва Украіне рэальная цікавасць Захаду да Беларусі прыкметна знізілася.

Што тычыцца” абслугі”, у Польшчы, дзе больш за ўсё беларускіх імігрантаў, сярод сфер, дзе яны занятыя, лідзіруюць прамысловасць, транспарт і IT. Акрамя таго, тысячы беларускіх урачоў зараз паспяхова практыкуюць у клініках краін ЕС.

Частка мігрантаў сапраўды аказваецца на нізкакваліфікаваных пазіцыях. Гэта можа адбывацца ў пераходны перыяд, пакуль яны вучаць мову ці атрымліваюць новую спецыялізацыю. Але развітыя краіны як раз зацікаўлены ў прыцягненні адукаваных людзей, а не “абслугі”.

врач медицина
Фота: pexels.com, носіць ілюстрацыйны характар

“В Нидерландах на начало 2024 года почти 19% населения детородного возраста живут без партнера или семьи”, – сцвярджаюць ідэолагі.

На самай справе, паводле справаздачы CBS “The Netherlands in Numbers 2024”, на пачатак 2024 года ў краіне 3,3 мільёна чалавек жылі адны. Гэта значыць, гэта 19% ад усяго насельніцтва краіны, а не людзей дзетароднага ўзросту. Самая вялікая група “адзіночак” – жанчыны 70+, удавы.

У Беларусі доля адзіночак ад усяго насельніцтва складае каля 7-8%. Каля 25-27% ад усіх хатніх гаспадарак у краіне складаюцца з аднаго чалавека. Гэта азначае, што больш за чвэрць жылога фонду Беларусі занята адзіночкамі.

Паводле звестак перапісаў насельніцтва і выбарачных абследаванняў хатніх гаспадарак Белстата, доля адназдольных хатніх гаспадарак расце. Больш за ўсё адзінокіх людзей, як і ў Нідэрландах – жанчыны 65+, паколькі мужчыны ў Беларусі жывуць на 10 гадоў менш. Гэта адзін з самых вялікіх гендэрных разрываў.

“В Правительстве Японии в 2021 году учредили должность министра по делам одиночества и создали отдел, отвечающий за меры по борьбе с одиночеством и изоляцией”, – пішуць ідэолагі (як бачым, дастаецца не толькі Захаду ў геаграфічным сэнсе, але і ў прынцыпе развітым дэмакратычным краінам).

Гэта сапраўды так – у Японіі адзінота прызналі праблемай на дзяржаўным узроўні. Галоўным трыгерам для стварэння ведамства стала пандэмія COVID-19, якая агаліла і абвастрыла схаваныя сацыяльныя праблемы японскага грамадства.

У 2023 годзе парламент Японіі прыняў маштабны “Закон Аб мерах супраць адзіноты і ізаляцыі”, які афіцыйна ўступіў у сілу ў 2024 годзе. Гэты закон замацаваў статус міністэрства на пастаяннай аснове, абавязаў мясцовыя прэфектуры ствараць лакальныя Саветы па падтрымцы адзінокіх людзей і зафіксаваў, што барацьба з ізаляцыяй — гэта не асабістая справа грамадзяніна, а прамы абавязак дзяржавы.

Праблема гэтая актуальная і сярод беларусаў і ў нас таксама спрабуюць яе вырашаць. У Беларусі існуе сістэма тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (ТЦСАН). Сацыяльныя работнікі наведваюць адзінокіх старых, прыносяць прадукты і дапамагаюць па хаце. Таксама развіваюцца “Аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту” – аналаг клубаў па інтарэсах, які дапамагае пераадолець ізаляцыю.

Адзінота ёсць і сярод беларускай моладзі – адсюль багацце пастоў у сацсетках накшталт “Давайце знаёміцца” і папулярнасць сустрэч у фармаце speed friending — хуткіх знаёмстваў для рамантычных мэтаў.