У Беларусі рэгулярна праводзіцца адзіны дзень інфармавання, дзе бюджэтнікам даносяць наратывы ад уладаў. Праводзяць такія і ў Гродне. Метадычныя матэрыялы да такіх дзён пачалі выкладваць на сайтах прадпрыемстваў і выканкамаў. Рэдакцыя Hrodna.life прачытала некаторыя з іх – і знайшла маніпуляцыю, а дзесьці – адкрытую хлусню. Гэта першы тэкст з цыклу, дзе мы разбяром тэзісы ўладаў.

Публікаваць дакументы для адзінага дня інфармавання пачалі ў 2025 годзе на сайтах выканкамаў і прадпрыемстваў. Самі дні ў дзяржструктурах праходзяць так: супрацоўнікаў збіраюць у адной прасторы і даносяць ім тэзісы з матэрыялаў. Пасля публікуюць скупыя справаздачы на некалькі абзацаў у каналах прадпрыемстваў. Як работнікаў адбіраюць для ўдзелу ў адзіных днях інфармавання, не вядома. Як і тое, ці можна адмовіцца. Некаторыя дні прысвечаны канкрэтным датам – напрыклад, Дню Перамогі ці Дню народнага адзінства. Іншыя – будуюцца на дзяржпалітыцы.

Найбольш эмацыйным тэкстам апынуліся тэзісы, прысвечаныя традыцыйнай сям’і і “заходняй прапагандзе”. Асобныя метадычкі разлічаны на моладзь, рабочых, работнікаў рэальнага сектара эканомікі і інтэлігенцыю. Пасыл там некалькі адрозніваецца. У тэксце шмат рэальнай, праўдзівай беларускай статыстыкі – але падаецца яна так, каб узвысіць нашу краіну, і ачарніць – еўрапейскія.

“Грамадства, заснаванае на традыцыйных каштоўнасцях, больш устойліва да крызісаў і знешніх выклікаў, якіх цяпер нямала”, – сцвярджаецца ў тэксце. Гэтаму традыцыйнаму грамадству супрацьпастаўляецца еўрапейскае.

Напрыклад, сцвярджаецца, што “в странах Европейского союза стали модными не требующие ответственности гражданские и гостевые браки”. 

семья
Фота: pixabay.com

У адным шэрагу стаяць зусім розныя паняцці. Грамадзянскі шлюб – гэта не юрыдычны тэрмін, а бытавое вызначэнне сумеснага пражыванне мужчыны і жанчыны без дзяржаўнай рэгістрацыі іх адносін органамі ЗАГС.

Па дадзеных агенцтва Eurofound, даследуе структуру хатніх гаспадарак у ЕС, доля пар, якія ніколі не складаліся ў афіцыйным шлюбе, але жывуць разам, стабільна павялічваецца ва ўсіх узроставых групах.

Але тлумачэнне аб тым, як абараніць маёмасць у такім выпадку давалі яшчэ ў 2021 годзе мінскія адвакаты. Прычына – пачасціліся выпадкі звароту да іх беларусаў, якія як раз такі былі ў “грамадзянскім” шлюбе.

Дакладную лічбу сужыццяў у Беларусі назваць немагчыма, паколькі афіцыйны бягучы ўлік такіх саюзаў у краіне не вядзецца. Па дадзеных экспертаў UNFPA (Фонду ААН у галіне народанасельніцтва) у Беларусі, кожнае 4-е ці 5-е дзіця ў краіне нараджаецца па-за афіцыйным шлюбам.

А вось гасцявы шлюб – гэта афіцыйна зарэгістраваны саюз, пры якім муж і жонка жывуць асобна адзін ад аднаго і вядуць раздзельны побыт. Палічыць дакладную колькасць гасцявых шлюбаў у Беларусі паводле афіцыйнай статыстыкі немагчыма. Ацаніць з’яву можна толькі ўскосна – напрыклад, пры перапісе насельніцтва або пры сацыялагічных апытаннях. У рамках афіцыйнай дзяржаўнай статыстыкі гасцявы шлюб у Беларусі ніколі мэтанакіравана не лічылі. Але гісторыі ў медыя перыядычна сустракаюцца – яшчэ з 2015 года.

У Еўрапейскай навуцы гэты феномен атрымаў афіцыйнае прызнанне і міжнародны тэрмін – lat-адносіны (ад англ. Living Apart Together – “якія жывуць разам, але паасобна”). У сярэднім па Еўропе каля 7-10% дарослага насельніцтва, які складаецца ў адносінах, практыкуюць фармат LAT.

Чаму гэтыя віды адносін не патрабуюць адказнасці – улады не тлумачаць і свой тэзіс не даказваюць.

Разводы

“В среднем первые браки регистрируются в возрасте 30–35 лет, при этом почти половина из них со временем все равно распадается“, – пішуць ідэолагі.

Узрост уступлення ў першы шлюб у Еўропе сапраўды вышэйшы, чым у Беларусі, і складае 30-37 гадоў, калі ў нашай краіне – 25-27 гадоў. Але ў Беларусі рэйтынг разводаў – каля 3.7 на 1000 жыхароў, калі ў еўрапейскіх краінах ён рэдка перавышае 2.0. Праўда, пары ў сужыцці пры расставанні не трапляюць у статыстыку разводаў.

Семья любовница
Ілюстрацыйнае фота Shutterstock

Чайлдфры і адзінота

“В Германии за последние 5 лет отмечается рост нетрадиционных семейных форм. Количество одиноких людей возрастает. Число женщин в ФРГ, которые не хотят иметь детей («childfree»), постоянно растет“, – сцвярджаюць ідэолагі.

Пад паняццем “нетрадыцыйныя сямейныя формы” хаваецца шырокі спіс характэрных і для Беларусі сем’яў. Гэта і сям’я з адным з бацькоў, сям’я без дзяцей, сужыццё, сем’і пасля разводаў, дзе выхоўваюць дзяцей ад мінулых шлюбаў. А таксама — аднаполая сям’я або сумеснае апякунства. Каля 43% беларускіх маці ў той ці іншай форме выхоўваюць дзяцей па-за зарэгістраваным шлюбам – гэта таксама лічыцца “нетрадыцыйнай формай”.

Так, у Германіі сапраўды новыя формы партнёрства набіраюць папулярнасць. Але, напрыклад, доля аднаполых шлюбаў складае каля 2,5% ад агульнай колькасці штогод заключаюцца шлюбаў у краіне.

Што тычыцца чайлдфры жанчын, то паказчык бяздзетнасці сярод жанчын, якія выйшлі з рэпрадуктыўнага ўзросту (45-49 гадоў), больш за 10 гадоў застаецца нязменным — на ўзроўні 20%. Статыстыка Destatis ўлічвае ўсіх жанчын без біялагічных дзяцей (уключаючы тых, хто не змог завесці іх па медыцынскіх прычынах або з-за адсутнасці партнёра). У Беларусі паказчык канчатковай бяздзетнасці (доля жанчын, якія не нарадзілі ніводнага дзіцяці да моманту выхаду з рэпрадуктыўнага ўзросту-45-49 гадоў) складае каля 8-10%.

Што тычыцца адзіноты, паводле афіцыйных дадзеных Федэральнага статыстычнага ведамства Германіі (Destatis за апошнія гады), у краіне ў адзіночку жывуць больш за 17,3 мільёна чалавек, гэта значыць, кожны пяты. У Нямеччыне гэты трэнд выяўлены мацней за ўсё ў Еўропе.

Паводле звестак апошніх перапісаў насельніцтва Белстата, доля хатніх гаспадарак, якія складаюцца з аднаго чалавека, у Беларусі наблізілася да 30-33% (рост практычна ў 1,5 разы за апошнія 20 гадоў). Гэта значыць, тут адзін жыве кожны трэці.

А наогул, адзіночнае пражыванне і адзінота — гэта агульнасусветны трэнд, які распаўсюджваецца на ўсе кантыненты, змяняючы пры гэтым эканоміку і сферу паслуг.

Чытайце таксама: Фемінізм і аборты ў Іспаніі. Як беларускія ўлады хлусяць бюджэтнікам пра Захад