У Гродне дзяўчына заказала таксі, каб з чамаданам дабрацца да аўтавакзала. Кіроўца прыехаў на іншы адрас – пасажырка зрабіла заўвагу, з-за чаго і ўспыхнуў канфлікт. Падрабязнасці гродзенка расказала ў Threads.
Па словах дзяўчыны, ёй трэба было даехаць да аўтавакзала. Каб не цягнуць цяжкі чамадан, гродзенка выклікала таксі на вуліцу Дзяржынскага, 40. Да таго ж, яна спяшалася. Кіроўца, знаходзячыся на паркоўцы па вуліцы Дзяржынскага, 32, паставіў «чаканне» – рэжым, пры якім па заканчэнні вызначанай колькасці хвілін у заказчыка пачынаюць спісвацца грошы з карты.
«Убачыўшы, што ён прыехаў не туды, я яму патэлефанавала і мы пачалі разбірацца. У выніку я яго знайшла, але зрабіла заўвагу, што так быць не павінна: я замовіла на адзін адрас, а вы прыехалі на іншы», – піша гараджанка.
Калі дзяўчына ўсё ж дабралася да машыны і папрасіла вадзіцеля адкрыць багажнік, успыхнуў канфлікт. Таксіст, па словах гарадзенкі, адмовіўся яе везці і сказаў выклікаць новую машыну.
«Яшчэ вучыць мяне такая задніца будзе, куды мне прыязджаць», – цытуе словы кіроўцы аўтарка паста.
Узаемныя абразы
Гродзенка ўмольвала таксіста адвезці яе на вакзал – грошай на карце заставалася ўсяго на адну паездку. Але, па словах дзяўчыны, той усё роўна адмовіў са словамі “каб яшчэ нейкая ўшывая задніца вучыла, як мне рабіць”.
Гараджанку гэта абразіла – яна ў грубай форме паслала кіроўцу. Той услед абазваў дзяўчыну “ш****й” і запэўніў, што яе “наогул ніхто не возьме”.
«Я ўся ў слязах ад крыўды і поўнай знявагі разумею, што за адмену заказу ў мяне спісаныя апошнія грошы, новае мне не па кішэні замовіць, і давядзецца ехаць на транспарце з шанцам спазніцца. Дзякуй богу, прыйшоў спазнены тралейбус, і я паспела сесці на маршрутку і паехаць дадому», – апісвае фінал гісторыі гродзенка.
“Такога стаўлення не можа быць у сферы абслугоўвання”
У канцы паста дзяўчына дадала, што пасля здарэння доўга не магла супакоіцца. Аўтарка адчувала сябе ўразліва “побач з барадатым дарослым мужыком”, які груба з ёй размаўляў.
Гродзенка заклікала “Яндекс.GO” дбайней правяраць супрацоўнікаў, каб тыя не псавалі імідж кампаніі.
«Такога стаўлення не можа быць ні да каго, асабліва ў сферы абслугоўвання, бо гэта праца з людзьмі», – рэзюмавала аўтарка.
Абяцалі разабрацца
Каментатары падтрымалі дзяўчыну і пачалі актыўна тэгаць кампанію. Акаўнт “Яндекс.GO” у Threads адрэагаваў на пост дзяўчыны. Яны папрасілі аўтарку даслаць ім у Instagram нумар тэлефона і спасылку на пост у Threads – паабяцалі абавязкова знайсці кіроўцу. Ёй ужо вярнулі грошы за паездку.
Чытайце таксама: Гродзенка распавяла, што яе сябру адмовілі ў шпіталізацыі ў БХМД. Адміністрацыя адрэагавала



