Беларусы за тыдзень сабралі 400 рублёў на цёплую будку для двух сабак з гродзенскага пункта часовага ўтрымання. Пра дапамогу папрасіла беларуска Кацярына ў Threads: Аліса і Атос баяцца людзей і спяць удваіх у старой будцы, якая развальваецца. Цяпер збор закрыты — новае ўцепленае ўкрыццё дзяўчына збіраецца адвезці ў Гродна.

Адна будка на дваіх

Некалькі дзён таму карыстальніца Threads Кацярына расказала пра двух бяздомных сабак, якім патрэбная дапамога перад халадамі. Жывёлы цяпер знаходзяцца ў пункце часовага ўтрымання «Спецаўтагаспадаркі».

Паводле яе слоў, Аліса не выходзіць з вальера. Абодва сабакі вельмі баяцца людзей, але спакойна пачуваюцца побач адно з адным.

«Людзей баяцца, а адно аднаго — не», — напісала дзяўчына.

Старая будка, у якой яны спяць удваіх, развальваецца. Таму для іх вельмі хацелі купіць вялікую ўцепленую — коштам 400 рублёў.

У выніку за тыдзень неабходную суму сабралі.

«Дзякуй кожнаму, хто дапамог — грашыма, рэпостам, добрым словам. Дзякуючы вам у іх будзе цяпло і месца, дзе схавацца ад холаду. Хутка адвязу будку ў Гродна і пакажу фота», — напісала яна.

Раней дзяўчына расказала, што дзякуючы дапамозе неабыякавых людзей Атос і Аліса атрымалі новыя ляжанкі.

Узімку гродзенцы ўжо ўцяплялі будкі ў САГ

У студзені 2026 года валанцёры некалькі дзён уцяплялі будкі ў гродзенскім пункце часовага ўтрымання жывёл. Працавалі ўжо ў мінусавое надвор’е — прыкладна па пяць гадзін на дзень. Мінулая зіма была халоднай — у некаторых рэгіёнах краіны тэмпература апускалася да мінус 27–29 градусаў.

Планавалі таксама пабудаваць новыя будкі для сабак, якія знаходзяцца ў пункце ўтрымання.

Што такое САГ

Сабакі знаходзяцца ў пункце часовага ўтрымання безнаглядных жывёл пры гродзенскай «Спецаўтагаспадарцы», скарочана — САГ. Гэта не прытулак: сюды трапляюць жывёлы, якіх адлавілі ў горадзе. Валанцёры дапамагаюць клапаціцца пра іх і шукаць ім гаспадароў.

Калі жывёлам доўга не ўдаецца знайсці гаспадароў, такіх сабак і катоў могуць усыпіць.