Пракуратура Гродзенскай вобласці прыйшла з праверкай у кафэ і рэстараны рэгіёну, якія знаходзяцца ў будынках-помніках архітэктуры. Згодна з законам, уладальнікі такіх бізнесаў павінны рабіць адлічэнні ў прэзідэнцкі фонд падтрымкі культуры і мастацтва. Але гэтае патрабаванне выконвалі не ўсе.

Пракуратура правярала установы ў Гродне, а таксама ў Карэліцкім, Лідскім і Навагрудскім раёнах.

У выніку выявілі, што два рэстараны аднаго прадпрымальніка прынеслі за 2025 год прыбытак больш за 672 тыс. руб. Закон абавязвае накіроўваць 5% прыбытку ў фонд прэзідэнта. Гэта значыць, кампанія павінна была заплаціць 33,6 тыс., але пералічыла ўсяго 2 тыс. руб.

У Міры прыватнае прадпрыемства за чатыры гады заплаціла толькі 4,2 ​​тыс. руб., хаця назапасіла доўг амаль у 54,5 тыс.

У Лідзе грыль-бар, размешчаны ў ахоўнай зоне гісторыка-культурнай каштоўнасці, увогуле не рабіў адлічэнняў. Толькі за мінулы год уладальнік запазычыў 5,4 тыс. руб.

Агульная сума доўгу склала 144 тыс. руб. – пракуратура перадала інфармацыю ў Гродзенскі аблвыканкам.


Указ аб адлічэнні грошай у фонд па падтрымцы культуры ўвялі яшчэ ў 2007 годзе. Беларускі бізнес павінен адлічваць 5% ад прыбытку, а замежныя прадпрыемствы – 25% ад прыбытку. У 2025 Мінкульт падрыхтаваў праект па змене ўжо існуючага заканадаўства — прапаноўвалася, каб градацыя памеру адлічэнняў залежала не ад памеру прыбытку, а ад плошчы аб’екта, яго катэгорыі і месцазнаходжання.

Гэта ўсхвалявала прадпрымальнікаў – яны меркавалі, што новая фармулёўка закона павялічыць памер узносаў.

Чытайце таксама: Два паверхі і восем устаноў: у Гродне завяршылі будаўніцтва гастракомплексу «Фудмол»