Пракуратура Гродна адправіла ў суд крымінальную справу, распачатую ў дачыненні да двух мужчын 37 і 38 гадоў. Гродзенцаў падазраюць у махлярстве ў асабліва буйным памеры – тыя прадавалі фіктыўныя пуцёўкі.

Падманулі 45 беларусаў па ўсёй краіне

З чэрвеня 2025 па люты 2026 у мэсэнджэрах і сацсетках мужчыны пераконвалі пакупнікоў аб неабходнасці папярэдняй аплаты за браніраванне тура. Пасля атрымання перадаплаты на свае рахункі гродзенцы часткова здымалі наяўныя грошы ў банкаматах горада.

У выніку мужчынам удалося атрымаць больш за 180 тыс. руб. Пацярпелымі прызналі 45 жыхароў з усіх абласцей краіны, а таксама Мінска. Узрост падманутых – ад 22 да 62 гадоў.

Гродзенцы цалкам прызналі віну, кампенсавалі ўрон і заплацілі даход, атрыманы злачынным шляхам. Справу разгледзіць суд. За махлярства ў асабліва буйным памеры мужчынам пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Адзін з махляроў – экс-партнёр гродзенскай бізнесвумэн

Аб затрыманні мужчын стала вядома ў лютым 2026. Тады ж аказалася, што адным з затрыманых быў экс-бойфрэнд бізнэсвумэн Кацярыны Карлацяну. Тады прадпрымальніца адзначыла, што “слепа давярала і проста кахала”.

Бізнесвумэн дадавала, што лепш бы тэлефон яе партнёра “хаваў перапіскі з іншымі жанчынамі”, а не, верагодна, махлярскія схемы.

Карлацяну адзначыла, што больш не мае нічога агульнага з мужчынам з 14 лютага. Іншым жанчынам – і сабе – яна раіць правяраць патэнцыйных партнёраў «па ўсіх інстанцыях і органам».

Чытайце таксама: Гродзенскі фатограф, які распавёў пра лудаманію, зноў просіць грошы ў доўг