Каля старога дома з’явіўся экскаватар або закінуты палац чарговую зіму стаіць без даху? З камяніцы ў гістарычным цэнтры сыплюцца цэглы? Лёс помнікаў вырашаюць чыноўнікі і ўласнікі, але любы грамадзянін таксама мае права ўмяшацца, каб абараніць спадчыну.

Звычайны чалавек можа паведаміць пра пагрозу, запатрабаваць праверкі і нават ініцыяваць наданне будынку ахоўнага статусу.

Hrodna.life разабраўся, як праверыць статус будынка, што пісаць у выканкам і калі звяртацца ў пракуратуру. Практыку прымянення законаў нам патлумачыў эксперт па спадчыне, які захаваў ананімнасць з прычын бяспекі. Яго галоўная парада — пачынаць загадзя: калі рабочыя ўжо разбіраюць сцены, часу на перапіску можа не застацца.

Змест артыкула
  1. Якія бываюць культурныя каштоўнасці і чаму чыноўнікі палюбілі нематэрыяльнае?
  2. Як праверыць, ці стары дом мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці?
  3. Хто на мясцовым узроўні павінен кантраляваць ахову спадчыны?
  4. Калі вельмі хочацца знесці: як стары дом даводзяць да стану руіны
  5. Ахоўныя зоны і «шараговая забудова»: што забаронена ў гістарычным цэнтры Гродна?
  6. А што, калі звярнуцца ў пракуратуру?
  7. Як уключыць будынак у спіс спадчыны?
  8. Куды звяртацца, калі на вашых вачах нішчаць спадчыну
  9. Што можна назваць неналежнай перабудовай аб’екта?
  10. Што ратаваць першым: якія самыя актуальныя праблемы са спадчынай зараз?
  11. Ці ёсць гісторыі, дзе людзі сапраўды ўратавалі помнік?
  12. Часам нават звароты і розгалас не дапамагаюць

Якія бываюць культурныя каштоўнасці і чаму чыноўнікі палюбілі нематэрыяльнае?

З чыноўнікам трэба размаўляць на іх мове, а яшчэ лепш – разумеючы іх логіку. Таму кожнаму, хто хоча змагацца за спадчыну, варта ўважліва пазнаёміцца з законамі.

Напрыклад, паняцце “помнік архітэктуры”, хоць і сустракаецца некалькі разоў у Кодэксе аб культуры, сёння ўжываецца хутчэй як нефармальны сінонім больш шырокага афіцыйнага паняцця “гісторыка-культурная каштоўнасць”. Каштоўнасць можа быць рухомая і нерухомая, матэрыяльная і нематэрыяльная.

Адказныя за ахову спадчыны ўстановы культуры ўзялі апошнім часам курс на актыўнае папаўненне спісу спадчыны нематэрыяльнымі аб’ектамі. Чаму – адказ просты.

“Нематэрыяльную каштоўнасць не трэба рэстаўраваць і ахоўваць, несці адказнасць за захаванне будынка перад грамадствам і пракуратурай. Унеслі ў спіс бульбяную бабку і адсправаздачыліся за выяўленне новай гісторыка-культурнай каштоўнасці”, – тлумачыць эксперт логіку адказных за захаванне спадчыны ў Беларусі.

Як праверыць, ці стары дом мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці?

Адсутнасць ахоўнай шыльды на фасадзе будынка не азначае, што дом ніяк не ахоўваецца законам. Шыльду маглі не ўсталяваць, зняць на час рамонту або наогул згубіць, яна магла проста адваліцца. Яе адсутнасць юрыдычна нічога не азначае.

Каб хутка праверыць аб’ект на месцы, скарыстайцеся адкрытымі анлайн-рэсурсамі:

Шукайце па населеным пункце, вуліцы і назве: аб’ект можа называцца не «стары дом», а «былая сядзіба», «флігель» або ўваходзіць у комплекс, быць часткай гістарычнага цэнтра, знаходзіцца на тэрыторыі іншай каштоўнасці або ў зоне яе аховы.

Гістарычны цэнтр Гродна, напрыклад, займае каля 300 гектараў і сам лічыцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Унутры гэтай тэрыторыі знаходзяцца сотні самых розных будынкаў. Адны маюць уласны ахоўны шыфр, другія ахоўваюцца як частка агульнай забудовы, трэція застаюцца амаль безабароннымі.

Ужо на гэтым этапе можа высветліцца галоўнае: перад вамі афіцыйны помнік, элемент гістарычнага ансамбля або проста стары дом, які закон не ахоўвае.

Калі гэта апошні выпадак, то вы самі можаце ініцыяваць наданне яму ахоўнага статуса: запішыце адрас (калі адрас незразумелы – захавайце кропку на карце) і сфатаграфуйце будынак. Далейшыя крокі мы тлумачым ніжэй у гэтым артыкуле.

Калі ж гэта ўжо афіцыйна прызнаны помнік і з ім, на ваш погляд, адбываецца нешта кепскае, то для такога выпадку мы таксама падрыхтавалі інструкцыю.

Савецкі спіс спадчыны быў лепшы за беларускі?

Сучасны афіцыйны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей складаўся ў 2005–2007 гадах на аснове савецкага “Збору помнікаў” 1980-х гадоў. Падчас перакладання баз многія аб’екты проста зніклі.

“Савецкі спіс быў даволі добрым, бо рабілі яго выдатныя беларускія даследчыкі. Новы беларускі спіс рабіўся “на каленях” і хутка. Там ёсць нейкія новыя аб’екты, але пра шматлікія аб’екты з савецкага спіса “забыліся”. Больш таго, ужо няма і фізічна многіх аб’ектаў з таго старога спіса – драўляныя корчмы, заезныя двары, сядзібы проста разбурыліся”, – тлумачыць эксперт.

Спіс спадчыны трэба пашыраць, але адбываецца наадварот

Сёння чыноўнікі прапануюць не пашыраць спіс, а выдаляць з яго каштоўнасці па прычыне іх моцнай разбуранасці ці нават адсутнасці – яны проста згарэлі ці іх знеслі шмат гадоў таму.

Гэта спараджае праблему закінутых руін. Мноства панскіх сядзібаў пасля Другой сусветнай вайны выкарыстоўваліся пад праўленні калгасаў, школы, фельчарска-акушэрскія пункты. У 1980-х – 1990-х гг. гэтыя ўстановы атрымалі новыя будынкі, а старыя сядзібы сталі нікому не патрэбнай нерухомасцю і неўзабаве пераўтварыліся ў руіны.

“Сёння гэтыя руіны разглядаюцца патэнцыйнымі пакупнікамі як перашкода для ўласнага будаўніцтва. Ранейшыя паны будавалі свае сядзібы ў прыгожых месцах. Калі старыя руіны са спісу выключыць, то мясціны гэтыя хутка раскупяць новыя паны. На жаль, гэта ізноў гісторыя пра грошы”, – ацэньвае эксперт.

Ахоўны статус часам не ратуе нават ад дажджу

У вёсцы Жамыслаўль Іўеўскага раёна стаіць палац Умястоўскіх. Велічны будынак нагадвае варшаўскі палац у Лазенках. У дзяржаўным спісе ён ёсць, на паперы ахоўваецца. Але калі ў 2012 годзе згарэў дах, палац гадамі не маглі абараніць нават ад дажджу. Уласнікі мяняліся, аб’ект вярнуўся дзяржаве, і толькі пры чарговым гаспадары асобныя будынкі комплексу пачалі аднаўляць, над палацам зрабілі часовае накрыццё.

Такіх гісторый у Беларусі шмат. Чым даўжэй стаіць руіна, тым даражэй каштуе яе вяртанне да жыцця. Статус помніка архітэктуры з аднаго боку быццам бы бароніць будынак, а з іншага моцна абмяжоўвае свабоду ўласніка зрабіць нешта з будынкам.

Хто на мясцовым узроўні павінен кантраляваць ахову спадчыны?

За ахову спадчыны на месцах адказваюць спецыялісты па ахове спадчыны пры структурах улады – рэдка дзе гэта чыноўнікі пры выканкамах, часцей за ўсё гэта нейкі работнік бібліятэкі ці мясцовага музея. На іх дапамогу разлічваць часцей за ўсё асабліва не прыходзіцца, асабліва ў раёнах.

“Людзі яны выпадковыя, гэтую работу выконваюць па сумяшчальніцтву і, што асабліва важна, напрамую падпарадкоўваюцца мясцовым уладам, якія зусім не зацікаўлены, каб папаўняць колькасць каштоўнасцей у сябе ў раёне, бо іх трэба ахоўваць, а на гэта трэба грошы, а грошы трэба на іншыя справы”, – тлумачыць сітуацыю на месцах эксперт.

Атрымліваецца, што мясцовая ўлада павінна ў справе аховы спадчыны кантраляваць сама сябе. Таму на практыцы раённы спецыяліст будзе адказваць на вашы запыты, бо гэтага патрабуе закон, але не кінецца радасна ўносіць у спіс спадчыны выяўлены вамі на раёне стары млын або помнік археалогіі. На абласным узроўні будзе падобна.

“Спецыяліст з аблвыканкама таксама падпарадкоўваецца свайму начальству, якое не захоча канфліктаваць з кіраўніцтвам райвыканкама з-за нейкай разваленай вінакурні – бо ім яшчэ разам раённы фестываль мачанкі арганізоўваць ды спевака Хабіба запрашаць, за што акурат раён і будзе плаціць”.

Калі вельмі хочацца знесці: як стары дом даводзяць да стану руіны

Нярэдка бывае так, што гісторыкі, краязнаўцы і грамадскія актывісты бачаць у будынку каштоўнасць, а мясцовыя ўлады – не. Часта лёс такіх дамоў складваецца паводле аднатыпнага сцэнарыя.

Спачатку высяляюць людзей. Потым некалькі гадоў дом не атапліваюць, ніхто не зачыняе разбітыя вокны. Халады і вільгаць нішчаць будынак. Нарэшце прыходзіць камісія і прызнае дом аварыйным.

Так Гродна губляў Новы Свет – раён драўляных і мураваных дамоў канца ХІХ – першай паловы ХХ стагоддзя. Яго асаблівасць хавалася ў цэлым асяроддзі: вузкіх вуліцах, садах, невялікіх вілах, старых дварах. Кожны асобны дом мог выглядаць сціпла. Разам яны стваралі месца, якога больш няма нідзе ў Беларусі.

Дом на рагу вуліц Валковіча і 17 Верасня пасля адсялення стаяў пусты больш за шэсць гадоў. Гісторыкі паспрабавалі дамагчыся для яго ахоўнага статусу. Гарадскія ўлады тлумачылі, што будынак быў аварыйным, моцна перабудаваным і быццам бы не меў дастатковай каштоўнасці. У снежні 2019 года будынак знеслі ранняй раніцай. Высветлілася, што дом знік нават без неадкладнай патрэбы нешта будаваць. Пасля зносу ўчастак стаіць пусты ўжо сёмы год.

Падобная гісторыя адбылася ў сакавіку 2026 года на вуліцы Асіпенкі. Драўляны дом 1930-х гадоў спрабавалі прадаць з аўкцыёну. Пакупнікоў не знайшлося і рэдкі для Беларусі ўзор міжваеннага драўлянага канструктывізму пайшоў пад коўш. Праз пару месяцаў гэтаксама знік дом на Чкалава. Драўляны дом на Міцкевіча выкупілі для рэканструкцыі, але фактычна таксама знеслі. Цягам адной вясны Гродна страціў тры цікавыя будынкі недалёка ад гістарычнага цэнтра.

Ахоўныя зоны і «шараговая забудова»: што забаронена ў гістарычным цэнтры Гродна?

У заканадаўстве пра ахову спадчыны ёсць паняцце гістарычнага цэнтра і шараговай забудовы ў яго межах. Гістарычныя цэнтры як комплексы ўнесены ў спіс каштоўнасцей у Мінску, Полацку, Гродне, Нясвіжы, Навагрудку і Пінску. Праўда, будынкі, якія знаходзяцца ў гістарычных цэнтрах гэтых гарадоў, але НЕ прапісаны асобна, лічацца шараговай забудовай. На іх ахоўныя абавязацельствы не распаўсюджваюцца: мінкульт быццам павінен іх ахоўваць, але фактычна перастаў патрабаваць для гэтых будынкаў наяўнасці навуковага кіраўніка і сур’ёзнага ўзгаднення праектаў рэстаўрацыі ці рэканструкцыі.

Застаюцца толькі высотныя абмежаванні – новая забудова або будынкі, якія рэканструююцца, не павінны быць вышэй за прылягаючыя будынкі, якія ўнесены ў спіс каштоўнасцей. Таксама забаронена парушаць гістарычную лінію забудовы і змяняць ландшафт.

Важна, што гістарычны цэнтр мае ахоўную зону па археалогіі. Будзь-якія земляныя працы без асабістай прысутнасці афіцыйнага археолага з’яўляюцца грубым парушэннем. Так сёлета здарылася ў час рыцця катлавана на Малой Траецкай: там будаўнікі адшукалі старыя могілкі і працы спыніліся, каб археолагі правялі даследаванні.

Чаму варта сачыць за грамадскімі абмеркаваннямі ў вашым горадзе

Старая забудова жыве ў пэўным маштабе, існуе разам з вуліцай, суседнімі дамамі, зялёнымі зонамі. Вуліца мае сваю лінію і рытм. Адзін вялікі жылы комплекс здольны ўсё змяніць. 

Такое пытанне паўстае ў гродзенскім Новым Свеце. Тут захаваліся невялікія дамы і старая сетка вуліц. Калі кожны праект навабуда тут разглядаць асобна, то ён можа выглядаць прымальным. Маўляў, калі дадаць лішні паверх, то нічога катастрафічнага не здарыцца. Але калі такія змены ўзнікаюць адна за адной, то губляецца складзены ансамбль забудовы. І праз дзесяць такіх рашэнняў ад раёна застанецца некалькі старых дамоў паміж новабудоўлямі.

Таму трэба сачыць за грамадскімі абмеркаваннямі новай забудовы ў гістарычных частках горада. На іх часта выносяць прыгожыя візуалізацыі: сонечны дзень, маладыя дрэвы, людзі на лаўках. Па іх цяжка зразумець, што адбудзецца з вуліцай у выніку. Глядзець трэба на чарцяжы: якой будзе вышыня будынка, колькі месца зойме паркоўка, якія дрэвы высякуць і што пойдзе пад знос.

Чытайце таксама: Пяць слоў, якія вырашылі лёс, або чаму неабходна хадзіць на грамадскія абмеркаванні, каб захаваць Гродна

У такім выпадку заўвагі трэба фармуляваць дакладна: прапанаваць знізіць паверхавасць, захаваць стары дом, адсунуць новы корпус ад вуліцы або пакінуць шэраг дарослых дрэў. У Гродне былі выпадкі, калі грамадскія абмеркаванні сапраўды паўплывалі на будучы будаўнічы праект. Самы вядомы выпадак – перабудова Дома Быту бізнесменам Сямашкам.

А што, калі звярнуцца ў пракуратуру?

Перыядычна пракуратура, як надзорны орган па спадчыне, вывучае, як захоўваюцца нерухомыя гісторыка-культурныя каштоўнасці, і дасылае свае прадстаўленні ў аблвыканкамы. Ці гэта значыць, што пракуроры – нашыя саюзнікі ў захаванні спадчыны?

Фармальна так, але ў практыцы гэта можа прывесці да адваротнага. Пракуратура будзе займацца аб’ектам толькі калі ён уключаны ў спіс каштоўнасцей. Калі старога будынка ў спісе няма, то сітуацыя для яго толькі пагоршыцца. Згодна з указам “Аб навядзенні парадку на зямлі” ад лістапада 2021 г. бясхозны будынак (няважна, якім каштоўным ён нам падаецца) павінен быць добраўпарадкаваны. А гэта часцей за ўсё азначае знос.

Сілавыя структуры рэагуюць на звароты па законнасці і мэтазгоднасці рэканструкцыі тых ці іншых аб’ектаў па-рознаму – у залежнасці ад уласніка аб’екта, лічыць эксперт.

“Калі гэта прыватны ўласнік, то пракуратура вельмі сур’ёзна падыдзе да пытання замены старых драўляных дзвярэй на пластыкавыя. А калі ў храме памянялі аўтэнтычны чорны купал на залацістую цыбуліну – ваш зварот не будзе мець эфекту, і дакументы ўсе будуць аформленыя як трэба ў Мінкульце. Нават калі і заднім чыслом”.

Нягледзячы на гэта, паспрабаваць выратаваць помнік праз пракуратуру можна. У такім выпадку лепш перадаць у орган усю гісторыю пытання (калі яна назапасілася): першы зварот, адказ выканкама, свежыя фатаграфіі, звесткі пра ўласніка. Тады бачна, як доўга цягнецца сітуацыя і якія органы ўжо мелі магчымасць на яе адрэагаваць.

Як уключыць будынак у спіс спадчыны?

Калі цікавы вам аб’ект – храм, стары маёнтак, аб’ект археалогіі – адсутнічае ў спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей, то вы самі можаце падрыхтаваць заяўку на наданне яму гэтага статусу. Заяўка павінна складацца з адраса аб’екта, яго лакалізацыі, падрабязнага апісання, гісторыі і абавязковага абгрунтавання, якія вартасці мае гэты аб’ект, каб яго ўключыць у спіс каштоўнасцей.

Парадак і крытэрыі надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці рэгулюе Артыкул 92 Кодэкса аб культуры. Такі статус можа быць нададзены культурным каштоўнасцям, якія маюць адметныя духоўныя, мастацкія і (або) дакументальныя вартасці і адпавядаюць мінімум аднаму з наступных крытэрыяў:

  • мае выразную значнасць з пункту гледжання гісторыі, археалогіі, архітэктуры, горадабудаўніцтва, мастацтва, навукі і тэхнікі, антрапалогіі;
  • увасабляе ў сабе рэдкую або ўнікальную прыкмету культурнай спадчыны;
  • мае непасрэдную сувязь з жыццём і дзейнасцю знакамітых асоб, якія пакінулі значны след у гісторыі, або з важнымі гістарычнымі падзеямі;
  • захаваў сваю першапачатковую форму.

Вось па гэтых крытэрыях вы павінны рыхтаваць сваю заяўку. Баяцца не трэба, цяпер дастаткова мастацтвазнаўчай і краязнаўчай літаратуры, каб напісаць добрую заяўку самому. Дасылаць яе трэба ў аблвыканкам у савет па ахове спадчыны і адразу ў Міністэрства культуры. Яны самі вырашыць, хто і як будзе разглядаць ваш запыт.

Чытайце падрабязную інструкцыю: як надаць аб’екту статус гісторыка-культурнай каштоўнасці

Адказ на ваш запыт вам даслаць абавязаныя. Калі раптам адмовяць – пішыце і абгрунтоўвайце вышэй: у Мінкульт, у савет міністраў і нават Адміністрацыю прэзідэнта.

Што, калі ў будынка ёсць уласнік? Яго “за” ці “супраць” паўплывае на заяўку?

Калі вы пераканаеце ўласніка аб’екта, каб ён падтрымаў вашую заяўку, гэта цудоўна – яго меркаванне прымаецца пад увагу. Але яно не вырашальнае і не гарантуе поспеху.

А вось нежаданне ўласніка ўключаць аб’ект у спіс спадчыны не можа быць прычынай адмовы. Гэтаксама чыноўнікі не могуць абгрунтаваць адмову дрэнным станам помніка. Гэта парушэнне заканадаўства.

“Ключавую ролю тут адыгрывае настойлівасць, ветлівае і максімальна аргументаванае выкладанне вамі аргументаў перад многімі інстанцыямі. Скажу яшчэ раз: працэдуру ўнясення аб’екта ў спіс помнікаў трэба пачынаць не тады, калі яго ўжо зносяць, а пры першай наяўнай у вас магчымасці”, – дадае эксперт.

Чаму ў прынцыпе ўласнік можа быць незацікаўлены ва ўключэнні будынка ў спіс спадчыны? Усё проста: уласнік звычайнага дома можа выбіраць любы колер сцен і мяняць вокны на свой густ, а ў выпадку помніка архітэктуры ўступаюць у сілу ахоўныя абавязацельствы. Гаспадар, напрыклад, не можа паводле ўласнага рашэння прабіць новы ўваход, надбудаваць паверх ці зашыць фасад уцяпляльнікам.

Па той жа прычыне людзі не могуць проста самі ўзяцца за прывядзенне помніка ў парадак. Такі суботнік, нават з добрымі намерамі, можа скончыцца ненаўмысным псаваннем помніка. Таму фармальна тут беларускае заканадаўства строгае: любыя будаўнічыя і рэстаўрацыйныя работы павінны праходзіць са згоды ўласніка, паводле праекта і з патрэбнымі ўзгадненнямі, ніякай самадзейнасці.

Куды звяртацца, калі на вашых вачах нішчаць спадчыну

Што рабіць калі вы ўбачылі нейкі аб’ект, які рамантуецца, як вам падаецца, няправільна і які, вы праверылі, ёсць у спісе гісторыка-культурных каштоўнасцяў?

На будынку або на будаўнічай агароджы павінен быць пашпарт будоўлі з базавай інфармацыяй – хто ўласнік, хто вядзе рамонт, што адбываецца з будынкам. Адсутнасць пашпарта – ужо нагода для спынення прац.

Першы да каго трэба звяртацца па тлумачэнні – гэта мясцовы, раённы або гарадскі, спецыяліст па ахове спадчыны. Да яго можна непасрэдна званіць і прасіць тлумачэнні. Калі ён маўчыць, недаступны або калі вас проста не задавальняе яго пазіцыя – можна адразу звяртацца ў пракуратуру. Яна, як надзорны орган, афіцыйна звернецца ў выканкам.

Любы будынак, які ўнесены ў спіс каштоўнасцей, можна капітальна рамантаваць толькі пры наяўнасці праекта, які распрацаваны з удзелам навуковага кіраўніка-архітэктара і ўзгоднены з Міністэрствам культуры. Гэтыя дакументы павінен мець спецыяліст па ахове спадчыны на месцы і павінен вам іх паказаць.

“На практыцы спыніць знос аб’екта часцей за ўсё немагчыма. Тыя, хто зносяць, звычайна маюць на руках акты разнастайных экспертыз і дазволы. Беларусь сёння такая краіна, дзе мала што робіцца з фармальным парушэннем заканадаўства; іншая справа, як гэта заканадаўства трактуецца і выкарыстоўваецца”, – кажа эксперт.

Але калі вы скардзіцеся на нейкую выразна дзіўную перабудову або неналежны стан аб’екта, то ваш зварот можа быць эфектыўным. Калі ён не будзе ісці насуперак чыімсьці інтарэсам.

Што можна назваць неналежнай перабудовай аб’екта?

Устаноўку пластыкавых вокнаў у гістарычны будынак сёння наўрад ці палічаць неналежнай перабудовай. Улады такое часцей за ўсё ўзгадняюць. Хаця, калі шклопакеты надта выбіваюцца з агульнага віду дома, то можна звярнуцца з просьбай аб праверцы.

А вось замена драўляных разных дзвярэй металічнымі або пластыкавымі, або пераробка балкона з каванага на звычайны зварны – гэта ўжо працэдура, якая выразна змяняе знешні выгляд будынка. Тое самае можна сказаць і пра замену керамічнай дахоўкі металадахоўкай. Надбудова паверха або пашырэнне будынка ў нейкі бок – гэта адназначна істотная перабудова, якая патрабуе ўзгаднення.

Тут можна звяртацца ў выканкам па тлумачэнні. Зафіксуйце ўсё на фота і відэа, запішыце звесткі з пашпарта будоўлі і званіце спецыялісту па ахове спадчыны. Пісьмовы зварот можа разглядацца занадта доўга, таму яго, пры патрэбе, рабіце пасля званка. Накіраваць яго можна не толькі ў мясцовы выканкам, але яшчэ і ў Міністэрства культуры і пракуратуру. Патрабаванне павінна быць простае: праверыць законнасць работ і прыпыніць іх да высвятлення абставін.

Захоўвайце адказы: калі пісаць звароты сістэмна, то з часам можа скласціся цікавая карціна: хто ведаў пра перабудову або аварыйны стан, што абяцаў зрабіць і ці зрабіў хоць штосьці.

Што ратаваць першым: якія самыя актуальныя праблемы са спадчынай зараз?

Заканадаўства аб ахове спадчыны ў вобласці рамонту будынкаў цяпер збольшага выконваецца, лічыць эксперт. Праблема ў адсутнасці масы аб’ектаў у спісе каштоўнасцей і ў тым, што многія аб’екты са спіса працягваюць разбурацца. На апошняе трэба звяртаць увагу ўлады, а спіс трэба спрабаваць пастаянна папаўняць.

“Актыўнасць грамадства ў гэтым напрамку вельмі нізкая, а дарма. Калі нават адзін з дзесяці прапанавых вамі аб’ектаў трапіць у спіс – вы ўжо пакінулі спадчыну нашчадкам. Будынак са спісу не знясуць, а хаця б некалі зоймуцца яго аднаўленнем”, – заклікае эксперт.

Ці ёсць гісторыі, дзе людзі сапраўды ўратавалі помнік?

У гродзенскім Новым Свеце пасля пратэстаў гараджан ацалелі два драўляныя дамы на вуліцы Міцкевіча. Адзін з іх ведаюць як «Дом з цмокамі» за выразаныя на ліштвах фігуры. Будынкі купіў прыватны ўласнік і заняўся іх прыстасаваннем. Спецыялісты спрачаюцца пра замену часткі старых дэталяў і не зусім дакладнае іх аднаўленне, аднак самі дамы пазбеглі зносу. Іх выратавала публічнасць і паслядоўнае агучванне праблемы ў медыях.

У ратаванні спадчыны поспех найчасцей выглядае больш сціпла: дах перастаў цячы, вокны забілі ад дажджу, знос адклалі, праект адправілі на дапрацоўку. Для старога будынка нават адзін дадатковы год можа стаць шанцам дачакацца гаспадара, грошай і сапраўднага вяртання да жыцця.

Часам нават звароты і розгалас не дапамагаюць

Ёсць гісторыі, дзе ўсе звароты аказваюцца бяссільнымі. Самы вядомы гродзенскі прыклад, якому ўжо 20 гадоў – знакаміты «Гарачы хлеб». Гэта быў адзін з найбольш прыкметных будынкаў Новага Свету на рагу вуліц Горкага і 17 Верасня. У 2006 годзе, калі стала вядома пра знос, гродзенцы сабралі каля 500 подпісаў з просьбай захаваць дом. Петыцыю прымацавалі проста да аконных шыб. Раніцай 6 кастрычніка 2006 года, літаральна за хвіліны да знішчэння, людзі яшчэ працягвалі падпісвацца. Калі пачаўся знос, аркушы сарвалі са шкла і кінулі на зямлю.

Чытайце таксама: Хроніка квартала, які знікае. Як гродзенскі Новы Свет ужо 20 гадоў губляе сваю ўнікальную драўляную гісторыю

Амаль два дзесяцігоддзі на гэтым месцы заставаўся пустыр. «Гарачы хлеб» стаў для Гродна сімвалам асабліва бессэнсоўнай страты: будынак знішчылі, грамадскасць не пачулі, ніякай карыснай для горада мэты праз знос не ажыццявілі.

Нават прафесійна сабраныя матэрыялы, запушчаныя афіцыйныя працэдуру і масавыя звароты да чыноўнікаў не даюць ніякіх гарантый. Затое пасля застаюцца дакументы, паводле якіх можна аднавіць, хто ведаў пра пагрозу, хто прымаў рашэнне і чаму горад усё ж страціў будынак.


Як звычайнаму чалавеку законна абараніць гістарычны дом. Пакрокавая інструкцыя

Калі вы бачыце, што дом разбураецца ці яго неналежна рамантуюць:

  1. Праверце наяўнасць пашпарта аб’екта на агароджы. Яго адсутнасць — ужо нагода для спынення прац.
  2. Сфатаграфуйце сам будынак, пашкоджанні, будаўнічую тэхніку (з нумарамі).

Калі вы падазраяце парушэнні ці бачыце аварыйны стан — звяртайцеся ў мясцовы выканкам:

  1. Тэлефануйце мясцоваму спецыялісту па ахове спадчыны.
  2. Калі ён маўчыць — звяртайцеся пісьмова ў Міністэрства культуры і пракуратуру. Патрабуйце правесці выязную праверку і прыпыніць працы.
  3. У звароце задавайце канкрэтныя пытанні: ці ўзгодненыя працы? калі будынак апошні раз абследавалі? як уласнік выконвае ахоўнае абавязацельства?

Калі цікавы вам будынак не знайшоўся ў спісе спадчыны, то не чакайце, пакуль прыедзе экскаватар. Любы грамадзянін мае права прапанаваць унесці будынак у Дзяржаўны спіс спадчыны.

Збярыце звесткі пра гісторыю дома, архітэктуру, жыхароў. Падайце матэрыялы ў аблвыканкам і Міністэрства культуры.

Калі вам адмовяць са спасылкай на дрэнны стан будынка ці нежаданне ўласніка — абскарджвайце гэта, бо такія прычыны парушаюць заканадаўства.