Ператварэнне вуліц у рэкі пасля моцных дажджоў — хранічная інфраструктурная праблема Гродна. Паўгадзіны інтэнсіўнага дажджу — і сацсеткі запаўняюцца кадрамі машын, што плывуць у вадзе, захраслых тралейбусаў і гараджан, якія пераходзяць вуліцы па калена ў вадзе. Чаму інжынерныя сеткі абласнога цэнтра не спраўляюцца з капрызамі надвор’я?
У камунальных службах галоўным віноўнікам праблем традыцыйна называюць экстрэмальнае надвор’е. Сапраўды, калі за кароткі час выпадае траціна месячнай нормы, любая сістэма адчувае стрэс. Аднак ёсць і іншыя прычыны.
Як рэльеф уплывае на патопы
Гродна размешчаны на яскрава выяўленых узгорках, прарэзаных далінамі Нёмана і больш дробных рэк — Гараднічанкі і Юрысдыкі. Перапад вышынь паміж верхнімі кропкамі горада і нізінамі даволі рэзкі. Вада фізічна менш затрымліваецца на ўзвышшах і сцякае ўніз.
Гісторыя паказвае, што прыродны рэльеф горада заўсёды патрабаваў асаблівай увагі. Менавіта асаблівасці ландшафту сталі адной з прычын вялікага патопу на Нёмане ў красавіку 1958 года. Тады з-за рэзкай адлігі рака паднялася на рэкордныя 8 метраў, затапіўшы піўзавод і набярэжныя, а звязаная з ёй Гараднічанка выйшла з берагоў так, што ад суседніх дамоў засталіся бачныя толькі коміны.
За апошнія дзесяцігоддзі плошчы адкрытага грунту і зялёных зон у Гродне істотна скараціліся. Жылыя комплексы, вялізныя паркоўкі гандлёвых цэнтраў, новыя дарогі са шчыльным пакрыццём, перабудаваная 20 гадоў таму Савецкая плошча — усё гэта пазбаўляе ваду магчымасці натуральна сысці ў зямлю. І яна накопліваецца на паверхні або заліваецца ў падвалы.
Чаму ліўнёўкі здаюцца без бою? І пры чым тут паўсюдны бетон і асфальт
Вялікая частка ліўневых калектараў у цэнтры Гродна праектавалася паводле савецкіх будаўнічых нормаў 1960-1970-х гадоў. У тыя часы інжынеры разлічвалі сячэнне труб зыходзячы з зусім іншых аб’ёмаў шчыльнай забудовы і кліматычных дадзеных. Сёння ўмовы змяніліся: дажджы сталі больш «залпавымі». Дыяметру старых труб фізічна не хапае, каб прыняць каласальны аднамомантны аб’ём вады.
З пункту гледжання інжынерыі, праблема хаваецца ў кардынальным змяненні каэфіцыента паверхневага сцёку. Гэты паказчык вызначае, якая доля ападкаў трапляе ў каналізацыю, а якая сыходзіць у грунт. Для гарадскіх зялёных зон ён мінімальны, а вось для суцэльнага асфальту і тратуарнай пліткі набліжаецца да крытычных 0,9 — гэта азначае, што 90% вады імгненна апынаецца на дарозе.
Савецкія СНіПы (будаўнічыя нормы і правілы) дапускалі кароткачасовае падтапленне вуліц падчас экстрэмальных ліўняў, але яны былі разлічаны на тое, што частку ўдару прыме на сябе адкрытая зямля. Цяпер, калі прыродных «губак» у цэнтры горада амаль не застаецца, нават ідэальна вычышчаная сістэма сутыкаецца з гідраўлічнай перагрузкай: вада прыбывае ў разы хутчэй, чым калектар здольны прапусціць яе самацёкам.
Інфраструктурны тупік не ўнікальны для Гродна
З падобнымі праблемамі сутыкаюцца многія буйныя гарады з савецкай спадчынай. У Мінску падчас летніх залпавых ліўняў раён Нямігі таксама ператвараецца ў плавальную зону. Там прапускная здольнасць старога калектара «Цэнтр» даўно вычарпала свой рэсурс. Каб вырашыць праблему, у Мінску даводзіцца будаваць новыя падземныя артэрыі велізарнага дыяметру, накшталт калектараў «Няміга» ці «Паўднёва-Заходні». Аднак такія праекты патрабуюць вялікіх бюджэтаў і доўгіх маштабных раскопак.
На што ідуць грошы ў Гродне замест барацьбы з затапленнямі
Але, як звяртае ўвагу “Салідарнасць”, у мясцовых уладаў, відаць, іншыя прыярытэты. За апошнія два гады стараннямі кіраўніка вобласці Юрыя Караева ў горадзе выдаткоўвалі грошы на рэканструкцыі «штурму Рэйхстага» і фарсіравання Нёмана.
На гарадскім жа ўзроўні “Зелянбуд” штогод выдаткоўвае сродкі на не самыя эканомныя віды азелянення: кветкі-адналетнікі, аркі і агароджы з кветкамі і сістэмай паліву, кветкавыя “скульптуры” сумнеўнай эстэтычнай якасці. А старшыня гарвыканкама Андрэй Хмель такія бюджэтныя траты толькі ўхваляе.
Немалыя абласныя сродкі ідуць і на мілітарызацыю дзяцей і моладзі пад відам быццам бы патрыятычнага выхавання.
Зразумела, што рамонт ці мадэрнізацыя ліўневай каналізацыі каштуе значна даражэй. Але выглядае на тое, што пра такія інфраструктурныя змены ў выканкамах пакуль не задумваюцца і надалей хочуць рэагаваць на знішчэнні, а не папярэджваць іх.



