На вуліцы Белуша ў Гродне высадзілі кветкавы дыван з петуній і аксамітак. А суседні Беласток працягвае высяваць у горадзе лугавыя травы. Журналісты Hrodna.life разам з эколагамі разбіраюцца, якое азеляненне карысна для гараджан і гарадской прасторы.


Галоўнае ў гэтым тэксце

  • Гродна плануе высадзіць 2 млн кветак да святкавання 900-годдзя, але гэта не спрыяе біяразнастайнасці.
  • Пры гэтым разнатраўныя клумбы патрабуюць менш высілкаў і карысныя для экалогіі.
  • Абмежаваная разнастайнасць раслін шкодзіць экасістэме горада.
  • Гарадам патрэбна не толькі прыгажосць, але і ўстойлівая зялёная інфраструктура.
  • Прыродныя рашэнні па азеляненню павінны стаць прыярытэтам для гарадскіх уладаў.

Традыцыі ландшафтнага мастацтва ці марнаванне бюджэту? 

Гродна працягвае трымацца “правераных часам традыцый ландшафтнага мастацтва” такімі словамі дыктарка Гродзенскага тэлебачання пачала аповед пра сёлетнюю пасадку 1,3 млн кветак. Перападзе не толькі цэнтральным часткам горада. Спальнікам, кшталту Грандзічаў і Альшанкі, таксама дастанецца.

З кожным годам колькасць кветак у горадзе павялічваецца. Летась іх было 1,1 млн, а ў 2028 годзе да святкаванне 900-годдзя горада Гродна мае планы высадзіць 2 млн кветак. На гэта выдаткоўваецца гарадскі бюджэт і высілкі супрацоўнікаў. Але тое, што выглядае прыгожа, не заўсёды карысна. 

Эколаг Яўген(імя зменена) тлумачыць: “Звычайныя кветкавыя клумбы створаны ў дэкаратыўных мэтах. Яны не забяспечваюць устойлівасць гарадскіх экасістэм і амаль не ўплываюць на стварэнне спрыяльных мікракліматычных умоў. Да таго, такія клумбы патрабуюць пастаяннага догляду, што робіць іх яшчэ і нятанным рашэннем”.

Гэта не значыць, што ад кветкавых клумбаў трэба адмовіцца цалкам. Але варта саджаць іх там, дзе гэта дарэчы: побач з палацамі, тэатрамі, адміністратыўнымі будынкамі. У іншых месцах можа быць карысны іншы тып азелянення. Ён пакуль не прыйшоў у Гродна, але актыўна выкарыстоўваецца ў нашых суседзяў.

Разнатраўныя клумбы: менш высілкаў і карысць для людзей і прыроды

Эколагі разглядаюць гарадское азеляненне не толькі з боку прыгажосці. Эколаг і эксперт альянсу “Зялёная Беларусь” Ірына Маркевіч нагадвае, што горад — гэта штучная экасістэма. Тут разнастайнасць усяго жывога значна меншая, чым у лесе. Менш відаў раслін, птушак, кузурак, маленькіх жывёл. 

Біяразнастайнасць стварае страхоўку для клумбы. Калі адны расліны пакутуюць ад засухі або хвароб, іншыя працягваюць расці. Яна таксама дапамагае стрымліваць шкоднікаў. Божыя кароўкі палююць на тлю, таму ёй складаней захапіць усю клумбу. Карані розных раслін пранікаюць на розную глыбіню і дапамагаюць глебе лепш убіраць ваду. А густая зеляніна затрымлівае вільгаць і астуджвае паветра ў спёку. 

Павысіць біяразнастайнасць можна шляхам высадкі мясцовых відаў раслін. Выгады ад такога тыпу азелянення атрымаюць і людзі і прырода. 

Звычайныя клумбы трэба даглядаць увесь год: палоць, паліваць, замяняць адналетнікі. А клумба з разнатраўем сама сябе даглядае і патрабуе менш чалавечых высілкаў. Для прыроды такія пасадкі таксама карысныя. 

“Разнатраўныя клумбы, асабліва злакі, прыцягваюць да сябе іншыя віды фаўны. Чым больш мы будзем ствараць у горадзе месц, прыбліжаных да натуральных, тым больш гэтыя месцы будуць прыцягваць птушак, насякомых, дробных жывёл. І наша гарадская экасістэма стане больш збалансаванай”, — кажа Ірына. 

“Прырода не любіць пустаты”: як монагазоны шкодзяць гораду

Пакуль у Гродне рыхтуюцца да 2 млн кветак, у Беластоку робяць стаўку на лугавыя травы. 

У Беластоку павялічваюць колькасць гарадскіх пасадак з лугавымі кветкамі. З 2019 года іх плошча ўзрасла больш чым удвая і ў 2025 годзе склала 43 га. Гэта прыкладна як два Каложскія паркі. Такі луг квітнее з пачатку красавіка і да сярэдзіны лістапада.

Польская экспертка ў сферы гарадской экалогіі Ёанна Райс (Joanna Rayss) лічыць, што гарадам патрэбныя не толькі прыгожыя кветкі і дрэвы. Ім патрэбны кветкавыя лугі, зараснікі цярноўніку і глогу, прывабныя клумбы са шматгадовікамі і біяразнастайныя газоны. 

Гарады самі ствараюць праблемы, калі высаджваюць абмежаваную колькасць відаў зеляніны. Прырода не любіць пустаты. Калі на газоне становіцца менш відаў раслін, разнастайнасць відаў насякомых таксама памяншаецца. Але іх месца не застаецца пустым. Яго займаюць мухі, камары і кляшчы. Таму варта глядзець у бок біяразнастайнасці ў азеляненні горада. 

“Біяразнастайнасць прыводзіць да таго, што пры той жа колькасці насякомых, тых, якіх мы не любім, будзе значна менш, бо ёмістасць гэтага газоннага асяроддзя не змяняецца”, — падкрэслівае Ёанна. 

Экспертка адзначае толькі адну праблему: карысная для горада зеляніна не заўжды выглядае элегантна.

“Парадаксальна, але мы ў гарадах гатовыя мірыцца з найгоршай рэкламай, электрашчытамі і неахайным пакрыццём ходнікаў, але зеляніна і клумба, якая не адпавядае нашым густам, становяцца для нас найбольшай праблемай”, — кажа Ёанна. 

Зялёная інфраструктура павінна быць прыярытэтам для гарадскіх уладаў

Магчыма, Гродна сапраўды сустрэне 900-годзе ў кароне з 2 мільёнаў петуній і аксамітак, высаджаных роўнымі шэрагамі. Але эколагі раяць падыходзіць да азелянення больш асэнсавана. Яўген дадае, што ў час, калі са зменай клімату нашы гарады ўсе часцей трываюць ад хваль спякоты, развіццё зялёнай інфраструктуры павінна стаць адной з галоўных задач гарадскіх уладаў.