Да 17 верасня — так званага Дня народнага адзінства — дзяржаўныя СМІ выпусцілі ў сацсетках дзясяткі публікацый. Hrodna.life паглядзеў, які вобраз падзей 1939 года яны ствараюць у Threads, і параўнаў яго з каментарамі чытачоў і ўспамінамі відавочцаў.

Памяць пра тую эпоху захавалася вельмі розная. У ёй ёсць месца паланізацыі і дыскрымінацыі, беднасці і працы ў «паноў», уласным дамам і сямейным бізнесам, польскім і беларускім школам, сустрэчы Чырвонай арміі з кветкамі і наступным савецкім рэпрэсіям.

Ад «адзінства» да «этнацыду»

Публікацыі да Дня народнага адзінства пачалі з’яўляцца ў Threads ужо ў першых чыслах верасня. Пад імі паўтараюцца хэштэгі #17верасня, #МЫедины, #адзіннарод, #РАЗАМ.

Раённыя і рэспубліканскія СМІ публікуюць меркаванні жыхароў пра свята, успаміны пра жыццё да 1939 года, створаныя з дапамогай ШІ гістарычныя ролікі і тэматычныя карцінкі.

Некаторыя рэдакцыі запусцілі ўласныя акцыі. Напрыклад, тэлерадыёкампанія «Гродна» прапанавала жыхарам вобласці запісваць відэа пра тое, што для іх азначае адзінства.

Але значная частка публікацый прысвечана гісторыі. Жыццё беларусаў у міжваеннай Польшчы апісваюць праз паланізацыю, скарачэнне колькасці беларускіх школ, беднасць, зямельнае пытанне і палітычныя рэпрэсіі. Усё часцей для характарыстыкі польскай палітыкі выкарыстоўваецца слова «этнацыд».

Яшчэ ў канцы жніўня «СБ. Беларусь сегодня» выпусціла матэрыял з гісторыкам Ігарам Марзалюком пад загалоўкам «Это был настоящий этноцид». 10 верасня кандыдат гістарычных навук Васіль Табуноў таксама назваў становішча беларусаў у міжваеннай Польшчы «этнацыдам», які «разрушает самое главное — душу народа». Да яго праяў ён аднёс скарачэнне беларускіх школ, становішча беларускай мовы і абмежаванне правоў беларусаў.

Праўда, ніхто з праўладных аўтараў не заўважае, што становішча беларускай мовы пагаршалася і на працягу наступных дзесяцігоддзяў у СССР, і ў незалежнай Беларусі пасля прыходу да ўлады Лукашэнкі, які ўзяў курс на выкараненне беларускай мовы з большасці сфер жыцця, а перадусім з адукацыі.

Калі з’явіўся «этнацыд беларусаў»

Выраз «этнацыд беларусаў» у сучаснай дзяржаўнай гістарычнай палітыцы з’явіўся параўнальна нядаўна. У студзені 2022 года Аляксандр Лукашэнка прапанаваў называць перыяд Рэчы Паспалітай «акупацыяй беларускай зямлі палякамі» і «этнацыдам беларусаў». Тады гаворка ішла пра XVI–XVIII стагоддзі. Пазней тэрмін сталі ўжываць і ў дачыненні да гісторыі Заходняй Беларусі ў складзе Другой Рэчы Паспалітай у 1921–1939 гадах.

Сам Дзень народнага адзінства з’явіўся ў Беларусі ў 2021 годзе. Датай свята выбралі 17 верасня — дзень пачатку ўступлення Чырвонай арміі на тэрыторыю Польшчы ў 1939 годзе ў выніку таемнай змовы Сталіна з Гітлерам. На афіцыйным сайце Лукашэнкі гэтую падзею называюць «актам гістарычнай справядлівасці».

17 верасня з сыру, трактароў і зуброў

Для публікацый да Дня народнага адзінства дзяржаўныя СМІ сёлета актыўна выкарыстоўваюць генератыўную графіку. Лічбу 17 складаюць з сыроў і малочных прадуктаў, размаляваных яек, трактароў і нават зуброў.

На іншых выявах з’яўляюцца карта Беларусі, поціск рук, голуб, каласы і васількі, Мірскі замак і сучасны Мінск. Ёсць карцінкі, дзе сучаснасць непасрэдна спалучаюць з 1939 годам: над Мінскам з’яўляюцца савецкая кавалерыя, чырвоны сцяг і гістарычныя кадры.

Сустракаецца і сімволіка, больш звыклая для публікацый пра Вялікую Айчынную вайну: на адной з паштовак да 17 верасня намаляваны пажылы мужчына з савецкімі ўзнагародамі і надпісам «Спасибо деду за Победу!».

«А мая бабуля расказвала інакш». Як беларусам распавядае пра 17 верасня прапаганда і што захавала сямейная памяць
Згенераваныя дзяржаўнымі СМІ карцінкі. Фота: threads.com/@belarus4vitebsk

«Представьте мир, где родной язык — преступление»

Гістарычныя публікацыі выклікаюць у карыстальнікаў спрэчкі. Асабліва — пасты пра становішча беларускай мовы і адукацыі ў міжваеннай Польшчы.

Гродзенская раёнка «Перспектыва» прапанавала чытачам «уявіць свет, дзе родная мова — злачынства», але напісала гэта на расейскай мове. Адным з галоўных доказаў стаў лёс беларускіх школ:

«У 1920 годзе беларускіх школ было 514. Да 1939 года не засталося ніводнай. Настаўнікаў арыштоўвалі, кнігі спальвалі на плошчах. Сяляне хавалі буквары пад стрэхамі — слова нельга забіць».

Пост суправаджае згенераванае відэа на рускай мове. Менавіта мова публікацыі стала адной з тэм у каментарах.

«Представьте мир, где родной язык — преступление. Вы з Беларусі зараз на якой мове гэта пішаце?»

Іншы карыстальнік напісаў:

«Другое дело сейчас, правда? Беларуская мова гучыць у судах, школах і парламэнце? Нават пост напісаны не па-беларуску».

А яшчэ адна чытачка пакінула каментар:

«Мае бабулі па маці і бацьку жылі пры Польшчы, аповеды былі іншыя».

«А мая бабуля расказвала інакш». Як беларусам распавядае пра 17 верасня прапаганда і што захавала сямейная памяць
Згенераваныя дзяржаўнымі СМІ карцінкі. Фота: threads.com/@pramenstolbtsy

Беларускія школы амаль зніклі

Паланізацыя школьнай адукацыі ў міжваеннай Польшчы сапраўды пацвярджаецца крыніцамі. Польская парламенцкая стэнаграма за 1922/23 навучальны год фіксавала 32 дзяржаўныя пачатковыя школы з беларускай мовай навучання.

У наступныя гады сетка скарачалася. Паводле гістарычных даследаванняў, у 1938/39 навучальным годзе заставалася пяць беларускіх пачатковых школ, 44 школы, дзе беларуская мова выкладалася як адзін з прадметаў, і адна беларуская гімназія.

Пры гэтым беларусы складалі значную частку насельніцтва гэтых тэрыторый. Паводле перапісу 1931 года, на землях, якія пазней, у 1939 годзе, увайшлі ў склад БССР, жылі каля 1,85 млн беларусаў — прыкладна столькі ж, колькі палякаў: на паўночна-ўсходніх землях Другой Рэчы Паспалітай беларускае насельніцтва складала 47%, польскае — 36%. Таксама тут жылі ўкраінцы, яўрэі, татары і рускія.

708 тыс. праваслаўных жыхароў Палескага ваяводства назвалі родную мову «тутэйшай», тады як беларускую ўказалі каля 1 млн жыхароў.

Пасля 1939 года — 5633 школы, але не з нуля

Пасля ўсталявання савецкай улады школьную сістэму радыкальна змянілі. Гісторык Марэк Вежбіцкі прыводзіць звесткі пра 5633 школы ў Заходняй Беларусі: 4192 беларускія, 987 польскіх, 173 рускія, 169 яўрэйскіх, 63 літоўскія і 49 украінскіх.

Аднак гэта не азначае, што амаль шэсць тысяч новых школ адкрылі з нуля. Савецкія ўлады рэарганізоўвалі існую сетку і змянялі мову навучання. Напрыклад, у былым Беластоцкім ваяводстве да снежня 1939 года аднавілі працу 529 з 607 школ, якія дзейнічалі там да вайны.

«А мая бабуля расказвала інакш». Як беларусам распавядае пра 17 верасня прапаганда і што захавала сямейная памяць
Згенераваныя выявы ад дзяржаўных СМІ. Фота: threads.com/@bobrlife (публікацыя, мяркуючы па ўсім, была выдаленая)

Якія ўспаміны выбіраюць дзяржаўныя СМІ

Раённыя СМІ таксама звяртаюцца да сямейнай памяці, публікуючы аповеды людзей, якія ў 1939 годзе былі дзецьмі альбо ведаюць пра даваеннае жыццё з аповедаў бацькоў.

Напрыклад, Карэліцкая раённая газета апублікавала успаміны 93-гадовай Любові Каляды з вёскі Кальчычы, якая ў 1939 годзе была дзіцем і шмат ведае пра даваеннае жыццё з аповедаў бацькоў.

У сям’і было мала зямлі, таму бацькі працавалі ў польскага асадніка, які жыў непадалёку (былога вайскоўца, які атрымаў зямлю ад польскай дзяржавы за баявыя заслугі ў 1919–1921 гадах). Пры гэтым самога гаспадара Каляда не апісвае як жорсткага: у яго была вялікая гаспадарка, а работнікаў ён наймаў у суседніх вёсках.

«Усё, што бралі, трэба было адпрацаваць. Так вось і жылі, пакуль улада не змянілася».

Калі сям’і не хапала збожжа для сяўбы, яго бралі ў гаспадара, а затым адпрацоўвалі. Рана пачыналі працаваць і дзеці:

«Ужо з дзесяці гадоў мы малацілі, палолі, жалі, рабілі ўсё, што маглі. Пасля школы адразу за працу, летам — разам з дарослымі ў поле. Цяжкая тады была праца, без працы сядзець не было калі». І супрацьпастаўленне: калі прыйшла савецкая ўлада, жыць стала лепш.

«У 1939 годзе ўлада змянілася. Замест польскай улады прыйшла савецкая. У калгасах з’явіліся рэгулярныя выплаты, няхай невялікія, але стабільныя. Адкрыліся школы. У вясковых дзяцей з’явілася магчымасць вучыцца. Сама Любоў Каляда скончыла сем класаў, далей вучыцца не пайшла, бо трэба было дапамагаць сям’і. Але гэта была ўжо не тая праца, што раней: замест працы на пана была калгасная справа, у якой усе былі роўныя», — пісала выданне.

«А мая бабуля расказвала інакш». Як беларусам распавядае пра 17 верасня прапаганда і што захавала сямейная памяць
Згенераваныя выявы ад дзяржаўных СМІ. Фота: threads.com/@volozhinnews

«А мая бабуля расказвала інакш»

Пад такімі публікацыямі ў Threads чытачы расказваюць свае сямейныя гісторыі. І яны нярэдка адрозніваюцца ад успамінаў, якія выбіраюць для публікацыі дзяржаўныя СМІ.

Пад аповедам Любові Каляды адзін карыстальнік напісаў:

«Мне бабуля расказвала, што яе тата пры паляках працаваў на чыгунцы ў Баранавічах і на кожнае рэлігійнае свята купляў ёй або сукеначку, або туфлікі. І жылі лепш, чым пасля прыходу камуністаў».

Іншы:

«Мне бабуля расказвала, што пры паляках і панах жылося больш сытна, чым пры камуністах».

Яшчэ адна жанчына ўспамінала:

«Бабушка ўсю жыццё ўспамінала: „Як добра было пры Польшчы“ і колькі ўсё каштавала. Якія ў яе былі прыгожыя чаравічкі і г.д. А другая бабуля з сялянскай сям’і вучылася ў гімназіі і мастацкім вучылішчы, а потым прыйшлі саветы, усё адабралі, пачалася вайна».

А іншы карыстальнік пераказваў аповед дзеда:

«Мой дзед расказваў, як бальшавікі вызвалілі заходніх беларусаў ад солі і хлеба. Хоць казаў, што насельніцтва сустракала Чырвоную армію цалкам нармальна».

«А мая бабуля расказвала інакш». Як беларусам распавядае пра 17 верасня прапаганда і што захавала сямейная памяць
Згенераваныя выявы ад дзяржаўных СМІ. Фота: threads.com/@pramenstolbtsy

Спачатку кветкі, а потым дэпартацыі. Што ўспаміналі сведкі 17 верасня, пра што не любяць гаварыць дзяржаўныя СМІ

У зборніку вуснай гісторыі «За першымі саветамі: польска-беларускае памежжа 1939–1941 гг. у вусных успамінах жыхароў Беларусі», укладзеным кандыдатам гістарычных навук Вольгай Івановай пад рэдакцыяй доктара гістарычных навук Аляксандра Смаленчука, апублікаваныя ўспаміны 107 сведак падзей 1939–1941 гадоў.

Большасць рэспандэнтаў жылі ў вёсках; сярод іх былі беларусы, палякі і яўрэі. Гэтыя інтэрв’ю, як і сямейныя гісторыі ў каментарыях, не дазваляюць вызначыць, як жылося ўсяму насельніцтву Заходняй Беларусі, але паказваюць, наколькі розным быў досвед людзей аднаго пакалення.

«Так жылі, дзякуй Богу»

Клаўдзія Несцярэнка (Давідовіч) нарадзілася ў 1926 годзе ў Гродне, у шматдзетнай беларускай сям’і.

«Жылі мы пры паляках. […] Быў уласны дом. У 1936 годзе быў маленькі домік. Бацька ўсё разабраў і пабудаваў вялікі добры дом, таму што нас ужо было пяцёра дзяцей. Так жылі, дзякуй Богу. Пакуль не пачалася вайна ў 1939 годзе».

Яна вучылася ў польскай школе. Пасля прыходу савецкай улады школу зрабілі беларускай, але сама Несцярэнка ўспамінала:

«А наша школа становіцца беларускай. Праўда, усіх нас, беларусаў, перавялі ў рускую школу. Яна была на вуліцы Акадэмічнай насупраць кірхі».

Таксама жанчына ўспамінала, што да 1939 года крамы былі прыватнымі, а ў яе сям’і была невялікая крама. Пасля прыходу савецкай улады яе закрылі, і бацька ўладкаваўся на тытунёвую фабрыку:

«Былі закрытыя ўсе прыватныя крамы, і адкрыліся дзяржаўныя. А пры паляках не было нічога дзяржаўнага. Усё было прыватным. І вялікія крамы, і малыя. Быў створаны „Горпищеторг“, але пачаліся праблемы з прадуктамі. Паўсюль стаялі чэргі… Людзі абураліся, асабліва палякі. Бо раней такіх праблем не было. Было шмат крамаў, шмат прадуктаў і тавараў, і раптам нічога не стала. […] Мы таксама раней мелі невялікую краму, а калі яе закрылі, бацька пайшоў працаваць на тытунёвую фабрыку… Але асабліва горш нам не стала, таму што наша крама была вельмі маленькая».

Гродно панорама
Гродна ў 1930-я гады. Фота: Biblioteka Narodowa. Poczt. 13689

«Школа ў нас цудоўная была»

Валянцін Лебедзеў, які вырас у рабоча-сялянскай сям’і ў Слоніме, у 1935 годзе пайшоў у польскую дзяржаўную сямігадовую школу:

«Школа ў нас цудоўная была. Мая першая настаўніца — пані Валадковічава, а дырэктарам школы быў пан Маеўскі. […] Паколькі мы праваслаўныя, то Закон Божы вывучалі асобна. Прыходзілі ксёндз і бацюшка Дружалоўскі».

На пытанне пра тое, як мясцовыя жыхары сустрэлі змену ўлады ў 1939 годзе, ён адказаў:

«Радаваліся ці не радаваліся? Адзін радаваўся, другі плакаў. І наадварот, калі немцы прыйшлі: адны радаваліся, іншыя плакалі».

Чырвоную армію сустракалі і кветкамі

Навагрудскі святар Георгій Сапун, якому ў 1939 годзе было 15 гадоў, успамінаў:

«Сустракалі. Усе жыхары з навакольных вёсак сабраліся. Вялікі натоўп, і ўсе з букетамі, кветкамі… […] Ідзе танк, падняўся і спыніўся. Ніхто не паказваецца. Праз некаторы час адкрываецца люк і паказваецца танкіст. Асцярожна так паглядае. А яго ўсе тут кветкамі закідалі».

Але ўжо ў 1940 годзе Сапун бачыў першую масавую дэпартацыю з Навагрудка:

«[Першы вываз] я бачыў на свае вочы ў Навагрудку. Мароз быў 40-градусны! […] Азірнуўся, гляджу — падвода едзе, адна, другая, трэцяя і цэлы абоз коней з вуліцы Базыльянскай, дзе старая царква. […] А на вазах сядзяць дзеці, жанчыны. Іх вязуць на вакзал, у Наваельню адвозілі. […] Вывозілі ў Сібір. А потым і я там быў разам з імі ў бараку, у Сібіры».

Якім было 17 верасня ў Гродне, можна таксама пачытаць тут і тут.

«Бацька сапраўды чакаў рускіх»

Лідзія Кірылаўна Івашчанка нарадзілася ў 1931 годзе ў Гродне, у праваслаўнай беларускай сям’і. Пра жыццё пры Польшчы яна ўспамінала:

«Праваслаўных крыху прыціскалі пры Польшчы. Напрыклад, мой брат вельмі добра вучыўся ў школе. […] Яму сказалі, каб ён перайшоў у каталіцкую веру, і яго прымуць (брат жанчыны хацеў стаць лётчыкам. — Заўв. Hrodna.life). Але бацька сказаў: „Як нарадзіўся праваслаўным, так і памірай праваслаўным“. Усё ж такі веру мяняць неяк [нядобра]. І брат пайшоў у рамеснае вучылішча».

Пры гэтым бацька чакаў прыходу савецкай улады.

Але ў верасні 1939 года двух яе братоў — 18-гадовага Віктара і 16-гадовага Валодзю — расстралялі пасля прыходу савецкіх войскаў.

«Бацька сапраўды чакаў рускіх… Чаму? А ведаеце, якая была агітацыя ў Расіі? Бацька думаў, што там рай, што прыйдуць рускія — і рай будзе. Мама потым заўсёды яго папракала: „Вось што яны нарабілі!…“ Ён такі быў засмучаны, вам не перадаць. Сапраўды, ён чакаў […] Бацька прыйшоў да іх [салдат], кажа: „Што вы зрабілі?! Я рускі чалавек, я вас так чакаў“. А яны: „Ну, прабач, бацька, гэта вайна“. Уяўляеце, у якім стане была мая мама? Яна ўсё жыццё ў чорным хадзіла. Адразу два сыны… Яны былі як два дубы. Я ўсё гэта памятаю, гэта ўсё было на маіх вачах».

Пры гэтым агулам пра Гродна яна казала:

«Ніхто Чырвоную армію ў нас не сустракаў… Тут было безуладдзе. Гэтыя студэнты тут крыху „буянілі“… Ніякай улады не было».

«А мая бабуля расказвала інакш». Як беларусам распавядае пра 17 верасня прапаганда і што захавала сямейная памяць
Савецкія танкі на подступах да Гродна. Ілюстрацыя з савецкай газеты. Фота: з архіва.

Адна дата — дзве розныя памяці

Сёння дата 17 верасня па розныя бакі беларуска-польскай мяжы звязаная з супрацьлеглымі дзяржаўнымі трактоўкамі.

У Беларусі гэта Дзень народнага адзінства. У афіцыйнай трактоўцы падзеі 1939 года называюць уз’яднаннем Заходняй Беларусі з БССР, вызваленнем ад «польскага прыгнёту» і аднаўленнем гістарычнай справядлівасці.

У Польшчы 17 верасня — гадавіна савецкага нападу на Другую Рэч Паспалітую. У гэты ж дзень праходзяць мерапрыемствы да Сусветнага дня сібірака — у памяць пра людзей, якія перажылі савецкія высылкі і дэпартацыі.

У 1940–1941 гадах савецкія ўлады правялі чатыры масавыя дэпартацыі з далучаных тэрыторый Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны ў Сібір, Казахстан і на Поўнач. Паводле сучасных архіўных ацэнак, падчас іх былі дэпартаваныя больш за 320 тыс. чалавек. Гаворка ішла не толькі пра этнічных палякаў: сярод высланых былі прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў і сацыяльных груп, у тым ліку і беларусы.