Урад Беларусі зацвердзіў карэкціроўку генплана Гродна. Змену генплана горада пачнуць у 2027 годзе – асаблівую ўвагу плануюць надаць функцыянальнаму занаванню, рэнавацыі пустых тэрыторый і ўшчыльненню гарадской забудовы.
Чаму генплан Гродна вырашылі памяняць?
Папярэдні генплан горада распрацоўвалі яшчэ ў 2018 годзе, тэрмін дзеяння вызначылі з 2020 па 2030 год. Гэта значыць, што з таго часу змены ў генплан не ўносіліся, тым часам горад мяняўся і разрастаўся. Таму да наступнай дзесяцігодкі ўлады і плануюць абнавіць генплан.
Хто будзе займацца генпланам?
Уносіць карэкціроўкі і пераглядаць важны для інфраструктуры Гродна дакумент будзе ўпраўленне будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама. Цяпер ім кіруе Дзяніс Конан — сваю пасаду ён заняў зімой 2023 года.
За час працы ў Гродзенскім гарвыканкаме Конан адзначыўся тым, што выступаў за абнаўленне сквера па вуліцы Дарвіна, дзеля якога ўнеслі змены ў генплан. Некаторыя з гараджан крытыкавалі праект. На сустрэчы з гараджанамі Конан сцвярджаў, што абноўлены сквер пойдзе гораду на карысць.
Што зменяць у генплане Гродна?
Пакуль падрабязнай інфармацыі аб тым, як зменіцца генплана горада, не з’явілася. Але, па словах Конана ў першую чаргу ўпор зробяць на функцыянальнае занаванне гарадскіх тэрыторый – ужо вызначылі больш за 50 месцаў, дзе спатрэбяцца асобныя змены.
У прыклад чыноўнік прывёў тэрыторыю побач з вул. Суворава, дзе на ўездзе ў горад захавалася прыватная забудова – яе плануюць забудаваць шматпавярхоўкамі. У некаторых ужо абжытых мікрараёнах засталіся незадзейнічаныя ўчасткі, дзе раней планаваліся грамадскія пабудовы, але іх так і не з’явілася. Тут плануюць размясціць шматкватэрныя дамы.
Гаворачы аб транспартнай інфраструктуры ў абласным цэнтры, чыноўнік адзначае, што «яна добра прадумана», змены закрануць толькі паслядоўнасці правядзення намечаных работ.
Па словах Конана, змены ў генплан будуць уносіць з улікам меркавання гараджан – плануюць праводзіць грамадскія абмеркаванні.
Што было ў старым генплане?
Стары генплан Гродна прадугледжваў развіццё горада. Планавалася, што да 2030 года ў горадзе будзе жыць 405 тыс. чалавек, а плошча Гродна складзе 14 198 гектараў. Прыярытэт у забудове аддавалі шматпавярховым і сядзібным дамам. Веласіпедную інфраструктуру хацелі развіваць перш за ўсё ў новых раёнах горада.
З гістарычнага цэнтра планавалі вывесці большую частку транспарту, зрабіўшы малое транспартнае кальцо, а вуліцу Замкавую – пешаходнай.
Пры прагназаванні павелічэння насельніцтва казалі і аб верагодным недахопе тэрыторый на могілках «Аульс», таму падкрэслівалася важнасць калумбарыя.
Рэалізаваць задуманае ўдалося часткова. Напрыклад, Замкавая вуліца не стала цалкам пешаходнай, галоўнай цэнтральнай вуліцай без транспарту застаецца Савецкая. А вось крэматорыя, на якім настойвалі гараджане, так і не з’явілася, але калумбарый пабудавалі.
Чытайце таксама: Якім быў дэталёвы план гістарычнага цэнтра Гродна?



