На вуліцы Замкавай у Гродне плануюць узвесці новы двухпавярховы будынак з магазінамі і гасцініцай на 10 нумароў. Праграма ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА) з’явілася на сайце Гродзенскага гарвыканкама.

Новая пабудова будзе прымыкаць да існуючага будынка на Замкавай, 7. на першым паверсе плануецца магазін нехарчовых тавараў, на другім з’явяцца гасцінічныя нумары. На падземным паверсе размесцяць памяшканні для персаналу, гардэробы, душавыя, санвузлы і каморы. Тэрыторыю побач добраўпарадкуюць: пакладуць асфальт, усталююць малыя архітэктурныя формы, зробяць паркоўку.

Справаздача аб АУНА павінна быць падрыхтавана да канца жніўня. Грамадскія абмеркаванні правядуць з 1 верасня па 30 кастрычніка 2026 года. Рашэнне па праекце павінны прыняць да 30 лістапада 2026 года.

Новы будынак пабудуюць уладальнікі “OldCity”

Будаваць будынак будзе кампанія “Конте Инвест” – даччынае прадпрыемства кампаніі “Конте Спа”. Яна валодае гандлёвымі цэнтрамі ў розных рэгіёнах Беларусі, у тым ліку гродзенскім ГЦ “OldCity”. Будынкі на Замкавай, 7 і 7А, побач з якімі плануецца новае будаўніцтва, таксама належаць “Конте Инвест”.

Навадзел або аднаўленне старога горада?

Новы будынак павінен аднавіць страчаную ў савецкі час забудову зніклых вуліц 2-й Працоўнай і Цеснай. Участак забудовы знаходзіцца на тэрыторыі былога палаца Масальскіх – там знаходзіўся флігель будынка. На думку беларускага архітэктара, з якім паразмаўляў Hrodna.life, калі праект рэалізуюць якасна, новы будынак зможа аднавіць гістарычнае аблічча Замкавай, страчанае пасля Другой сусветнай вайны.