У 2027 годзе ў Слоніме пройдуць абласныя «Дажынкі». Мясцовыя ўлады расказалі, як плануюць добраўпарадкаваць горад да фестывалю. Сланімчане ў адказ падзяліліся тым, чаго ім не хапае. Адны просяць адрамантаваць мост на вуліцы Янкі Купалы, іншыя — каб аўтобусы хадзілі дапазна, а хаця б адна аптэка працавала ўначы.
Спіс запланаваных работ апублікаваў «ПУЛ Слонимский». Гарадскі паблік «Слоним Life» перадрукаваў навіну. «Што менавіта вы хацелі б, каб змянілася да лепшага ў нашым любімым горадзе?» — пытаўся паблік крыху раней. У каментарыях пад абедзвюма публікацыямі сланімчане актыўна дзяліліся тым, чаго ім не хапае. Некаторыя просьбы супадалі з планамі ўладаў, але было і шмат іншых прапаноў.
Што ўлады хочуць зрабіць да «Дажынак»?
Да абласных «Дажынак», якія пройдуць у Слоніме ў 2027 годзе, улады плануюць адрамантаваць вуліцы і двары, уладкаваць дарожкі і месцы для адпачынку ўздоўж Шчары і добраўпарадкаваць зялёную зону на вуліцы Яршова.
Віленскую вуліцу капітальна адрамантуюць — там заменяць пакрыццё праезнай часткі, тратуары і бардзюры. Бягучы рамонт ахопіць больш за 38,5 тыс. м². Яго правядуць на плошчы Леніна, Школьнай вуліцы, участках вуліц Савецкай, Камуністычнай, Максіма Горкага і Студэнцкай, а таксама ў Спартыўным завулку.
На трасе Р-99 абновяць пакрыццё, уладкуюць пляцоўкі для адпачынку і зробяць асвятленне на кальцавым скрыжаванні з Косаўскім трактам.
На вуліцы Баграціёна працягнуць рэканструкцыю моста праз Ісу, усталююць шлюз-рэгулятар і добраўпарадкуюць прылеглую вуліцу. На рамонт амаль 28 тыс. м² двароў прадугледзелі больш за 4,7 млн рублёў. Асфальт і тратуары абновяць у Аптэчным завулку, на вуліцах Карла Маркса, Першамайскай і Яршова, а таксама на Брэсцкай каля дамоў № 71 (карпусы 2 і 3), 83, 85, 87, 89, 89А, 91, 93, 95 і 97. Больш за палову гэтай плошчы — звыш 15 тыс. м² — прыпадае на двары па вуліцы Яршова.
Будынак дзіцячага садка на вуліцы Кірава, 7А, пераабсталююць для падраздзялення Слонімскай ЦРБ, а фасады галоўнага корпуса бальніцы абновяць. У школе № 5 рэканструююць спартыўную залу і добраўпарадкуюць тэрыторыю.
У спецыяльным дзіцячым садку, школах № 3 і № 10, а таксама ў Сянькоўшчынскай сярэдняй школе адрамантуюць агароджы.
У «Альбярціне» працягнуць рэстаўрацыю сядзібы. Фасады раённага цэнтра культуры, краязнаўчага музея і аддзела занятасці прывядуць да ладу.
Пра што просяць сланімчане?
Здаецца, пад дзвюма публікацыямі гарадскога пабліка «Слоним Life» сланімчане сабралі ўсе свае просьбы і згадалі ўсе «балючыя» месцы горада. Шмат пісалі пра стан дарог і гарадскую інфраструктуру.
У каментарыях, напрыклад, прасілі абнавіць асфальт на мастах, паставіць ліхтары ў дварах і пусціць аўтобусы, каб увечары можна было з’ехаць з вакзала.
Просьбаў і прапаноў было шмат. «На ўсе пажаданні і 100 „Дажынак“ запар не хопіць», — заўважыў нехта ў каментарыях.
Двор на Брэсцкай ёсць у плане. На Яршова пакуль без адрасоў
На вуліцы Брэсцкай жыхары просяць прывесці да ладу двор каля дома № 83. Ён ёсць у спісе на рамонт. Яшчэ ў каментарыях назвалі дамы № 75, 79 і 81, а каля дома № 151 папрасілі абнавіць пакрыццё і паставіць ліхтары. Гэтых адрасоў у анонсе ўладаў няма.
На Яршова жыхары хочуць, каб у дварах паклалі асфальт і плітку, а паміж дамамі № 16, 18 і 20 з’явілася асвятленне. Прасілі таксама дзіцячыя пляцоўкі і месцы для адпачынку. Улады плануюць абнавіць на Яршова больш за 15 тыс. м² двароў і добраўпарадкаваць зялёную зону. Якія менавіта двары адрамантуюць і ці з’явяцца там ліхтары і пляцоўкі, у анонсе не ўдакладнілі.
Асфальт на мастах, тратуары і святло
Сланімчане таксама казалі, што трэба адрамантаваць мост на вуліцы Янкі Купалы і абнавіць пакрыццё на мастах праз Шчару. У апублікаваным плане асобна пазначаны мост праз Ісу на вуліцы Баграціёна. Там працягнуць рэканструкцыю.
«Пакласці новы асфальт на мастах праз Шчару, а то падвеску можна пакінуць», — пісалі сланімчане.
У прыватным сектары скардзяцца, што дарогі пасля ападкаў размывае. На Таполевай просяць абнавіць пакрыццё вуліцы і двароў, у Заходнім мікрараёне — пакласці асфальт, уладкаваць пешаходныя дарожкі і зрабіць асвятленне.
«Тратуары і асвятленне на Зялёнай вуліцы. Там удзень можна ногі зламаць, а ўначы ўвогуле квэст. А хутка яшчэ і скрыні з пяском будуць стаяць проста на тратуары», — напісаў нехта са сланімчан.
Як з’ехаць з вакзала ўвечары?
У каментарыях прапанавалі перагледзець расклад аўтобусаў з улікам часу прыбыцця цягнікоў, а самі аўтобусы пускаць часцей і дапазна. Адзін з удзельнікаў абмеркавання папрасіў прывесці да ладу дарогу ад вакзала ў бок мясакамбіната. Паводле яго слоў, увечары, калі аўтобусы ўжо не ходзяць, людзі скарачаюць шлях і ідуць там пешшу.
Яшчэ жыхары просяць больш нізкападлогавых аўтобусаў, а на прыпынку каля Дома гандлю — лаўку пад навесам, дзе можна схавацца ад дажджу і сонца.
У раёне ільнозавода прапанавалі ўладкаваць пераход праз чыгунку. Паводле аднаго з каментатараў, чыгунку там пераходзяць у тым ліку дзеці, якія вяртаюцца са школы.
Начная аптэка, парк на Энцы і месца для бяздомных жывёл
Просьба пакінуць хаця б адну аптэку адкрытай уначы сабрала 75 адзнак «Падабаецца» — столькі ж, колькі і каментар пра асфальт на мастах праз Шчару.
«Аптэку з начной зменай, хаця б адну. Кругласутачна, можа, і не атрымалася б, але дзённыя аптэкі закрываюцца, і адну аптэку можна было б пакінуць адкрытай з ночы да раніцы. А то ўдзень аптэк цэлая куча, а калі позна ўвечары трэба — ужо нічога няма», — напісаў нехта з гараджан.
Некалькі чалавек прапанавалі адкрыць пункт часовага ўтрымання бяздомных жывёл. Яшчэ сярод пажаданняў — парк у мікрараёне Энка і зона адпачынку каля праспекта Незалежнасці і Салдацкага возера.
«Няхай абновяць дарожнае пакрыццё вакол Энкі. Тут не ямачны рамонт патрэбны, а трэба цалкам абнавіць дарогу. Па гэтай дарозе якраз заязджаюць у горад, машын шмат».
«Ну і скрыжаванне на Баранавіцкім мосце магло б быць лепшым. Самае ажыўленае скрыжаванне ў горадзе, а яма на яме», — напісала адна з жыхарак.
А адзін з удзельнікаў абмеркавання нагадаў, што для рамонту дарог і свята не трэба.
«Усе пішуць пра дарогі, хоць гэтую праблему службы і без усялякіх „Дажынак“ павінны вырашаць», — напісаў нехта з жыхароў.
Не хапае хлеба і лекаў
Былі просьбы і пра надзённае. Жыхарка раёна каля ільнозавода напісала, што побач з домам ёй няма дзе купіць лекі і хлеб. Месца для аптэкі і крамы яна прапанавала сама — побач з крамай «Светофор».
«Вы пра рэстаўрацыю, а нам бы ў раёне ільнозавода аптэку і краму з хлебам, напрыклад каля крамы „Светофор“ — там ёсць памяшканні. Нядаўна жыву ў гэтым раёне. Ад горада нас аддзяляе чыгунка, а грамадскі транспарт ходзіць рэдка. Калі захварэў, складана купіць лекі, бо ў горад цяжка дабрацца», — напісала каментатарка.
У адказ іншая ўдзельніца абмеркавання спытала, чым тут могуць дапамагчы гарадскія ўлады. На яе думку, кампаніі самі вырашаюць, ці адкрываць краму або прыватную аптэку.
Жыхарка ўдакладніла, што мела на ўвазе дзяржаўную аптэку і невялікую хлебную краму. Паводле яе слоў, побач ужо ёсць тытунёвы кіёск, а насупраць уладкоўваюць гасцінічны комплекс.
«Я пішу не пра прыватны бізнес, а пра дзяржаўную аптэку і якую-небудзь хлебную краму для жыхароў мікрараёна. Пішу пра патрэбу ў самым неабходным — хлебе і леках. Змаглі ж там паставіць „Табакерку“, значыць, можна наладзіць і продаж хлеба на той жа тэрыторыі. […] Тым больш насупраць робяць гасцінічны комплекс. Прыезджым таксама бываюць патрэбныя і хлебчык, і тавары для здароўя», — напісала яна.


