З 12 па 16 кастрычніка ў Гродзенскай вобласці пройдуць комплексныя вучэнні па абароне насельніцтва ад надзвычайных сітуацый. Службы правераць, наколькі яны гатовыя дзейнічаць разам пры прыродных і тэхнагенных НС. Магчымыя ўключэнне сірэн і выезды аварыйных службаў. Падрабязнасці 9 кастрычніка паведаміла МНС.
Што будуць правяраць на вучэннях
У вучэннях возьмуць удзел экстранныя службы вобласці і спецыялісты, якія каардынуюць іх працу.
Службам трэба будзе адпрацаваць узаемадзеянне пры ліквідацыі НС і на практыцы праверыць планы абароны насельніцтва і тэрыторый, а таксама планы грамадзянскай абароны. Прадугледжаныя раптоўныя праверкі гатоўнасці — усе заданні і сітуацыі будуць выключна вучэбнымі.
Пасля завяршэння вучэнняў ацэняць працу ўсіх задзейнічаных службаў.
Падчас трэніровак жыхары могуць пачуць сірэны і ўбачыць выезды аварыйных службаў. МНС просіць не хвалявацца і з разуменнем паставіцца да вучэнняў.
У Гродне падрыхтоўку абмеркавалі ў гарвыканкаме
Пра падрыхтоўку да вучэнняў у абласным цэнтры паведаміў Гродзенскі гарвыканкам.
Тут сабралася камісія па надзвычайных сітуацыях пад старшынствам першага намесніка старшыні гарвыканкама Дзмітрыя Савошэвіча.
Акрамя саміх вучэнняў і ходу іх правядзення, абмеркавалі таксама гатоўнасць сістэм жыццезабеспячэння горада да працы ў асенне-зімовы перыяд 2026–2027 гадоў.
У раённых цэнтрах абмяркоўваюць укрыцці, апавяшчэнне і эвакуацыю
Падрыхтоўку абмяркоўвалі і ў іншых раёнах вобласці.
Напрыклад, 8 кастрычніка камісія па надзвычайных сітуацыях засядала ў Слонімскім райвыканкаме. У ёй удзельнічалі прадстаўнікі мясцовай улады, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і службаў грамадзянскай абароны прадпрыемстваў і арганізацый.
На пасяджэнні абмеркавалі стан укрыццяў, наяўнасць сродкаў абароны і запасаў на выпадак НС. Таксама гаварылі пра тое, як папярэджваць жыхароў пра небяспеку, падтрымліваць сувязь, праводзіць эвакуацыю і забяспечваць працу важных аб’ектаў.
Асобна абмеркавалі, як службы будуць дзейнічаць разам і размяркоўваць у выпадку надзвычайнай сітуацыі тэхніку, паліва і прадукты.



