Расіянка Аліша абурылася назвай калготак ад гродзенскай фірмы Conte. Мадэль з панчохамі для дзяўчат-падлеткаў назвалі “Лаліта”. Яе пост завірусіўся ў сацсетках: хтосьці падтрымаў меркаванне жанчыны, хтосьці – казаў, што гэта проста імя. Доктарка навук у галіне камунікацыі і даследчыца медыя, улады і гендару Ірына Сідорская паразважала для Hrodna.life, у чым прычына такой рэакцыі жанчын.
Пытанне не ў калготках, а ў камунікацыі фірмы з патэнцыйнымі пакупнікамі, лічыць Ірына Сідорская. Слова не існуе ў вакууме, яно заўсёды ў кантэксце. Лаліта – гэта і спявачка Лаліта, і раман Набокава «Лаліта», і японская субкультура. Але хоць не ўсе чыталі раман, у масавай культуры за імем Лаліта зафіксаваўся вобраз дзяўчынкі, якую груміў і якую сэксуальна дамагаўся дарослы мужчына. Тым больш, што зараз грамадства часта звяртаецца да тэмы харасменту і грумінгу.

– Я думаю, што калі б так называліся калготкі для дарослых жанчын, такой размовы не здарылася б. Тут сітуацыя менавіта дзіцячага адзення, для дзяўчынак у падлеткавым узросце. І таму такія асацыяцыі ў часткі мам – цалкам натуральныя. І зразумела, што яны абурыліся, што яны крытыкавалі, што яны паднімалі пытанні, – разважае Ірына.
Праблема ў тым, што брэнд, верагодна, не падумаў і стварыў няўдалую камунікацыю, дзе пэўнае слова прачыталася пэўным чынам і выклікала негатыўную рэакцыю, лічыць Ірына.
Чаму іншыя жанчыны не пагадзіліся?
Улічваючы вобраз “Лаліты” ў масавай культуры, прыклады, што існуюць цырульня «Наталля» альбо там сурвэткі «Лілія» недарэчныя.
– Некаторая частка жанчын можа жыць у іншых інфармацыйных бурбалках. Можа, яны не задумваліся пра гэта. Але з іншага боку гэта можа быць абарончая рэакцыя, бо ніхто не хоча стаць аб’ектам гвалту, і тым больш каб там дзеці сталі аб’ектам гвалту. Хочацца ад гэтага дыстансавацца, “гэтага няма, я ў доміку, і таму з маімі дзецьмі нічога такога не адбудзецца”.
Каментавалі пост з большага жанчыны – не мужчыны. Ірына лічыць, што бацькі папросту не ўцягнутыя ў працэс пакупкі вопраткі для дзяцей.
“Што жонка вырашыла, што жонка там купіла, што сказала надзець — гэта мы і надзенем. Але з іншага боку так, зразумела, яны значна менш і ў гэтай тэме [грумінгу], бо як бы адказнасць за дзіця ў нашай культуры перадусім нясуць мамы”.
Як рэагаваць брэнду?
У сацсетцы, хаця брэнд адзначылі, Conte не адказаў.
– Я не думаю, што абавязкова самі па сабе гэта няўдалыя калготкі і іх трэба прыбраць з вытворчасці. Можа, яны глядзяцца на дзяўчынках нармальна. Але менавіта з нэймінгам «Лаліта» яны стоадсоткава адсылаюць да панчох і робяць сэксуалізаваны погляд на гэтую прадукцыю. Можа, калі б яны называліся па-іншаму, мы б па-іншаму і самі гэтыя калготкі ўспрымалі, – разважае даследчыца.
Брэнду, на яе погляд, варта было адрэагаваць і патлумачыць “камунікатыўную няўдачу”, камунікатыўны канфлікт.
– Усё ж такі асацыяцыя «Лаліта» для такіх калготак для дзяўчынак здаецца цалкам прадказальнай, натуральнай. Гэта паказвае мне, што брэнд не прыняў тых мер, якія патрабуе любы нэймінг. Трэба было фокус-групу сабраць: ці ёсць нейкія культурныя асацыяцыі? Мне здаецца, што яны гэтага не зрабілі, і таму патрапілі ў такую сітуацыю. Але гэта паказвае, што брэнды не вельмі хочуць з намі размаўляць як з пакупнікамі, і не вельмі хочуць браць на сябе адказнасць, выпраўляць памылкі, і рабіць нейкія захады, каб такія памылкі не паўтараліся.



