Аб’яднанне былых сілавікоў Belpol апублікавала спіс арганізатараў і прыватных прадпрымальнікаў, якім КДБ адмовіла ў выдачы ліцэнзій на правядзенне масавых мерапрыемстваў. Hrodna.life вывучыў даступную частку спісу і знайшоў там некалькі прадпрымальнікаў з Гродна і вобласці.

Хто ў Гродне і вобласці атрымаў адмову?

Ліцэнзію на правядзенне масавых мерапрыемстваў не атрымаў дабрачынны фонд захавання і развіцця Лютэранскай спадчыны Гродна. Фармулёўка адмовы — “у сувязі з выяўленнем падчас пасяджэння камісіі фактаў парушэння Кодэкса аб культуры”.

Таксама ліцэнзію не атрымае слонімчанка Вольга Наўгародская, якая зарэгістравала ІП для працы з фатаграфіяй. Беларусцы адмоўлена ў выдачы ліцэнзіі, таму што яна прыцягвалася па арт. 24.23 ч. 2 – парушэнне ўстаноўленага парадку арганізацыі або правядзення сходу, мітынгу, вулічнага шэсця або іншага масавага мерапрыемства.

З-за чаго арганізацыям часцей за ўсё адмаўлялі ў ліцэнзіі?

Згодна з аналізам Belpol, 36% арганізатараў мерапрыемстваў атрымалі адмовы на падставе вывадаў КДБ. Яшчэ 17,4% – з-за адсутнасці выпіскі аб правапарушэннях кіраўніка, 13,7% – з прычыны таго, што кіраўнік арганізацыі ставіў подпіс за альтэрнатыўнага кандыдата. 14% адмоваў атрымалі з-за “дэструктыўнай” грамадзянскай пазіцыі кіраўніка або правядзення культурных мерапрыемстваў з удзелам “дэструктыўна настроеных” акцёраў.

Навошта арганізатарам атрымліваць ліцэнзію?

Для правядзення культурна-масавых мерапрыемстваў арганізатарам трэба атрымліваць дазвол у мясцовым выканкаме. Калі ж мерапрыемства трапляе пад катэгорыю культурна-відовішчнага, яго арганізатар мусіць быць у рэестры Мінкульта і мець гастрольнае пасведчанне.

У адваротным выпадку законна правесці імпрэзу не атрымаецца.

Чытайце таксама: Пасля паўзы ў Гродне вяртаецца яшчэ адзін квіз