Інтэлектуальна-забаўляльныя гульні ў Гродне прыраўнялі на масавых мерапрыемстваў. Праз гэта арганізатары цяпер павінны атрымліваць на іх дазвол. Большасць запланаваных на жнівень гульняў адмененыя.
Першым пра адмену паведаміў адзін з найстарэйшых гродзенскіх квізаў “Вспомнить все”. Праз некалькі дзён стала вядома, што не будзе і іншых гульняў.
“Усе гульні да 20 жніўня адменены. Рэгістрацыі прыпынены”, – напісалі ў сваіх сацсетках арганізатары квіза “Смузи”.
Часова спыніліся таксама іншыя квізы: “Мазгабойня”, “Туц-Туц”, “Угадай мелодию” і “Матрешка”.
Адмена квізаў абурыла гродзенцаў
Гродзенцы ў Threads абураюцца рашэннем мясцовых уладаў. Яны пішуць, што ў іншых гарадах Беларусі такіх дазволаў не патрабуюць. А вось жыхары іншых гарадоў, напрыклад Брэста, хвалюцца, што ў іх, па аналогіі з Гроднам, таксама пачнуць адмяняць квізы.
«Гэта ж быў такі класны культурны адпачынак для гродзенцаў», – піша адна з карыстальніц.
«Гродна вырашыў пабіць усе рэкорды па забаронах? Спачатку пракатныя самакаты. Цяпер квізы», – абураюцца ўдзельнікі абмеркавання.
«Проста ў галаве не ўкладваецца — забараніць інтэлектуальныя гульні».
«У РБ толькі забараняць і штрафаваць умеюць».
«„Угадай мелодыю“ — гэта была наша аддушына, наша „перазарадка батарэек“ для дарослых дзядзькаў і цётак. Любім усёй душой — гульню, вядучага. Трымаем кулачкі, каб усё вырашылася», – са шкадаваннем піша пастаянная ўдзельніца музычных квізаў.
«Насамрэч, не так складана. Адну паперку адносіце ў гарвыканкам на плошчы Леніна, другую — у МУС на Дубко. Потым узгадненне прыйдзе вам па пошце, або можна патэлефанаваць і даведацца, ці ўзгоднена», – тлумачыць працэдуру ўзгаднення чалавек, які раней меў такі досвед.
Як атрымаць дазвол на масавае мерапрыемства
Дазвол на правядзенне масавага мерапрыемства выдаюць у мясцовым выканкаме.
Падаць заяву трэба за 15 дзён да падзеі. У заяве трэба пазначыць даныя арганізатараў, мэты і месца правядзення мерапрыемства, а таксама меркаваную колькасць удзельнікаў.
Калі мерапрыемства трапляе пад катэгорыю культурна-відовішчнага, то яго арганізатар абавязаны быць у рэестры Мінкульта і мець гастрольнае пасведчанне.



