У Беларусі тарпанападобныя коні ўсё часцей з’яўляюцца каля дарог, сельгасугоддзяў і населеных пунктаў. Вадзіцелі спыняюцца, каб сфатаграфаваць жывёл, а некаторыя спрабуюць іх падкармліваць. Аднак спецыялісты папярэджваюць: такое суседства небяспечнае і для людзей, і для самiх каней.

Так, вадзіцелі сталі часцей сустракаць тарпанападобных каней каля трасы М6 Гродна — Мінск. У сацыяльных сетках з’явіліся відэа, на якіх жывёлы падыходзяць да аўтамабіляў, што спыніліся, заглядаюць у салон і спрабуюць атрымаць ласунак ад людзей. Гуляюць дзікія коні і каля адной з прыпынкаў у Іўеўскім раёне.

У Міністэрстве лясной гаспадаркі распавялі, што жывёл, якія пачынаюць набліжацца да дарог і населеных пунктаў, будуць адлоўліваць і перасяляць у больш аддаленыя месцы.

Чаму коні выходзяць да людзей

Паводле слоў начальніка аддзела паляўнічай гаспадаркі Мінлясгаса Аляксандра Казарэза, дзікія коні — жывёлы адкрытых прастораў. У сучасных умовах такімі прасторамі для іх часта становяцца сельскагаспадарчыя палі, розташованыя побач з вёскамі і трасамі.

«Мы разумеем праблемы, якія ўзнікаюць, таму што жывёлы могуць аказваць нейкі негатыўны ўплыў на сельскую гаспадарку, уступаць у канфлікты з чалавекам — гэта жывёлы адкрытых прастораў. У нас сёння адкрытая прастора — гэта часцей за ўсё сельгасугоддзі. Таму заказнікамі непасрэдна прымаюцца меры: часцей за ўсё гарэмы, якія спрабуюць рассяляцца ў бок нейкіх населеных пунктаў, адлоўліваюць і перасяляюць на тэрыторыі, дзе населеных пунктаў няма. Як правіла, калі жывёлы паспрабуюць штучную подкармку, ім вельмі складана потым перабудоўвацца на натуральны цыкл жыцця», — распавёў Аляксандр Казарэз.

Спецыялісты таксама просяць не падкармліваць дзікіх каней і не спрабаваць усталяваць з імі кантакт. Прывыкнуўшы атрымліваць ежу ад людзей, жывёлы пачынаюць часцей выходзіць да дарог, што павялічвае рызыку ДТЗ, паведамляе сайт news.by.

У ДАІ нагадваюць, што ў месцах, дзе ўсталяваны знак «Дзікія жывёлы», вадзіцелям варта зніжаць хуткасць і быць асабліва ўважлівымі.

Чаму дзікія коні ўсё часцей выходзяць на дарогі — і што з імі будуць рабіць
Дзікія коні з Нідэрландаў у Беларусі, 2019 год. Фота: Павел Марцінчык, kp.by

Хто такія тарпанападобныя коні і чаму яны не тарпаны

Тарпаны — гэта дзікія коні, якія калісьці жылі ў лясах і стэпах Еўропы, у тым ліку на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Доўгі час іх лічылі продкамі хатніх каней, аднак сучасныя даследаванні паказалі, што гэта была асобная галіна. Апошні стэпавы тарпан загінуў у 1814 годзе, а апошні лясны — у 1879-м. Да іх знікнення прывяла сельскагаспадарчая дзейнасць чалавека: дзікія коні паступова пазбаўляліся сваіх звыклых месцаў пражывання.

Акрамя таго, дзікія коні заходзілі на палі, звядалі сена і забіралі хатніх кабыл, таму іх масава адлоўлівалі і знішчалі. Пасля знікнення віду навукоўцы паспрабавалі аднавіць жывёл, максімальна падобных да тарпанаў.

Так з’явіліся тарпанападобныя коні — яны не з’яўляюцца сапраўднымі тарпанамі, але знешне і па паводзінах вельмі блізкія да вымерлых дзікіх каней. Іх вывелі ў польскай частцы Белавежскай пушчы, адбіраючы нашчадкаў хатніх каней, якія захавалі характэрныя рысы тарпанаў.

Як тарпанападобныя коні зноў з’явіліся ў Беларусі

У 2019 годзе ў Налібоцкую пушчу з Нідэрландаў прывезлі 151 такога каня. Іх пасялілі ў заказніку для аднаўлення прыродных экасістэм. Пры перадачы жывёл Нідэрланды высунулі некалькі умоў. Тарпанападобных каней нельга выкарыстоўваць у гаспадарчых мэтах, рэгулярна падкармліваць або прыручаць. Нават ветерынарную дапамогу ім аказваюць толькі ў выключных выпадках, каб жывёлы захоўвалі натуральныя паводзіны.

У 2024 годзе папуляцыю папоўнілі яшчэ больш за 30 тарпанападобных каней, якіх прывезлі з Расіі. Яны пасяліліся ў пойме Заходняй Бярэзіны ў Налібоцкай пушчы, дзе таксама дапамагаюць падтрымліваць адкрытыя пойменныя лугі.

Сёння дзікія коні жывуць не толькі ў Налібоцкай пушчы, але і ў Белавежскай пушчы і заказніку «Спораўскі».