Жыхары Лідскага раёна зноў паскардзіліся на забруджванне ракі Дзітва. Пасля зваротаў грамадзян мясцовыя службы ЖКГ пачалі чысціць рэчышча і заявілі, што праблема часткова вырашыцца пасля рэканструкцыі гарадскіх ачышчальных збудаванняў. Пазней сітуацыю ўзяло на кантроль Міністэрства прыродных рэсурсаў: адабралі пробы вады і праводзяць праверку. Забруджванне Дзітвы працягваецца ўжо не першы год.
Нядаўна са скаргай у рэдакцыю мясцовага выдання «Лідская газета» звярнуліся ўладальнікі дачных участкаў каля ракі.
«Дапамажыце, калі ласка, вырашыць неяк пытанне з дзітвянскай рэчкай! Мы валодаем дачным участкам там, і гэта нейкае бязладдзе. Каторы год нехта злівае нешта ў рэчку, і знаходзіцца побач там проста немагчыма. Дамы ў большасці людзей стаяць проста на беразе. Там не тое што плаваць немагчыма — там дыхаць няма чым. Рэчка класная, і яе так псуюць», — распавялі чытачы.
Пра праблему гавораць і ў сацсетках
Падобныя звароты з’явіліся і ў сацыяльных сетках. Карыстальнікі пішуць, што калісьці Дзітва была чыстай ракой, дзе купаліся, лавілі рыбу і адпачывалі сем’ямі. Цяпер жа, паводле іх слоў, да вады немагчыма падысці праз моцны пах, які нагадвае каналізацыю.
Аўтары зваротаў сцвярджаюць, што вада стала мутнай, перыядычна там гіне рыба, а на дачных участках немагчыма знаходзіцца праз пастаянны смурод. На думку жыхароў, у раку могуць трапляць неачышчаныя сцёкавыя воды або іншыя забруджвальныя рэчывы. Дзітва — прыток Нёмана, таму, паводле слоў мясцовых жыхароў, праблема выходзіць далёка за межы аднаго дачнага масіву і можа мець больш сур’ёзныя экалагічныя наступствы.
Людзі прасілі правесці праверку, усталяваць прычыны забруджвання і прыняць рэальныя меры для аднаўлення стану ракі.
Што адказалі ў райвыканкаме
Пасля зваротаў жыхароў газета запытала каментарый у прэс-службе Лідскага райвыканкама. Там паведамілі, што ЖКГ ужо ліквідуе прычыны сітуацыі, якая склалася, і пакуль лакальна чысціць рэчышча ракі.
У райвыканкаме таксама нагадалі, што зараз завяршаецца рэканструкцыя гарадскіх ачышчальных збудаванняў Ліды. На аб’екце ідуць пусканаладачныя работы і комплекснае тэставанне абсталявання.
Пасля завяршэння выпрабаванняў і ўводу ачышчальных збудаванняў у эксплуатацыю якасць ачысткі сцёкавых вод павінна значна палепшыцца, што, як чакаецца, дазволіць знізіць забруджванне Дзітвы. Арыентыровачны тэрмін завяршэння ўсіх працэдур — каля двух месяцаў.
Раней будаўніцтва сцёкавых збудаванняў тармазілася — з-за санкцый.

Сітуацыю правярае Мінпрыроды
Пазней стала вядома, што сітуацыю на рацэ ўзяло на кантроль Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
У ведамстве паведамілі, што ў сувязі са зваротамі грамадзян, якія паступаюць, тэрытарыяльныя органы Мінпрыроды праводзяць выязную праверку.
6 ліпеня 2026 года спецыялісты арганізавалі адбор проб павярхоўных вод на ўчастку Дзітвы ў межах Лідскага раёна. Даследаванні павінны вызначыць, ці перавышаны нарматывы якасці вады.
Па выніках праверкі абяцаюць правесці дэталёвы аналіз сітуацыі, прыняць меры па спыненні магчымых парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства і, пры наяўнасці падстаў, прыцягнуць вінаватых да адказнасці.
Праблема існуе не першы год
Жыхары Лідчыны скардзяцца на забруджванне Дзітвы ўжо шмат гадоў. Аналагічныя звароты паступалі і раней, а экалагічная сітуацыя ў рацэ неаднаразова станавілася прадметам грамадскага абмеркавання.
Адным з тых, хто паслядоўна падымаў гэтую тэму, быў грамадскі актывіст з Бярозаўкі Вітольд Ашурак, які памёр у 2021 годзе ў папраўчай калоніі №17 у Шклове.
Яшчэ да свайго арышту Ашурак выступаў супраць забруджвання рэк Дзітва і Нёман, а таксама звяртаў увагу на экалагічныя праблемы рэгіёна, звязаныя з прамысловымі прадпрыемствамі.
У 2019 годзе Вітольд Ашурак разам з актывістам Сяргеем Пантусам выйшаў да будынка Лідскага райвыканкама з плакатам «Мёртвая Дзітва», каб прыцягнуць увагу к забруджванню ракі. За несанкцыянаваны пікет абодвух аштрафавалі на 10 базавых велічынь.
У той жа час адміністрацыйны працэс тады пачаўся і ў дачыненні да Лідскага ЖКГ за забруджванне ракі. Да гэтага, у 2018 годзе, за забруджванне Дзітвы ўжо штрафавалі службовую асобу прадпрыемства.
Крымінальную справу ўжо расследавалі
Пасля маштабнага забруджвання Дзітвы і Нёмана летам 2019 года была ўзбуджана крымінальная справа, аднак пасля расследаванне прыпынілі.
У 2020 году Вітольд Ашурак звярнуўся ў пракуратуру Лідскага раёна з патрабаваннем усталяваць вінаватых у забруджванні рэк. У адказе пракурора паведамлялася, што сам Ашурак не з’яўляецца ўдзельнікам крымінальнага працэсу і таму не можа абскардзіць рашэнні Следчага камітэта.
Разам з тым пракуратура паведаміла, што 19 сакавіка 2020 года пастанова аб прыпыненні папярэдняга расследавання была адменена, а крымінальная справа па факце забруджвання ракі Дзітва адноўлена.
Каментуючы гэтае рашэнне, Ашурак тады заяўляў, што забруджванне Дзітвы і Нёмана з’яўляецца сур’ёзным экалагічным злачынствам, а жыхары Лідчыны чакаюць справядлівага пакарання вінаватых.



