Дзяржаўная газета «Гродзенская праўда» апублікавала матэрыял пра шматгадовае забруджванне ракі Дзітвы і патлумачыла, хто, на яе думку, вінаваты ў экалагічнай праблеме. Прычынай называюць санкцыі, праз якія не ўдалося своечасова правесці рэканструкцыю старых ачышчальных збудаванняў.

Скаргі на Дзітву гучаць ужо шмат гадоў

У ліпені 2026 года жыхары Лідскага раёна скардзіліся ў прыродаахоўную інспекцыю на забруджванне Дзітвы: у рацэ выявілі мёртвую рыбу, а над вадой стаяў смуродны пах.

Спецыялісты абследавалі рэчышча ракі і адводны канал ад ачышчальных збудаванняў, узялі пробы вады і пацвердзілі перавышэнне гранічна дапушчальных канцэнтрацый забруджвальных рэчываў. Ведамства паабяцала разлічыць шкоду навакольнаму асяроддзю і прыцягнуць вінаватых да адміністрацыйнай адказнасці.

Гэта ўжо трэці выявлены выпадак перавышэння нарматываў скідаў з ачышчальных збудаванняў толькі за 2026 год. Аднак жыхары Лідскага раёна скардзяцца на забруджванне ракі ўжо не першы год.

«Гродзенская праўда»: вінаваты старыя ачышчальныя і санкцыі

«Гродзенская праўда» адказнасць за сітуацыю тлумачыць інакш.

Паводле даных выдання, ачышчальныя збудаванні Ліды былі ўведзены ў эксплуатацыю яшчэ ў 1972 годзе. З часам іх магутнасці пересталі адпавядаць патрэбам горада, а рэканструкцыя апынулася складаным і дарагім праектам.

Як піша газета, інвестараў для мадэрнізацыі пачалі шукаць яшчэ ў 2011 годзе, перадпраектную дакументацыю распрацавалі ў 2015-м, а падрадчыка выбралі ў 2020 годзе.

Праект планавалі рэалізаваць пры падтрымцы Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця, які быў гатовы выдзеліць 9 млн еўра. Аднак пасля ўвядзення санкцый фінансаванне не адбылося. У публікацыі сцвярджаецца, што калі б гэтага не здарылася, рэканструкцыю завяршылі б яшчэ ў 2023 годзе.

«Зразумеўшы, што праблема чысціні Балтыйскага мора для Еўропы — не больш чым тэма для папулісцкіх заяў, лідчане пры усебаковай падтрымцы ўсёй беларускай вертыкалі ўлады сталі шукаць выхад з сітуацыі сваімі сіламі», — піша «Гродзенская праўда».

У выніку сродкі на будаўніцтва знайшлі ўнутры краіны.

Дитва река
Плакат у 2020 годзе. Фота: racyja.com

Рэканструкцыю абяцаюць завяршыць да 2027 года

Цяпер кошт рэканструкцыі ачышчальных збудаванняў ацэньваецца больш чым у 96 млн рублёў.

Паводле слоў дырэктара Лідскага ДУП ЖКГ Аляксандра Сіневіча, першая чарга прац ужо завяршаецца. Яна ўключае будаўніцтва новых аэратэнкаў, другоснага адстойніка, помпавай станцыі і іншага абсталявання. З 2024 года ААТ «Банк развіцця Рэспублікі Беларусь» выдзеліў на гэтыя працы больш за 53 млн рублёў.

Адначасова рэалізуюцца другая і трэцяя чергі праекта. Цалкам завяршыць рэканструкцыю ачышчальных збудаванняў плануюць да канца 2027 года.

Праз забруджванне Дзітвы завялі крымінальную справу

Адным з тых, хто паслядоўна дамагаўся вырашэння праблемы, быў грамадскі актывіст Вітольд Ашурак.

У 2019 годзе ён разам з Сяргеем Пантусам выйшаў да будынка Лідскага райвыканкама з плакатам «Мёртвая Дзітва» і быў аштрафаваны. У тым жа годзе пасля маштабнага забруджвання Дзітвы і Нёмана Следчы камітэт завёў крымінальную справу. Расследаванне пазней прыпынілі, але ў 2020 годзе пасля звароту Ашурка ў пракуратуру яго аднавілі.

Яшчэ раней, у 2018 годзе, за забруджванне ракі ўжо штрафавалі службовую асобу Лідскага ЖКГ.