Кур’ерка з Гродна Аліна распавяла ў сацыяльных сетках пра выпадкі, з якімі сутыкаецца падчас працы праз парушэнне слыху. “На гэтым фота — чалавек, які за 4 гады развозкі ўбачыў больш за 5000 твараў гродзенцаў. 4000 з іх усміхаліся, пакуль не разумелі, што я не чую. Як толькі разумелі — усмешка ператваралася ў грымасу”, — напісала яна ў Threads. Яе публікацыя выклікала шырокае абмеркаванне і больш за 16 тысяч праглядаў: карыстальнікі паспрабавалі растлумачыць, чаму некаторыя людзі змяняюць свае паводзіны, даведаўшыся, што суразмоўца не чуе.
“Я не пішу гэта, каб скардзіцца. Я пішу, каб спытаць:
Калі я зрабіла ўсё ідэальна, чаму мая глухата псуе вам настрой?
Дапамажыце мне ўбачыць гэта вашымі вачыма. Я хачу вас зразумець, а не асуджаць”, — напісала дзяўчына.
«Хутчэй гэта разгубленасць, а не непрыязнасць»
Многія карыстальнікі спрабавалі растлумачыць, што справа не ў стаўленні да людзей з парушэннямі слыху, а ў разгубленасці, калі звыклы сцэнарый камунікацыі нечакана змяняецца і людзі, якія чуюць, не ведаюць, як рэагаваць і таму ў першыя секунды губляюцца.
“Можа быць становіцца ніякавата і незразумела, што рабіць далей пры камунікацыі з вамі?”, — выказаў здагадку нехта з каментатараў.
«Я думаю, гэта проста праз разгубленасць. У мяне сусед глухі, а я з усімі вітаюся. У першыя разы таксама разгубіўся і не ўцяміў, што рабіць», — напісаў іншы.
“Мне здаецца, часам карысна пагаварыць і абмеркаваць «грымасу». Калі б вы ўбачылі на маім твары нешта дзіўнае, то гэта быў бы выраз чалавека, які не разумее, як вам падзякаваць і выказаць эмоцыі, каб ВЫ зразумелі. Не трэба шукаць падводныя камяні там, дзе іх няма. Поспехаў вам”, — напісала адна з каментатарак.
Іншыя пісалі, што, магчыма, аўтарка не так лічыла эмоцыі людзей.
“Вам падалося. Звычайна беларусы ўсё ж добразычлівыя і ветлівыя. А тыя, хто з кіслай мысай, не звяртайце на іх увагі. Яны проста не ўмеюць карыстацца мімікай”, — напісала адна з карыстальніц.
“Ваша глухата не псуе людзям настрой, паверце! Людзі адчуваюць няёмкасць і не хочуць вас пакрыўдзіць сваёй усмешкай, каб вы не прынялі яе за насмешку. Я аднойчы ехала з кіроўцам таксі, які не чуў, нешта спрабавала з ім гаварыць, і мне стала страшна няёмка, калі ён мне сказаў, што не чуе… ” — адзначыла іншая.
Гісторыі пра таксістаў і простае «дзякуй»
Іншыя дзяліліся падобнымі гісторыямі. Так, адна з карыстальніц узгадала паездку на таксі ў Санкт-Пецярбургу.
«Адзіны выдатны таксіст вёз мяне ў аэрапорт. Ніякіх заўваг. Я напісала на тэлефоне буйна ў нататках „Дзякуй“. Таблічка папярэджвала пра яго асаблівасць», — распавяла яна.
У адказ Аліна прызналася, што асабліва шануе такія гісторыі.
«Я ганаруся такімі людзьмі. І ваша пахвала ў яго адрас сагравае. Дзякуй!» — адказала яна.
Дзяўчына ёй адказала, што “сумна тое, што калі я паказвала яму тэлефон са словам «дзякуй» на экране, ён спачатку спалохаўся. Падобна на тое, што не рады яму людзі. Крыўдна”.
“У мяне была сітуацыя ў Мінску. Выклікала таксі ад вакзала, прыехаў кіроўца, які не чуе, спыніўся там, дзе змог, але далёка ад уваходу. Трэба было растлумачыць яму, што трэба пад’ехаць як мага бліжэй, бо каля ўваходу ў вакзал стаіць мая мама і дайсці да таксі не можа (праблемы з нагамі). Я і так стрэсавала за маму, яшчэ і таксіст, карацей, спачатку запанікавала і разгубілася. Але потым дадумалася набіраць яму паведамленні на тэлефоне. Карацей, усё атрымалася, таксіст круты. І вы таксама крутая!” — напісала яшчэ адна карыстальніца.

Некаторыя каментатары адзначылі, што імкнуцца выкарыстоўваць жэсты, каб падзякаваць кіроўцам або кур’ерам, якія не чуюць. «Я заўсёды захапляюся, калі тыя, хто чуе, кажуць жэстамі „дзякуй“», — напісала Аліна.
Жэставая мова ў школах і «ціхія касы»
У абмеркаванні таксама прагучала меркаванне, што базавыя словы беларускай жэставай мовы варта было б вывучаць у школе. Паводле слоў Аліны, сёння такой магчымасці няма, паколькі жэстая мова ў Беларусі дагэтуль не мае афіцыйнага статусу.
Карыстальнікі таксама нагадалі, што ў некаторых крамах Мінска (і не толькі) ужо працуюць «ціхія касы», дзе пакупнікоў абслугоўваюць супрацоўнікі з парушэннямі слыху. На думку каментатараў, падобныя ініцыятывы дапамагаюць людзям часцей сутыкацца з інклюзіўным асяроддзем і адчуваць сябе больш упэўнена ў камунікацыі.



