У Threads адзін з карыстальнікаў апублікаваў скрыншот апісання шакаладу “Камунаркі” на беларускай мове і папрасіў фабрыку «перастаць дадаваць вавёрак у шакалад». Справа ў тым, што слова “белки” у рускай мове ў залежнасці ад націску можа пазначаць як пратэін (мн.ч. ад “бялок”), так і рудага грызуна (мн.ч. ад “вавёрка”). З-за памылковага перакладу пратэін у складзе шакаладу стаў «вавёркамі».
Пост хутка набраў папулярнасць – пад ім з’явілася каля 100 каментароў, у якіх карыстальнікі ў асноўным смяяліся над памылкай.
«Акрамя вавёрак там яшчэ часам і squirrels трапляюцца», — піша адзін з удзельнікаў.
«Горш былі толькі «баязліўцы» у Элемы як пераклад слова “трусЫ”)))) Нават скрын нейдзе павінны быў застацца», — узгадвае яшчэ адзін карыстальнік.
«Я крычала з вавёрак! Ніколі не зважала. Як вы гэта заўважылі», – пацікавілася каментатарка.
У апісанні ёсць і іншыя памылкі: “не менш 31,4%” замест “не менш за 31,4%”, “глютен”. “Поехали” двукоссі і прабелы.
Што адказала “Камунарка”
У той жа дзень афіцыйны акаўнт “Камунаркі” ў Threads з гумарам і фота вавёрак адрэагаваў на пост карыстальніка. Кампанія напісала, што выяўленая памылка друку ёсць выключна на сайце. Гэта тэхнічная памылка, якая з’явілася з-за аўтаматызаванага перакладу.


«На ўсіх пакаваннях набору цукерак «Жадаю Вам» пераклад цалкам карэктны. Праўкі на сайце для дадзенага прадукта будуць занесеныя ўжо да канца дня», — напісала «Коммунарка».
Склад на беларускай версіі сайта кандытарскай фабрыкі цяпер сапраўды адлюстроўваецца карэктна.
Чытайце таксама: «Калі вы пазакрываеце я**льнікі». Гродзенскі амапавец і былы чэмпіён Беларусі абмацюкаў карыстальніка Threads



