У Гродне на вуліцы Дзяржынскага хочуць пабудаваць новы фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Праект разгледзелі на пасяджэнні архітэктурна-горадабудаўнічага савета ў гарвыканкаме. У будынку плануюць размясціць спартыўныя зоны, аб’екты бытавых паслуг і крамы.

Новы комплекс хочуць пабудаваць у мікрараёне Дзевятоўка-3. Гэта будзе двухпавярховы будынак з панарамным шкленнем і падсветкай.

На першым паверсе размесцяць спартыўныя і фізкультурна-аздараўленчыя памяшканні. Цокальны паверх аддадуць пад бытавыя паслугі і рознічны гандаль.

Побач плануюць добраўпарадкаваць тэрыторыю і зрабіць паркоўку.

Пакуль гаворка ідзе пра праектную прапанову — яе абмяркоўвалі на горадабудаўнічым савеце.

У Гродне на вуліцы Дзяржынскага плануецца пабудаваць новы ФАК з крамамі
Будынак у Пагаранах-Кашэўніках. Фота: t.me/grodno_ispolkom

Яшчэ адзін будынак хочуць пабудаваць у Пагаранах-Кашэўніках

На тым жа пасяджэнні разгледзелі яшчэ адзін праект — грамадскі будынак на вуліцы Маладой у раёне Пагараны-Кашэўнікі.

Што менавіта будзе знаходзіцца ўнутры, у гарвыканкаме пакуль не ўдакладнілі. Вядома, што побач хочуць захаваць зялёныя насаджэнні, уладкаваць пад’язныя шляхі і паркоўку.