Веласіпедысты і электрасамакатчыкі — адна з галоўных праблем на дарогах Гродзенскай вобласці, лічыць ДАІ. Па словах начальніка ведамства ў Гродне Генадзя Бяляўскага, людзі на гэтым транспарце часцей за іншых парушаюць правілы праезду пешаходных пераходаў.
Размова ідзе пра выпадкі, калі веласіпедысты і карыстальнікі сродкаў персанальнай мабільнасці перасякаюць пераходы не спешваючыся, ствараючы небяспечныя сітуацыі для сябе і іншых удзельнікаў руху.
Асаблівую ўвагу ў ДАІ звяртаюць на кур’ераў службаў дастаўкі, якія перасоўваюцца на электрасамакатах. У іх, як правіла, жорсткія часавыя абмежаванні.
«На сённяшні дзень многія студэнты падзарабляюць у вольны ад вучобы час, выкарыстоўваюць сродкі персанальнай мабільнасці для дастаўкі ежы. Адпаведна, таймінг у іх устаноўлены па дастаўцы, таму ім важнейшае, напэўна, час, чым уласная бяспека», — распавёў начальнік ДАІ.
Па яго словах, Дзяржаўтаінспекцыя ўжо правяла прафілактычную працу са студэнтамі ў Гродне, а таксама ў Лідзе, Ваўкавыску і Смаргоні.
Велаінфраструктура паляпшаецца
Пры гэтым інфраструктура для веласіпедыстаў і карыстальнікаў сродкаў персанальнай мабільнасці ў рэгіёне працягвае развівацца, распавёў Бяляўскі ў эфіры праграмы «Актуальна» на «Тэлерадыёкампаніі Гродна» 17 чэрвеня.
У гарадах і раёнах з’яўляюцца новыя дарожкі, паніжаюцца бардзюры, наносяцца спецыяльныя піктаграмы і ўсталёўваюцца адпаведныя дарожныя знакі.


