Нават клумбы каля дома беларусы не могуць уладкаваць самастойна без дазволу ўладаў. Каб стварыць кветнік пад вокнамі шматпавярховіка, трэба прайсці праз шэраг узгадненняў і дазволаў. А за самавольна высаджаныя кветкі можна нават атрымаць штраф.

Тэма стала актуальнай вясной 2026 года: жыхары Фаніпаля хацелі азеляніць свой двор, але зрабіць гэта ім забаранілі камунальнікі.

Вы ўсё ж вырашылі стаць на шлях змагання за сваё права на горад? Тады лавіце гайд па тым, як правільна разбіць клумбу ў горадзе і якія расліны вытрымаюць не толькі ціск ЖКГ, але таксама выхлапныя газы і недахоп вады.

Кансультацыю па выбары раслін для гарадскога асяроддзя рэдакцыя Hrodna.life атрымала ад агранома Вольгі Верамеенкі.

Прыдамавая тэрыторыя знаходзіцца на балансе выканкама або ЖКГ. Самастойная пасадка раслін расцэньваецца як несанкцыянаванае выкарыстанне зямлі. А несанкцыянаваная змена ландшафтнага дызайну на тэрыторыях агульнага карыстання лічыцца правапарушэннем. За гэта можна атрымаць штраф да 25 базавых велічынь (1125 руб.).

Каб атрымаць дазвол на высадку раслін, жыхарам патрэбны:

  • Дазвол ведамстваў. Праект азелянення павінен прайсці абавязковую экспертызу і атрымаць афіцыйнае адабрэнне з боку мясцовай службы ЖКГ.
  • Згода ўласнікаў. Атрымаць стоадсоткавую пісьмовую згоду ўсіх суседзяў па доме. Асаблівае юрыдычнае значэнне мае меркаванне жыхароў першых паверхаў, чые вокны выходзяць непасрэдна на ўчастак меркаванага ўпарадкавання.

Нават пры аднагалоснай падтрымцы з боку суседзяў, камунальныя службы могуць адмовіць ва ўзгадненні з-за жорсткіх тэхнічных і санітарных норм. Тут шукайце падрабязнасці пра ўзгадненне азелянення.

Шматгадовікі — гэта каркас: з чаго пачаць клумбу ў двары

Для гарадскога двара Вольга раіць выбіраць шматгадовыя расліны. Яны самі перазімуюць, адрастуць і не патрабуюць штогадовай гісторыі з пасадкай. Каб не памыліцца з відам, трэба вызначыць, колькі святла трапляе на клумбу. 

Расліны для клумбаў у цені

  • Хоста — каралева цяністых кутоў. Яе вялізныя лісты закрываюць зямлю суцэльным дываном. Пустазеллю цяжка праз яго прабіцца. “Кажуць, што хоста ўжо надакучыла, але яе можна разбавіць іншымі кветкамі”, — раіць Вольга.
  • Асцільба прыгожа квітнее пухнатымі мяцёлачкамі. Яны бываюць белыя, ружовыя, барвовыя. Любіць вільгаць і паўцень. Добра расце пад дрэвамі. 
  • Красадзён (лілейнік) вытрымае амаль усё. Расце на любым грунце, перанясе паўцень. Усё лета будзе паслядоўна адкрываць новыя бутоны.

Кветкі для клумбаў на сонцы

Півоня, расходнік (седум) і эхінацэя
Фота: Wikimedia Commons (CC BY-SA 4.0 by Bigmanbaloo, CC BY-SA 4.0 by  Burkhard Mücke, CC0 1.0 Ville Valtavirta)
  • Півоня любіць сонца, але можа перанесці кароткачасовы паўцень. У пачатку лета квітнее буйнымі кветкамі з шыкоўным водарам. Пасля красавання яе шчыльнае зялёнае лісце застаецца прыгожым фонам да самай восені.
  • Расходнік (седум) — гэта сукулент. Назапашвае вільгаць, не баіцца спёкі. Квітнее ружовымі або жоўтымі суквеццямі. Яго сакавітае лісце стварае трывалы дыванок на клумбе.
  • Эхінацэя з сярэдзіны лета квітнее яркімі кветкамі, якія прыцягваюць матылькоў. Любіць сонца і не зачахне, калі вы забудзецеся на паліў. 

Чытайце таксама: Ці перашкодзяць кветкі ў Гродне алергікам?

Адналетнікі, якія клапоцяцца пра сябе самі

Вольга раіць выбіраць самааднаўляльныя кветкі. Такія расліны штовосень раскідваюць насенне і яно паспяхова зімуе ў глебе. “Яны на наступны год на тым жа месцы самі вырастуць. Вам толькі застанецца прарэдзіць усходы,” — кажа яна.

Калі хочаце штогод мяняць малюнак клумбы, адналетнікі варта абнаўляць. У гэтым выпадку Вольга раіць рассаду: “Тады кветкі хутчэй возьмуць сілу і будуць канкураваць з пустазеллем”.

Самыя трывалыя адналетнікі, якія выжывуць паўсюль —  гэта аксаміткі. У іх процьма гатункаў: нізенькія, высокія, са сціплымі ці шыкоўнымі кветкамі, нават з пахам лімону існуюць. “Аксаміткі — сапраўдныя спартанцы, — кажа Вольга, — не баяцца ні сонца, ні засухі, ні гарадскога бруду. І адпужваюць з глебы шкоднікаў”.

Іншыя кветкі патрабуюць быць пільнымі да таго, колькі святла на вашай клумбе. 

Чытайце таксама: Гарадскі актывізм: як звязаныя клумбы, веласцежкі і Новы Свет

Кветкі для клумбы, якія вытрымаюць паўцень

  • Бурачок (алісум) мае дробныя кветачкі з мядовым пахам. Нізкарослы, на пярэднім плане клумбы заквітнее пышным дыванком. Цудоўна адчувае сябе нават на камяністай глебе. 
  • Шалфей цудоўны (сальвія) мае падобныя да свечак суквецці. Стварае на клумбе яркі акцэнт. “Звычайна мы бачылі сальвію чырвоную, а зараз ёсць і ружовая, і ласасёвая і з фіялетавым адценнем”, — кажа Вольга. 
  • Ляўконія (маціёла) для аматараў начных шпацыраў. Яе непрыкметныя кветкі раскрываюцца з надыходам цемры і маюць вельмі прыемны водар. Вольга раіць саджаць яе збоку клумбы, для паху. 

Расліны для клумбы, якія любяць сонца

  • Космас мае ажурнае лісце. Кветкі падобны да рамонак белага, ружовага ці бардовага колеру. Стварае на заднім плане клумбы лёгкую зялёную заслону.
  • Эшольцыя (каліфарнійскі мак) раскрывае кветкі толькі на сонцы. Расце на пясчанай глебе. Насенне трэба высяваць адразу ў клумбу, бо парасткі не любяць перасадкі.
  • Партулак — гэта сукулент. Нізкарослы, сцелецца па зямлі. Тоўстае лісце назапашвае вільгаць, таму здольны вытрымаць засуху і спёку.

Кабачок ці петунія — плюсы і мінуса агарода ў горадзе

Кабачкі і суніцы вырастуць і ў гарадской клумбе. Вядома, калі пра іх клапаціцца. Але Вольга Верамеенка знайшла ў гэтай ідэі не толькі плюсы.

Мінусы гарадскога агарода:

  • Гародніна патрабуе больш увагі чым кветкі: падкормка, паліў, рыхленне. Без вашага клопату яе выгляд будзе далёкі ад эстэтычнага.
  • Расліны назапашваюць цяжкія металы з выхлапных газаў: свінец, кадмій. Кветкі таксама іх збіраюць, але кветкі мы не ямо. Таму варта есці толькі тое, што расце ўдалечыні ад дарог з машынамі.
  • Увосень клумба з гароднінай выглядае занядбанай: высыхаюць сцёблы таматаў, жухне лісце гуркоў. А клумба з кветкамі застанецца прыгожай да самых маразоў.

Плюсы гарадскога агарода:

  • Агарод – гэта добрая падстава займацца ім разам з суседзямі. Падзяліць абавязкі, паліваць па чарзе. Гэта мяняе вашу ролю ў гарадскім асяроддзі: з пасіўных назіральнікаў вы ператвараецеся ва ўдзельнікаў. 
  • Для гарадскіх дзяцей, якія ніколі не бачылі, як расце ежа, памідор на клумбе — жывы ўрок біялогіі. 
  • Гародніна і садавіна выдатныя меданосы. Яны прывабліваюць больш разнастайных насякомых, чым дэкаратыўныя кветкі. За кузуркамі прылятаюць птушкі. Двор крок за крокам набліжаецца да жывога прыроднага асяроддзя. 

Чытайце таксама: Для кветкавых арак з Савецкай знайшлі новыя лакацыі. Дзе яны будуць цяпер стаяць

Што зрабіць, каб клумба даглядала сябе сама і збірала супольнасць вакол кветак

Як стварыць клумбу, якая не патрабуе “рабскай” працы? Вольга прапануе тры лайфхакі.

кветкі для гарадской клумбы
Фота: Wikimedia Commons (CC BY-SA 3.0 by Sten, CC BY-SA 3.0 by G. Edward Johnson, CC BY-SA 4.0 by Krzysztof Ziarnek)
  • Расліны-дываны — барвенак, гарлянка, лазаніца манетчатая. “Ствараюць шчыльны пласт, праз які не прабіваецца пустазелле, і ўтрымліваюць вільгаць у глебе”, — тлумачыць Вольга. Праполкі стане значна менш.
  • Мульча — слой кары, трэсак, жвіру на паверхні зямлі. Глеба не перасыхае, зелле не расце, клумба выглядае стылёва. “Драўляная кара павінна быць з лісцяных дрэў. З хвойных толькі для тых раслін, якія любяць кіслую глебу”, — папярэджвае Вольга. 
  • Мясцовыя расліны замест экзатычных. Тыя, што растуць у дзікай прыродзе, прыстасаваныя да мясцовых маразоў, засухі, шкоднікаў. Яны выжывуць там, дзе экзот загіне пры першым выпрабаванні.

Усе тры парады працуюць разам і клумба пачынае “даглядаць” сябе амаль самастойна. 

Адна хоста, тузін аксамітак, слой мульчы і зараснікі лебяды падпісваюць акт аб капітуляцыі. Але сапраўдная магія пачнецца, калі знойдзецца сусед, які згодны паліваць па чарзе. Тады ваш “батанічны сад” ператворыцца ў супольную справу.