AutoGrodno.by пачаў працу ў лістападзе 2006 года як невялікі сайт пра аўтамабільнае жыццё Гродна, але за дваццаць гадоў стаў прыкметнай часткай гарадскога асяроддзя. Якраз да свайго юбілею — у лістападзе 2026 года — праект прыпыніў дзейнасць: 24 лістапада суд Ленінскага раёна Гродна прызнаў рэсурсы AutoGrodno і яго лагатыпы экстрэмісцкімі матэрыяламі. Партал прыпыніў працу.
Hrodna.life узгадаў гісторыю партала, яго гарадскія праекты і фестывалі, а таксама расказвае, што вядома пра яго цяперашнюю сітуацыю.
Сайт, які вырас з аўтамабільнай супольнасці
AutoGrodno.by стварыў гродзенец Міхаіл Кунцэвіч. Сайт пачаў працаваць у лістападзе 2006 года, а пазней вакол яго паступова сфармавалася аднайменная супольнасць аўтамабілістаў у сацыяльнай сетцы «УКантакце». У інтэрв’ю выданню ABW у 2017 годзе Кунцэвіч расказваў (цяпер артыкул выдалены з сайта. — Hrodna.life), што з часам група стала вельмі вялікай аўтамабільнай інтэрнэт-супольнасцю ў Беларусі.
Пачыналася ўсё сціпла. Першыя сустрэчы былі невялікімі зборамі гродзенскіх аўтамабілістаў, якія хацелі пазнаёміцца і пагутарыць пра машыны. На першую сустрэчу прыехалі ўсяго два чалавекі — Міхаіл Кунцэвіч і Аляксей Косцін. Праз два-тры тыдні яны сустрэліся зноў, а потым да іх пачалі далучацца іншыя ўдзельнікі супольнасці. Паступова звычайныя сустрэчы перараслі ў сумесныя мерапрыемствы: з’явіліся конкурсы, аўтапрабегі і аматарскія спаборніцтвы. У некаторых з іх удзельнічалі супрацоўнікі ДАІ і інструктары аўташкол.

З часам AutoGrodno перастаў быць толькі пляцоўкай для зносін аматараў аўтамабіляў. На сайце публікавалі навіны, расказвалі пра дарожныя здарэнні і складаныя сітуацыі на дарогах, тлумачылі правілы дарожнага руху і змены ў заканадаўстве.
Праект таксама дапамагаў шукаць сведкаў ДТЗ і знаходзіць кіроўцаў, якія знікалі з месца аварыі. З яго дапамогай шукалі згубленыя ключы і нумарныя знакі — напрыклад, пасля моцных дажджоў. У публікацыях закраналі пытанні бяспекі руху, арганізацыі парковак, працы святлафораў і стану вуліц. Аўтамабільная тэма паступова перарасла ў гарадскую: чытачы абмяркоўвалі транспарт, інфраструктуру і тое, як змяняецца Гродна.
Паводле ўласных звестак AutoGrodno, у асобныя перыяды аўдыторыя праекта складала 45–65 тысяч чалавек. А на момант прызнання рэсурсаў экстрэмісцкімі ў яго Telegram-канала было каля 73,8 тысячы падпісчыкаў, а Instagram-акаўнт налічваў больш за 92 тысячы.
Як сустрэча двух аўтамабілістаў ператварылася ў SunDay
Самым вядомым праектам AutoGrodno стаў аўтамабільны фестываль SunDay. Яго гісторыя пачалася ў 2010 годзе з сустрэчы на пляцоўцы каля Юбілейнага возера. Тады арганізатары сабралі каля 70 аўтамабіляў, а клубы прывезлі яшчэ прыкладна сотню машын.
Сцэну ўладкавалі проста на прычэпе фуры. Назву SunDay прыдумалі літаральна за пару дзён да мерапрыемства.
Арганізатары ўспаміналі першы фестываль як самы душэўны — асабліва тыя, хто быў на ім з самага пачатку. Тады яшчэ ніхто не ўяўляў, наколькі маштабнай стане гэтая падзея.



Ужо ў наступныя гады фестываль паступова мяняўся. У 2011-м з’явілася паўнавартасная сцэна, у 2012-м праз вялікую колькасць людзей узніклі праблемы з мабільнай сувяззю. У 2013 годзе прыехалі першыя замежныя ўдзельнікі з Літвы і Польшчы. У праграме з’яўляліся новыя конкурсы і шоу, а сам фестываль станавіўся ўсё больш маштабным.
У 2014 годзе правялі конкурс «Міс SunDay», дадалі начную частку праграмы, выступіў гурт «J:Морс». Уваход для гледачоў стаў платным. Праз год на фестывалі прайшлі міжнародныя спаборніцтвы па аўтагуку, а музычным госцем стаў гурт «Бумбокс». Паводле звестак, прыведзеных у інтэрв’ю ABW, тады SunDay наведалі каля 18 тысяч чалавек.
У 2016 годзе на сцэне выступаў гурт «Чиж и Ко». А ў 2017-м фестываль сабраў каля 200 удзельнікаў з васьмі краін. Сярод аўтамабіляў былі не толькі сучасныя мадэлі, але і рэдкія экзэмпляры, а таксама матацыклы. У тым годзе з’явіліся асобныя намінацыі для янгтаймераў (аўтамабіляў пераходнага ўзросту паміж звычайнай патрыманай машынай і паўнавартасным рэтрааўтамабілем) і матацыклаў.
Арганізатары імкнуліся прывозіць у Гродна ўдзельнікаў з розных краін. Яны ездзілі на аўтамабільныя мерапрыемствы за мяжу, знаёміліся з уладальнікамі цікавых машын і асабіста запрашалі іх на SunDay. У 2017 годзе самым далёкім госцем стаў уладальнік Tesla Model S з Іспаніі: ён пераадолеў каля 3300 кіламетраў.

У 2018 годзе SunDay працягваў расці. На аэрадроме Караліно пад Гроднам сабраліся больш за 400 унікальных аўтамабіляў і матацыклаў з васьмі краін. «Сёлетні фестываль стаў самым прадстаўнічым», — казаў адзін з арганізатараў Міхаіл Кунцэвіч у каментары БЕЛТА.
Сярод удзельнікаў былі ўладальнікі рэдкіх рэтрааўтамабіляў, кастамных матацыклаў і незвычайных самаробных машын. Напрыклад, з Каўнаса сваім ходам прыехаў Plymouth 1939 года выпуску, са Смаленска — спорткар «Лаура», зроблены ўручную, а з Баранавічаў — жоўты ГАЗ-53 «Суперпчёлка», які працягваў працаваць у грузаперавозках. Адной з галоўных дзівос стала поўнапамерная мадэль Geely Atlas, сабраная са 140 тысяч дэталяў канструктара «Палессе».
Фестываль, які рыхтавалі пасля асноўнай працы
За маштабным мерапрыемствам стаяла каманда прыкладна з 25 чалавек. У кожнага была звычайная праца і сям’я. Падрыхтоўка да SunDay пачыналася прыкладна за пяць месяцаў: арганізатары сустракаліся адзін-два разы на тыдзень пасля працы, займаліся пытаннямі пляцоўкі, удзельнікаў, праграмы і тэхнічнага забеспячэння.
Перад фестывалем некаторым даводзілася браць адпачынак. Паводле ўспамінаў арганізатараў, за адзін дзень на пляцоўцы яны маглі прайсці каля 40 кіламетраў. Трэба было прадумаць размяшчэнне аўтамабіляў, сцэну, гук, агароджы, санітарныя зоны, харчаванне і пражыванне гасцей. Для ўдзельнікаў арганізоўвалі намётавы гарадок. У правядзенні фестывалю дапамагалі і мясцовыя ўлады.

У інтэрв’ю 2017 года Кунцэвіч таксама расказваў пра фінансавы бок фестывалю. Паводле звестак Гродзенскага гарвыканкама, якія ён прыводзіў, выручка ад продажу квіткоў у 2016 годзе склала каля 66 тысяч долараў. Значная частка грошай ішла на выдаткі, звязаныя з мерапрыемствам: запрашэнне ўдзельнікаў, падарункі і атрыбутыку, страхоўкі, паліва, пражыванне, сцэну, гук і абсталяванне пляцоўкі.
З гадамі мяняліся і патрабаванні да аўтамабіляў. Арганізатары ўсё больш уважліва адбіралі ўдзельнікаў, звяртаючы ўвагу на арыгінальнасць машын і якасць цюнінгу.
Больш за 500 аўтамабіляў і дождж, які не разагнаў гледачоў
Адным з самых маштабных стаў дзясяты SunDay, які прайшоў 20 ліпеня 2019 года. На пляцоўцы сабраліся больш за 500 аўтамабіляў з розных краін Еўропы — гэта стала рэкордам фестывалю па колькасці ўдзельнікаў.
У праграме былі выстава аўтамабіляў, конкурсы, шоу і музычная частка. Надвор’е, праўда, унесла свае карэктывы: з-за дажджу мерапрыемства на некаторы час давялося прыпыніць. Але гледачы вярталіся на пляцоўку, і фестываль працягнуўся.

Ад SunDay да «Лакацыі»
Пасля 2019 года звыклая гісторыя SunDay перапынілася. У 2020 годзе фестываль не адбыўся праз пандэмію. У 2021 годзе яго правядзенне ўскладніла сітуацыя з закрытымі межамі. У 2022 годзе арганізатары зноў адмовіліся ад звыклага фармату SunDay.
У 2022 годзе замест яго арганізатары правялі ў Гродне «Лакацыю» — больш кампактнае аўтамабільнае свята. Яно адбылося 20 жніўня на паркоўцы гандлёвага цэнтра TRINITI. Тут размясціліся амаль 200 рэдкіх машын: спартыўныя, рэтра, незвычайна аформленыя аўтамабілі і машыны з магутнымі аўдыясістэмамі.
У Гродна прыехалі аўтаклубы з розных гарадоў Беларусі, а сярод удзельнікаў былі таксама госці з Латвіі і Расіі. Праўда, не ўсім удалося дабрацца да месца: каля 40 заяўленых аўтамабіляў з Польшчы і Літвы не прыехалі праз велізарныя чэргі на мяжы.
Праграма не абмяжоўвалася аўтамабільнай выставай. Для гледачоў падрыхтавалі конкурсы і квэст з галоўным прызам — Volkswagen Golf III, зладзілі спаборніцтвы па бернаўтах (прабуксоўка вядучых колаў на месцы для разагрэву шын і стварэння дымавога эфекту), а ахвотныя маглі пракаціцца на дрыфт-трайках. На ніжняй паркоўцы сабраліся матацыклісты: там адбыўся этап чэмпіянату Беларусі па мотаджымхане.
Праз год каманда SunDay вярнулася з працягам праекта. Другую «Лакацыю» правялі 22 ліпеня 2023 года, зноў на тэрыторыі ГЦ TRINITI. На гэты раз у Гродне прадставілі каля 200 рэдкіх і кастамных аўтамабіляў, матацыклаў і квадрацыклаў з Беларусі, Літвы, Латвіі і Расіі. У праграму ўвайшлі выстава тэхнікі, бернаўты, мотатрукі, конкурсы на самы гучны выхлап і аўтагук, а таксама розыгрышы прызоў.

У 2024 годзе аўтамабільнае свята зноў планавалі правесці ў Гродне, аднак гэтым планам не наканавана было спраўдзіцца. Арганізатары паведамілі, што не ўсе этапы падрыхтоўкі ўдалося прайсці паспяхова. Каманда SunDay выказала спадзяванне вярнуцца з фестывалем у 2025 годзе, але і тады «Лакацыя» ў Гродне не адбылася.
Свае «ялінкі», рамкі і календары
У AutoGrodno была не толькі вялікая фестывальная гісторыя, але і ўласны мерч. Для аўтамабілістаў і пастаянных чытачоў выпускалі рэчы з сімволікай праекта: араматызатары-«ялінкі» для машын, рамкі для нумарных знакаў, календары і іншую памятную атрыбутыку.
У 2017 годзе каманда нават абвяшчала конкурс на найлепшы дызайн аўтамабільнага араматызатара. А нумарныя рамкі з лагатыпам праекта згадалі і ў звароце AutoGrodno пасля рашэння суда.
Асаблівае месца займалі календары з аўтамабілямі і дзяўчатамі-мадэлямі. Традыцыя з’явілася ў 2016 годзе на фестывалі SunDay, а пазней яе працягнула «Лакацыя».
У снежні 2025 года каманда прадставіла каляндар на 2026 год, створаны разам з кампаніяй «АзотХімФорціс».

Не толькі аўтамабілі: эксперыменты і гарадскія пытанні
Аўтамабільная тэматыка заставалася асновай AutoGrodno, але праект цікавіўся і тым, як уладкавана гарадское жыццё. Каманда праводзіла эксперыменты, якія дапамагалі паглядзець на звыклыя рэчы пад іншым вуглом.
Напрыклад, у студзені 2020 года ўдзельнікі праекта параўналі, на чым найхутчэй можна праехаць праз Гродна ў гадзіну пік. У эксперыменце ўдзельнічалі аўтамабіліст, веласіпедыст, карыстальнікі электрасамаката, гіраскутэра і монакола. Усе стартавалі адначасова ад гандлёвага цэнтра «Карона» і павінны былі дабрацца да парка Жылібера.
Перамог аўтамабіль, следам прыехалі веласіпед і монакола. Але сэнс эксперымента быў не толькі ў спаборніцтве: каманда хацела праверыць, наколькі горад прыстасаваны да розных спосабаў перамяшчэння.
Такія публікацыі дапаўнялі штодзённую працу сайта. AutoGrodno пісаў пра бяспеку дарожнага руху, грамадскі транспарт, гарадскія вуліцы і інфраструктуру, а чытачы прыносілі ў рэдакцыю ўласныя пытанні і гісторыі. У выніку праект стаў для Гродна не толькі аўтамабільнай пляцоўкай, але і месцам, дзе абмяркоўвалі гарадскія праблемы.
AutoGrodno супрацоўнічаў з ДАІ — напрыклад, выязджаў разам з інспектарамі ў рэйды. Рэсурс таксама быў пляцоўкай для анансавання конкурсаў Дзяржаўтаінспекцыі.
AutoGrodno і пратэсты 2020 года
Пратэсты партал асвятляў праз прызму аўтамабільнай тэматыкі: пісаў пра блакаванні і перакрыцці, папярэджваў кіроўцаў пра заторы і змены маршрутаў грамадскага транспарту. Паведамляў пра тое, што аўтамабілісты масава сігналілі, а таксама пра пашкоджаныя машыны і месцы, дзе іх можна адрамантаваць.
Уладальнік партала autogrodno.by Міхаіл Кунцэвіч быў сярод затрыманых у лістападзе 2020 года.
Пазней частку інфармацыі выдалілі. Таксама ў 2025 годзе ў каналах з’явіліся заклікі дапамагаць міліцыі апазнаваць удзельнікаў пратэстаў.

Праз дваццаць гадоў
24 лістапада 2026 года суд Ленінскага раёна Гродна прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі інтэрнэт-рэсурсы AutoGrodno і іх лагатыпы. Як удакладніў Гродзенскі гарвыканкам, рашэнне датычыцца сайта, акаўнтаў у Instagram, TikTok і «УКантакце», каналаў і чатаў у Telegram і Viber, YouTube-канала, а таксама лагатыпаў праекта.
У заяве AutoGrodno гаворыцца, што падставай стала выяўленне ў Instagram-акаўнце інфармацыйнай прадукцыі, якая ўжо была ўнесеная ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
На сайце праекта з’явілася заглушка са зваротам да аўдыторыі. Каманда папрасіла падпісчыкаў адпісацца ад каналаў, каб не падвяргаць сябе рызыцы, і паведаміла, што высвятляе падрабязнасці таго, што адбылося. У звароце таксама выказалі спадзяванне выправіць недахоп і вярнуцца да працы.
Асобна AutoGrodno папрасіў чытачоў праверыць дома і ў тэлефонах рэчы з сімволікай праекта: узнагароды, кубкі, майкі, бэйджы, стужкі, карткі з надпісам «Мешает автомобиль? Позвоните, отгоню», нумарныя рамкі і фатаграфіі з фестываляў. Каманда падзякавала аўдыторыі за гады супольнай працы і паведаміла, што часова прыбірае назву і лагатып з сацыяльных сетак.
Чытачы не разумеюць, за што партал прызналі экстрэмісцкім, і пытаюцца, дзе цяпер шукаць інфармацыю.



