Гродзенка расказала ў сацсетках, што 9 лістапада каля прыпынку «Маладзёжная вуліца» незнаёмец крыкнуў, што ў яго нож, і пагнаўся за ёй. За дзяўчыну заступіўся кіроўца тралейбуса. 10 лістапада міліцыя паведаміла пра затрыманне 48-гадовага жыхара Гродна.

Што расказала гродзенка

Паводле слоў Лізаветы, усё адбылося каля 15:30–15:40. Яна ішла па вуліцы і размаўляла па тэлефоне, калі размінулася з незнаёмцам. Услед яна пачула абразы, а затым фразу «Бяжы, пачвара, у мяне нож». Мужчына пабег за ёй. Дзяўчына ўдакладніла, што нажа не бачыла. Пра здарэнне яна напісала ў Threads.

«Ударыў мяне ў спіну нагой (слава Богу, трапіла па сумцы)», — напісала дзяўчына. Калі яна павярнулася, мужчына, паводле яе слоў, замахнуўся кулаком, але яна паспела ўхіліцца. Кіроўца тралейбуса, які праязджаў міма, адцягнуў увагу мужчыны, і Лізавета змагла сысці. Пазней яна паведаміла, што напісала заяву ў міліцыю.

Гродзенкі расказалі пра іншыя сустрэчы

Пад пастом Лізаветы іншыя гараджанкі пісалі, што таксама сустракалі гэтага мужчыну. Адна расказала, што ўвечары 8 лістапада гуляла з сабакам каля аўтобуснага парка. Паводле яе слоў, мужчына падбег да яе, пачаў абражаць яе і замахнуўся. Іншая напісала, што ў раёне Маладзёжнай вуліцы мужчына ішоў за ёй, а калі яна зачынілася ў машыне, крычаў і пляваў на аўтамабіль.

«На нас з сяброўкай ён напаў у суботу раніцай каля Новага замка. Крычаў, пагражаў, потым пракрычаў, што сёння нас біць не будзе, і сышоў, па выглядзе і адсутнасці паху быў цвярозы», — напісала яшчэ адна дзяўчына.

«Гэты мужчына часта заходзіць у краму жаночага адзення, дзе я працую, і ўчора быў. Я вельмі баюся», — напісала адна з каментатарак пад публікацыяй Instagram-акаўнта chp_grodno.

Што паведаміла міліцыя

Інфармацыю з сацсетак перадалі ў чат-бот МУС. Супрацоўнікі Ленінскага РАУС устанавілі асобу мужчыны і затрымалі яго. Для дыягностыкі яго даставілі ў псіхіятрычную клініку. Дзеянням мужчыны дадуць прававую ацэнку, паведамляе міліцыя.

Ва УУС нагадалі, што публікацыі ў сацсетках не лічацца афіцыйнымі зваротамі. Калі патрабуецца ўмяшанне міліцыі, у ведамстве прапануюць тэлефанаваць па нумары 102 або пісаць у чат-бот.