Увечары трэцяга лістапада ў цэнтры Беластока гродзенцы ўспаміналі, у якім годзе на гродзенскім піўзаводзе зварылі апошняе піва, і спрабавалі адгадаць колькасць прыступак на Лесвіцы кахання каля Старога замка. А яшчэ глядзелі відэа сучаснага Гродна і слухалі віншаванні землякоў, якія далучыліся да свята з Уроцлава, Вільні і Чыкага. Як гродзенцы і беларусы ў эміграцыі адзначалі Дзень святога Губерта — у рэпартажы Hrodna.life.
Пакуль удзельнікі збіраліся ў зале беластоцкага Цэнтра Заменгофа, на экране паказвалі свежае відэа з вуліц Гродна. Горад знялі ўсяго за пару тыдняў да сустрэчы — гэта ўжо традыцыйная частка святкавання Дня Губерта ў эміграцыі. У зале пазнавалі вуліцы і раёны, перашэптваліся і абмяркоўвалі ўбачанае. Хтосьці адразу называў знаёмыя месцы, а хтосьці прызнаваўся, што ўжо не пазнае новыя мікрараёны.
«Большасць з нас такога свежага, актуальнага Гродна не маглі бачыць на ўласныя вочы», — падкрэсліў Аляксей Шота, галоўны рэдактар Hrodna.life і адзін з арганізатараў мерапрыемства.
Для гродзенцаў і беларусаў у эміграцыі такое свята праходзіць ужо чацвёрты год запар. На гэты раз яно сабрала амаль 40 удзельнікаў.

Гродзенскае бінга, піўзавод і Лесвіца кахання
Спачатку згулялі ў гродзенскае бінга. Удзельнікам раздалі карткі з 25 сцвярджэннямі пра Гродна і яго жыхароў. Напрыклад, хтосьці хадзіў на матчы «Нёмана», еў гродзенскія чабурэкі, вазіў цыгарэты ў Польшчу, кажа «аліш» або бачыў захад сонца на Замкавай гары. Трэба было знайсці ў зале людзей, якім адпавядаюць гэтыя факты, і сабраць пяць супадзенняў у шэраг. Пераможца атрымаў у падарунак сапраўдны рарытэт — набор паштовак з відамі Гродна 1992 года.

Пасля бінга гродзенцы перайшлі да віктарыны пра Гродна. Трэба было ўспомніць, напрыклад, у якім годзе на гродзенскім піўзаводзе зварылі апошняе піва, колькі прыступак на Лесвіцы кахання каля Старога замка, назваць самую доўгую вуліцу Гродна і пазнаць на гродзенскім мурале пісьменніка Васіля Быкава.

«Сустрэнемся на Кірава»
Яшчэ адной часткай свята стаў фінал віртуальнага забегу «След святога Губерта». Сёлета да яго далучыліся 40 чалавек з 14 гарадоў і 8 краін. Кожны павінен быў пераадолець 11,27 кіламетра ў сваім горадзе. На сустрэчы беластоцкім удзельнікам забегу ўручылі памятныя медалі. Астатнія ўдзельнікі неўзабаве атрымаюць свае ўзнагароды па пошце. Далучыцца да забегу ўсё яшчэ можна — акцыя працягнецца да канца лістапада.


Тыя, хто не змог прыехаць на сустрэчу ў Беласток, даслалі відэавіншаванні. Гродзенцы з Уроцлава, Вільні і Чыкага павіншавалі землякоў з Днём святога Губерта анлайн.
У адным з віншаванняў прагучала надзея, што ў наступным годзе ўсе гродзенцы змогуць сустрэцца «дзесьці на Кірава» і адзначыць свята ўжо ў родным горадзе. Аляксей Шота ацаніў ідэю, але пажартаваў, што фраза «Сустрэнемся на Кірава» гучыць неадназначна.
Гродна 20 гадоў таму: знаёмыя двары, пад’езды і прадаўцы
Гродзенскі фатограф і рэжысёр Максім Швед паказаў на сустрэчы фотапрэзентацыю «Гродна 7300 дзён таму» са здымкамі горада, зробленымі ў 2006–2010 гадах. На фотаздымках можна было ўбачыць не толькі цэнтральныя вуліцы і вядомыя будынкі. У падборку ўвайшлі гарадскія двары, пад’езды, невялікія кавярні і выпадковыя мінакі. Для гродзенцаў, якія сабраліся, гэта была магчымасць разгледзець горад, якім ён быў два дзесяцігоддзі таму, і пашукаць на здымках знаёмыя твары. Некаторыя пазнавалі суседзяў, знаёмых і нават прадаўцоў са Скідзельскага рынку.


Вечар завяршыўся акустычным канцэртам гродзенскага музыкі Алеся Дзянісава, вядомага па гурце Dzieciuki. Ён выканаў песні на вершы гродзенскай паэткі Дануты Бічэль і іншыя кампазіцыі.


Напрыканцы арганізатар сустрэчы Аляксей Шота нагадаў, што ў наступным годзе Гродна адзначыць 900-годдзе. Паводле яго слоў, гродзенцаў і ўсіх, хто любіць горад, чакае маштабнае свята ў Беластоку. Але толькі калі самі гродзенцы ў эміграцыі актыўна далучацца да яго арганізацыі.



