Гродзенская мастачка Цемра ўвайшла ў лік 32 фіналістаў міжнароднай мастацкай прэміі KAF Young Art Prize 2026. Яе працы адабралі сярод 1668 заявак з 38 краін. На выставе ва Уроцлаве мастачка прадставіць два праекты, прысвечаныя страце дома, памяці і жыццю ў эміграцыі, паведамляе Reform.news.
Выстава фіналістаў «No-Clip Dwelling» адкрыецца 7 лістапада ў Krupa Art Foundation ва Уроцлаве. Днём раней, 6 лістапада, абвесцяць імёны трох пераможцаў конкурсу. Кожны атрымае па 12 тысяч еўра да выліку падаткаў.
Што Цемра прадставіць на выставе?
Мастачка пакажа дзве працы. Першая — «HOMELESS» (2026), новы скульптурны малюнак, прысвечаны страце стабільнасці, адчування дома і прыналежнасці да пэўнага месца.
Другая — інсталяцыя «ZIAMLIAČKA». Раней праект выстаўляўся ў аўстрыйскім Грацы і бельгійскім Генку, а цяпер яго ўпершыню пакажуць у Польшчы.
Працу над гэтай інсталяцыяй Дар’я пачала ў лістападзе 2024 года. Праект стаў для яе спосабам справіцца са стомленасцю ад эміграцыі і захаваць сувязь з радзімай.
На папярэдніх выставах цэнтральным элементам інсталяцыі быў курган з 225 кілаграмаў сапраўднай зямлі, прывезенай з роднай вёскі мастачкі Міраны пад Гроднам.
Ва Уроцлаве інсталяцыя будзе выглядаць інакш. Замест кургана гледачы ўбачаць кратар з пустэчай у цэнтры. Над ім будзе вісець выдзьмутае ўручную шкляное насенне, унутры якога захаваны водар беларускай зямлі. Яго атрымалі метадам анфлеражу — здабывання пахаў з дапамогай тлушчу.

Паводле задумы мастачкі, пустэча сімвалізуе страту роднага дома, а насенне з водарам зямлі — памяць пра яго і надзею на вяртанне.
«Я асабліва спадзяюся, што беларусы, якія жывуць у Польшчы, змогуць убачыць гэтыя працы. Калі будзеце ва Уроцлаве, шчыра запрашаю наведаць выставу», — сказала Цемра.
Што за конкурс KAF Young Art Prize?
KAF Young Art Prize — міжнародная прэмія для маладых мастакоў, заснаваная Krupa Art Foundation ва Уроцлаве. У 2026 годзе конкурс праводзіцца другі раз.
Сёлета арганізатары пашырылі яго фармат. Акрамя жывапісу, заяўкі прымалі ў катэгорыях лічбавага мастацтва, а таксама скульптуры і інсталяцыі.
У фінал прайшлі 32 мастакі з 1668 удзельнікаў, якія падалі заяўкі з 38 краін. Трое пераможцаў атрымаюць па 12 тысяч еўра, а астатнія фіналісты — ганарары па 400 еўра за ўдзел у выставе.
Як паведамляюць арганізатары, выстава «No-Clip Dwelling» прысвечана сучаснаму ўспрыманню дома, памяці і перасячэнню фізічнай і віртуальнай рэальнасці.
Яе назва адсылае да рэжыму no-clip у відэагульнях, які дазваляе персанажам праходзіць скрозь сцены і іншыя перашкоды. Праз гэтую метафару куратары прапануюць паразважаць пра межы паміж матэрыяльным і лічбавым, асабістым і калектыўным.
Выстава адкрыецца 7 лістапада па адрасе: Уроцлаў, Rynek 27/28.

Што вядома пра мастачку Цемру?
Цемра — творчы псеўданім Дар’і Сямчук, якая нарадзілася ў Гродне ў 1990 годзе. З 2022 года мастачка жыве і працуе ў Варшаве. У сваёй творчасці яна звяртаецца да тэм нацыянальнай ідэнтычнасці, эміграцыі, страты дома і захавання культурнай спадчыны.
У 2019 годзе яе праца «Спадчына» выклікала спрэчкі ў сацсетках. Яшчэ ў Беларусі для выставы «Восеньскі салон» Дар’я распісала чорнымі графіці стогадовую даматканую кашулю і старадаўні абрус. Адны палічылі гэта знішчэннем культурнай спадчыны, іншыя ўбачылі ў працы крытыку сучаснага стаўлення да традыцый.
Паводле слоў мастачкі, галоўны пасыл яе перформансу заключаўся ў тым, што людзі ўсё часцей выкідваюць старыя рэчы, замяняючы іх таварамі масавай вытворчасці і аднаразовага выкарыстання.
«Я хацела паказаць, што ў цяперашняга пакалення зусім іншыя каштоўнасці. Трэба цаніць старое, а гэтага не адбываецца. І праз некаторы час вось гэта чорнае будзе нашай спадчынай», — казала Дар’я.
У 2023 годзе Цемра стварыла калекцыю хустак CHUSTKI — CHUSTY-CHUSTAČKI, у якой аб’яднала беларускія традыцыйныя матывы і сучасныя элементы. На адной з хустак была выява той самай вышыванкі з графіці, на другой — арнаменты і надпіс BIEŁARUSAČKA.
«Усе мае працы прасякнутыя беларускім кодам. Жывучы ў эміграцыі, я ўбачыла, што беларусы спрабуюць захаваць сваю самабытнасць і шукаюць сімвалы, якія дапамагалі б ім адрозніваць „сваіх“ у натоўпе. Я сама таксама адчуваю гэтую патрэбу», — расказвала мастачка.



