«Гродзенская праўда» шукае літаратурнага рэдактара або карэктара з функцыямі стыліста. Патрэбны чалавек, “які любіць слова і здольны ператварыць журналісцкі матэрыял у бездакорны тэкст”. Гатовы разглядаць кандыдатаў, якія ўжо выйшлі на пенсію.

У абавязкі літрэдактара будуць уваходзіць вычытка, карэктура, мастацкая і стылістычная праўка, а таксама праверка загалоўкаў і кантроль за афармленнем тэкстаў.

Ад суіскальніка патрабуюць вышэйшую профільную адукацыю, выключную пісьменнасць, увагу да дэталяў і разуменне спецыфікі газетных жанраў. Абяцаюць афіцыйнае працаўладкаванне, “стабільную высокую зарплату” і графік 5/2 у офісе. Праўда, заробак будзе вядомы па выніках сумоўя.

Па тэме: Галоўрэд “Гродзенскай праўды” ў асабістым акаўнце змагаецца з “натаўскімі наймітамі”, а публічна – будуе масты з Польшчай

«Гродзенская праўда» – дзяржаўнае медыя, чыя павестка будуецца вакол падзей рэгіёну. У апошнія гады “Гродзенская праўда” актыўна асвятляе падзеі Польшчы і Літвы, выкарыстоўваючы дастаткова рэзкія фармулёўкі.

У траўні 2026 газета звярнула ўвагу на візіт Святланы Ціханоўскай у Кіеў. Супрацоўнікі «Гродзенскай праўды» называлі Ціханаўскую «пратэрмінаванай Светай» і «кіраўніком змагароў». Удзельнікі абмеркавання прымецілі распальванне варожасці журналістамі.

Колькі зарабляюць журналісты дзяржаўных медыяў?

У канцы верасня журналісты BGMedia вывучылі рынак працаўнікоў дзяржаўных медыя. Больш за ўсё на сайце Дзяржаўнай службы занятасці знайшлося прапаноў для карэспандэнтаў (41), яшчэ 20 – для рэдактараў, галоўрэдаў і іх намаў.

Рэдакцыя газеты “Дзянніца” ў Шчучыне прапаноўвала 215–500 руб. за чвэрць стаўкі. Былі вакансіі і на паўстаўкі. Напрыклад, “Прыпяцкая праўда” ў Нароўлі прапануе 429-500 руб., а “Горацкі веснік” у Горках – 600-700 руб. Зарплата на поўную стаўку вар’іруецца ад 858 да 1500 руб., у розных рэдакцыях.

У Мінску сустракаюцца і значна больш высокія прапановы. У выдавецкім доме «Праф-Прэс» карэспандэнтам прапануюць да 2 200 руб., а «Белтэлерадыёкампанія» для працы на «Радыус-FM» указвае ад 1 930 да 2 360 руб.

Каго шукаюць у Гродзенскай вобласці?

На тым жа сайце службы занятасці па Гродзенскай вобласці ёсць чатыры вакансіі для карэспандэнтаў. Супрацоўнікаў шукае “Гродна Плюс” і “Дзянніца”. Зарплата на поўную стаўку вар’іруецца ад 1000 да 1650 руб.

“Воранаўская газета” шукае рэдактара – прапануе заробак ад 1126 да 1800 руб., а ў “Ашмянскі веснік” патрабуецца тэхнічны рэдактар ​​– плануюць плаціць 900–1200 руб.

Чытайце таксама: Гродзенская дзяржгазета напісала пра візіт Ціханоўскай у Кіеў – карыстальнікі прымецілі распальванне варожасці