Жыхары дома на вуліцы Дамброўскага ў Гродне скардзіліся на волкасць і бруд пасля жнівеньскай залевы, якая затапіла падвал і размыла грунт каля фундамента. Паводле іх слоў, наступствы некалькі тыдняў не ліквідавалі. Пасля звароту на гарачую лінію ТРК «Гродна» і прыезду здымачнай групы камунальнікі прыбралі падвал і завяршылі частку работ у двары. Пра гэта тэлеканал расказаў у сюжэце 6 кастрычніка.
Праблемы з каналізацыяй узнікаюць дзесяцігоддзямі
Міхаіл Іванавіч, які жыве ў доме больш за паўстагоддзя, расказаў, што праблемы з каналізацыяй узнікаюць увесь гэты час. Паводле яго слоў, засоры даводзіцца ўстараняць пастаянна.
Мужчына таксама паскардзіўся, што некаторыя жыхары дома кідаюць у каналізацыю «што папала», а пакутуюць ад гэтага жыхары ніжніх паверхаў.
«Я жыву на першым паверсе. Першы паверх затопіць, падвал, потым у ванну лезе ўсё гэта», — расказаў ён.
«Мая кватэра раней увесь час плыла, заходзіш з працы, усё вось гэта праз унітаз. Увесь пах гэтай гліны, вось у мяне ўсё дома. Кашаль ужо тры гады», — расказала яшчэ адна жыхарка.
Мінулым летам камунальнікі замянілі частку ліўневай каналізацыі. Як расказалі жыхары, пасля гэтага сітуацыя ў пад’ездзе палепшылася, але жнівеньская залева зноў усё затапіла.
Жыхары звязваюць затапленне з рамонтам
Паводле слоў жыхароў, рамонт праводзілі ў ліпені, але адтуліну ў фундаменце пасля работ не заладзілі. Падчас моцнага дажджу праз яе ў падвал трапілі вада і грунт.
«Там у фундаменце засталася дзірка, і вось усё, што было: зямля, гліна — усё паплыло ў падвал», — расказала адна з жыхарак.
Жыхары таксама сцвярджаюць, што пасля рамонту не зрабілі адмостку. Вада стаяла ў падвале некалькі дзён. Спусціцца ўніз і ацаніць наступствы людзі змаглі толькі пасля таго, як ён прасох.

Прыборку абяцалі, але жыхары чакалі больш за месяц
Пасля залевы камунальнікі прыехалі засыпаць размытыя ямы. Жыхары пярэчылі супраць засыпкі грунтам, баючыся новага затаплення. У выніку, паводле іх слоў, пашкоджаны ўчастак забетанавалі.
Прыбраць тэрыторыю, вывезці смецце і паставіць лаўку таксама абяцалі, але больш за месяц работы заставаліся незавершанымі.
«Усё стаіць, усё ляжыць. А ўжо больш за месяц. Дык навошта тады абяцаць?» — спытаў адзін з жыхароў.
У выніку людзі звярнуліся на гарачую лінію ТРК «Гродна».
Частку работ яшчэ трэба завяршыць
Вядучая інжынерка ЖЭС № 9 Маргарыта Лагута патлумачыла, што моцныя ападкі прыпалі на час замены ўчастка ліўневай каналізацыі. Праз гэта грунт размыла і ён трапіў у падвал.
Камунальнікі назвалі тое, што здарылася, форс-мажорам. Затрымку ў сюжэце патлумачылі тым, што службы пасля залевы спачатку дапамагалі тым, хто больш у гэтым меў патрэбу.
Пасля звароту жыхароў і прыезду здымачнай групы спецыялісты вынеслі грунт з падвала, падрыхтавалі аснову для бетанавання падлогі і замянілі часткі труб.
Паводле слоў намесніка дырэктара УЖРЭП Ленінскага раёна Гродна Паўла Прахненкі, каля дома забетанавалі адмостку і правялі добраўпарадкаванне. У найбліжэйшы час плануюць прывесці ў парадак лаўку і забетанаваць падлогу ў падвале.
Спецыялісты запэўнілі, што фундамент абаронены ад падтапленняў, а трубы — ад працякання. Жыхары чакаюць наступных дажджоў, каб праверыць якасць рамонту.



