У Гродне адкрываюць дзіцячую гульнявую, сумешчаную з кафэ, пад назвай “Крошка”. Тут дзеці гуляюць, а бацькі ў гэты час могуць выпіць кавы і з’есці дэсерт. Таксама тут можна адзначаць святы. Тэставае адкрыццё планавалася 20 верасня, але тэрміны ссунуліся.

– Наша гульнявая ствараецца мамамі для мам. І менавіта клопат пра мамах ляжыць у аснове гэтага праекта. Мы не па чутках ведаем, што такое праводзіць з дзіцем 24/7, стомленасць і нежаданне гатаваць і мара проста выпіць цёплую каву ці гарбату, – пішуць уладальнікі. Але абяцаюць, што тат таксама прымуць.

Гульнявая адкрыецца па вул. Магістральная, 10. Ідэя ў тым, што пакуль дзіця даследуе розныя гульнявыя зоны, гуляе само або знаёміцца з іншымі дзецьмі, бацька можа выпіць кавы, пагутарыць або далучыцца да гульні. Абяцаюць камерны дзіцячы клуб з невялікай колькасцю дзяцей, спакойнымі гульнямі і ўтульнай атмасферай.

Асобная абгароджаная зона з усім неабходным (шэзлонг, стойка з падвешваннямі, цацкі па сістэме Мантэсоры) будзе для дзяцей 0+. Агульная зона будзе цікавая дзецям з года да 7 гадоў. Але для старэйшых дзяцей таксама прадугледзяць розныя віды забавак. Гульнявая і абедзенная зоны не падзеленыя, таму дзіця застаецца ў поле зроку з любой кропкі.

Прастору ўпрыгожаць цацкамі ручной працы. Для яго збіраюць спецыяльную бібліятэку, А для дзяцей і мам рыхтуюць спецыяльнае меню. Кава будзе ад пражальнікаў ROAST.

Адміністратар пры выпадку дапаможа з дзіцем. Таксама зараз шукаюць штукароў, дзіцячыя перасоўныя тэатры і аніматараў. У перспектыве хочуць адкрыць клуб мам.

Адна гадзіна каштуе 15 рублёў, безліміт — 40.

Чытайце таксама: Статыстыка: колькасць дзяцей у Гродзенскай вобласці змяншаецца