Мітынгі, забегі і рэтра-тралейбус – у Гродне да Дня народнага адзінства, які адзначаецца 17 верасня, падрыхтавалі некалькі гарадскіх мерапрыемстваў.
16 верасня
Па маршруце тралейбуса №9 будзе курсіраваць рэтра-тралейбус. Пасажырам правядуць інтэрактыўную экскурсію, прысвечаную падзеям 17 верасня 1939 года.
17 верасня
10:00. Каля мемарыяльнага комплексу «Курган Славы» правядуць урачысты мітынг.
11:30. У Пышках на Сцежцы здароўя пройдзе аматарскі забег.
12:00. Святочны канцэрт у Пышках, пасля – тэматычная віктарына з сувенірамі.
12:30. Па вуліцы Перамогі пройдзе яшчэ адзін урачысты мітынг.
Чаму Дзень народнага адзінства адзначаюць 17 верасня?
17 верасня 1939 года СССР без аб’яўлення вайны напаў на Польшчу, якая тады змагалася з гітлераўскай Германіяй. Гэта было зроблены паводле таемнай дамовы паміж Германіяй і СССР, якую падпісалі 23 жніўня. У выніку да канца месяца Польшча была падзелена паміж СССР і Германіяй.
Пры гэтым у Гродне 20−22 верасня працягвалася абарона горада: грамадзяне разам з рэшткамі польскага войска не ўпускалі савецкія часткі ў цэнтр горада.
Упершыню аб святкаванні 17 верасня пачалі казаць у кастрычніку 1939 года – тады Народны сход Заходняй Беларусі абвясціў гэтую дату Днём вызвалення працоўных ад прыгнёту буржуазіі і памешчыкаў
Але з урачыстасцямі свята адзначылі толькі аднойчы – у 1940 годзе. З заканчэннем Другой сусветнай вайны яго прыбралі з афіцыйнага календара.
Толькі ў верасні 1989 года зноў вярнуліся да ідэі адзінага свята – Дня ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР. Праўда, цяпер у якасці кропкі адліку акрамя 17 верасня называлася 28 кастрычніка. Менавіта тады Народны сход у Беластоку прыняў дэкларацыю пра ўваходжанне Заходняй Беларусі ў склад БССР. Пры гэтым рашэнне сходу было прадвызначаным, бо пад яго адмыслова падагналі склад дэпутатаў.
Урэшце, 11 студзеня 1990 года Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР быў вызначаны Дзень уз’яднання Заходняй Беларусі з БССР у якасці свята, якое прыпадала на 14 лістапада. Менавіта ў гэты дзень у 1939 годзе Вярхоўны Савет БССР афіцыйна ўключыў Заходнюю Беларусь у склад савецкай Беларусі.
Аднак пасля спынення існавання СССР 17 верасня так і не святкавалася на дзяржаўным узроўні, пакуль 7 чэрвеня 2021 года Лукашэнка не падпісаў загад аб зацвярджэнні 17 верасня ў якасці новага дзяржаўнага свята – Дня народнага адзінства. Тады ж, у верасні 2021, у Гродне з Кургана славы дасталі капсулу, закладзеную ў 1969 годзе.
Чытайце таксама: “Да адзінства тут далекавата”. Што кажуць гісторыкі аб даце дзяржаўнага свята



