Падчас археалагічных раскопак пахавальных комплексаў на Малой Траецкай спецыялісты знайшлі фрагменты культавага збудавання — яго звязваюць з касцёлам Святой Тройцы, які існаваў у Гродне з канца XVI да сярэдзіны XVII стагоддзя.
Побач з гэтым аб’ектам знайшлі пахаванні незвычайнай планіроўкі, якія адрозніваюцца ад магільнікаў таго перыяду. «Пахаваныя былі размешчаны ў пэўнай структуры. Вывучэнне знаходак працягваецца ў камеральных умовах (у памяшканні, у лабараторыі – Hrodna.life). На гэтым аб’екце зафіксаваны досыць рэдкі для беларускіх тэрыторый факт — трэпанацыя, якая зажыла», паведамілі у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі.
Таксама археолагі выявілі матэрыялы, звязаныя з індывідуальнымі культамі – медальёны і артэфакты XVII-XIX стагоддзяў. Мяркуецца, што гэтыя могілкі функцыянавалі кароткі прамежак часу і былі звязаныя з дзейнасцю касцёла. Верагодна, магільнік закінулі пасля таго, як касцёл спыніў існаванне.
Што яшчэ знайшлі падчас раскопак на Малой Траецкай?
У красавіку падчас будаўніцтва гандлёва-адміністрацыйнага цэнтра на вуліцы Малой Траецкай чатыры працоўныя знайшлі астанкі больш за 20 чалавек. Верагодна, будаўнікі натыкнуліся на невядомыя раней могілкі XVI-XVII стагоддзяў. На месца прыехалі археолагі, будоўлю прыпынілі.
Тады спецыялісты выявілі і вынялі 22 пахаванні. Сярод пахаваных знайшлі жанчын, мужчын і дзяцей розных узростаў.
Чытайце таксама: Самы стары помнік у Гродне пачаў разбурацца пасля магутных дажджоў



