Фестываль «Тачки пікнік – 2026» пройдзе 15 і 16 жніўня каля сцен Лідскага замка – арганізатары плануюць узнавіць атмасферу драйву на фоне сярэднявечнай архітэктуры. У праграме: выстава аўто, дрыфт-шоу і канцэрты.
Хэдлайнерам фэсту стане Кірыл Варпач – блогер, які спецыялізуецца на тэме цюнінгаваных аўта. Таксама для наведвальнікаў фестывалю падрыхтуюць выставу машын. Напрыклад, прывязуць спорткар Toyota MR-S. Апроч гэтага арганізатары абяцаюць паказаць каля 150 мадыфікаваных і рэтра-машын.
Галоўнай падзеяй стануць паказальныя заезды і дрыфт-шоу. Запланавана праходжанне трасы ў тандэме, дыназаўр на мотаколесе, трукі на грузавіку, а таксама скачкі на матацыкле.
За музычную частку фестывалю адказвае беларускі гурт “Барысаўскі тракт”. Таксама ў праграме пенныя вечарынкі, фудкорт і інтэрактыўныя зоны.
Білет на фестываль абыдзецца ў 15—50 руб.
У вобласці ўсё больш спартыўных фестываляў арганізуюць букмекерскія канторы
Адзін з галоўных партнёраў фестывалю – буйная букмекерская кантора. Таксама фестываль падтрымлівае “Газпромнефть” – расійская кампанія, якая знаходзіцца пад санкцыямі Еўрасаюза.
Арганізатарам двухдзённых спаборніцтваў па дрыфтынгу, якія прайшлі ў Гродне ў чэрвені 2026, была іншая папулярная ў Беларусі букмекерская кантора. Некаторыя гараджане зважалі на агрэсіўную рэкламу анлайн-казіно – лагатыпы кампаніі прысутнічалі на аўта і ў выглядзе дэкаратыўных элементаў у трыбун.
“Гэта не дрыфт, гэта агрэсіўная рэклама азартных гульняў, якая забаронена ў свеце ў большасці краін…”, – пісаў адзін з гродзенцаў.
Чытайце таксама: У Гальшанах пройдзе фестываль у сярэднявечным стылі



