Гродзенская фітнес-трэнерка Анастасія зладзіла ўласны чэлендж і прайшла 100 км па горадзе менш, чым за суткі. Аб персанальным рэкордзе дзяўчына расказала ў Threads.
Першапачаткова папулярным челенджем стала прайсці 100 тыс. крокаў за суткі. Нехта замест гэтага выбірае 100 км. Яго ўдзельнікі вар’іруюць выпрабаванне: нехта спрабуе пераадолець адлегласць пешшу, іншыя едуць на ровары 100 км. Ролікі з челенджем публікуюць у сацсетках, здымаючы працэс на відэа. Варта разумна ацэньваць свае сілы – некаторыя пачыналі чэлендж без падрыхтоўкі і гублялі прытомнасць, мінакі выклікалі ім хуткую.
Першыя 50 км: пустыя вуліцы і лёгкі боль у цягліцах
У дарогу Анастасія адправілася ноччу – і напісала аб гэтым адпаведны пост, папрасіўшы карыстальнікаў пажадаць ёй поспеху. На першых 10 км самым складанаым для дзяўчыны былі пустыя вуліцы – Анастасія прызнавалася, што “размаўляе сама з сабой”, а музыку ў цемры і тумане ёй слухаць зусім не хацелася.
Прайшоўшы 25 км па сваім раёне, дзяўчына накіравалася ў цэнтр горада. На 40 км гродзенка адчула, як напружыліся ягадзічныя мышцы, а на 50 км – “захацела прылегчы”.
«Да болю ў нагах ужо прывыкла. Паясніца наогул радуе, не забілася яшчэ», – апісвала адчуванні Анастасія.
Другая частка шляху: прыпынкі на каву і мазалі на пальцах ног
Да 60 км фітнес-трэнерка з’ела ўсю ежу, якую брала з сабой з дому. На гэтым этапе голаду дзяўчына не адчувала і не зважала на боль у нагах. «Адчуваю, што ўжо ёсць тры мазалі на пальцах. Але калі не спыняцца, то яны неяк прыкочваюцца і наогул не адчувальныя», – дадавала яна.
На 70 км Анастасія адчула моцную стому, тым не менш ішла без прыпынкаў. Пры гэтым агаворвала, што “туалет, паленне і кава” – не лічацца. Ужо на наступным дзясятку дзяўчына прызналася, што сілы яе пакінулі цалкам.


Фінал: мінус тысяча калорый і паспяхова выкананы челендж
Але Анастасіі ўсё ж удалося фінішаваць. Выніковыя паказчыкі атрымаліся наступнымі: 100 км за 22 гадзіны, тысяча спаленых кілакалорый і 133,4 тыс. крокаў.
«Толькі на 3 дзень я пачынаю разумець, што мінула 100 км. І хачу сказаць вялікі дзякуй людзям, якія мяне падтрымлівалі і былі са мной да самага фінішу. Ваша падтрымка была неацэнная», – пасля напісала ў Threads Анастасія.
Увесь наступны тыдзень дзяўчына аднаўлялася, але трэніроўкі ўсё роўна праводзіла, хоць і ў аблегчаным варыянце.
Іншая гараджанка ладзіла падобны челендж
Восенню 2025 года гродзенка Кацярына зладзіла сабе іншы чэлендж – захацела абыйсці ўвесь горад за адзін дзень. Дзяўчыне гэта ўдалося – на выкананне задання пайшло дзесяць гадзін, за гэты час Кацярына пераадолела 43 км.
Чытайце таксама: Можна зэканоміць 500 рублёў. Беларуска расказала, у колькі ёй абышлася паездка ў Гродна




