Каля 500 артэфактаў розных эпох, фрагменты ранненеалітычнай керамікі з адбіткамі старажытнай флоры і манету XVII стагоддзя знайшлі падчас археалагічных раскопак на беразе ракі Шчары ў Слонімскім раёне. Даследаванні праводзілі археолагі на чале з гісторыкам Алегам Ткачовым, а таксама ўдзельнікі дзіцячага турысцка-краязнаўчага лагера. Сёлета лагер працуе ўжо адзінаццаты раз.
Сярод знойдзеных прадметаў — нуклеусы, адшчапы і скрабкі, а таксама фрагменты старажытнай керамікі. Выяўленыя артэфакты адносяцца да розных гістарычных перыядаў — ад каменнага веку да XIX стагоддзя, паведамляе Інстытут гісторыі НАН Беларусі.
За 11 гадоў абследавалі больш за 50 археалагічных помнікаў
Дзіцячы археалагічны лагер — гэта сумесны праект Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і ўпраўлення адукацыі Слонімскага райвыканкама. Сёлета ў ім бралі ўдзел 25 школьнікаў.

За час працы лагера юныя даследчыкі абследавалі больш за 50 археалагічных помнікаў на тэрыторыі Слонімскага раёна. Каля 40 з іх раней не былі вядомыя спецыялістам.
За гады працы экспедыцыі раскопкі і абследаванні праходзілі каля вёсак Талькаўшчына, Рышчыцы, Збочна, Жыровічы, Русакова, Разанаўшчына, Парэчча, Малышавічы, а таксама аграгарадка Дзераўная.

У 2018 годзе спецыялісты і школьнікі абследавалі ўчастак правага берага Шчары, у 2019-м — левабярэжжа ракі паміж Жыровічамі і Русаковам. У 2020 і 2022 гадах даследаванні праходзілі на рацэ Грыўдзе, а ў 2021-м — на левым беразе Шчары паміж Разанаўшчынай і Парэччам.
Вынікі даследаванняў лагера таксама ўвайшлі ў навуковае выданне «Гісторыка-культурная спадчына Слонімшчыны. Да 770-годдзя Слоніма», якое выйшла ў 2024 годзе, паведамляе раённая газета «Слонімскі веснік».
Акрамя раскопак, школьнікі бяруць удзел у турысцкіх і спартыўных мерапрыемствах, наведваюць музеі і знаёмяцца з гісторыяй роднага краю. Сёлета яны пабывалі ў вёсцы Талькаўшчына, дзе знаходзяцца археалагічныя і гістарычныя помнікі, а таксама даследавалі гарадзішча Кураўская Гара і яшчэ адно раней невядомае гарадзішча.



