На тэрыторыі агратурыстычнага комплексу «Гарадзенскi маёнтак Каробчыцы» запланавалі пабудаваць культурна-гістарычны парк «Стары горад». Гэта першая чарга будаўніцтва. У рамках другой у Каробчыцах з’явіцца гасцініца з лазнева-тэрмальным комплексам.
Парк зойме тэрыторыю ў 1, 56 га. Жыхароў аб будаўніцтве інфармаваць не будуць. Калі яно пачнецца, пакуль невядома. Зойме 10,5 месяцаў.
Канцэпцыю будынкаў распрацоўваў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Узвядуць будынкі, стылізаваныя пад:
- Друкарню,
- Лячэбны кабінет (ФАП),
- Палату мер і вагаў,
- Рыцарскую школу,
- Гандлёвыя рады і плошчу,
- Фотаатэлье,
- Банк,
- Кінатэатр, сумешчаны з тэатрам,
- Аўстэрыю (піцейны дом – Hrodna.life)/кавангауз (кафэ — Hrodna.life)/карчму,
- Чыгуначны вакзал.
У іншым дакуменце таксама фігуруе беларуская, руская і яўрэйская хаты. У залежнасці ад стылістычнага рашэння матэрыял сцен будзе з газасілікатных блокаў з атынкоўкай, абліцоўваннем цэглай, абліцоўваннем драўлянымі панэлямі («імітацыя бруса»). У будынках будуць выставачныя і тэматычныя залы.
Гасцініца ў Каробчыцах
Падчас другой чаргі будаўніцтва ўзвядуць будынак гасцініцы з лазнева-тэрмальным комплексам. Яно будзе аднапавярховым П-вобразным. У двухсветных прасторах уваходнай групы і вестыбюля будзе зімовы сад і зоны адпачынку з выступоўцамі драўлянымі канструкцыямі і элементамі дызайну. Гасцініца будзе класам “***”.


Умяшчальнасць – 32 чалавекі. Усяго будзе 12 двухмесных нумароў і чатыры шматмесных.
Па словах стваральнікаў, разгорнутая аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя з чытаным сілуэтам, рознавялікія аб’ёмы, скатныя дахі, вітражы двухсветных прастор уваходнай групы, зімовы сад, дакладнае занаванне тэрыторыі дазваляюць лаканічна ўпісаць аб’ект у агульную панараму забудовы на фоне ляснога масіва і навакольнага яго прыроднага ландшафту.
Развіццё брэнда
Цяпер выбіраюць падрадчыка для распрацоўкі праектнай дакументацыі. Праектам займаецца ўпраўленне капітальнага будаўніцтва Гродзенскага аблвыканкама. На гэта выдаткуюць 936 050 рублёў – уласныя грошы “Гарадзенскага мясакамбіната”. Дакументы павінны зрабіць да канца чэрвеня.
Такім чынам хочуць павысіць інвестыцыйную і турыстычную прывабнасць рэгіёну і сфармаваць моцны нацыянальны турыстычны брэнд, які падкрэслівае бяспеку, экалагічнасць і разнастайнасць турыстычных прапаноў.
Чытайце таксама: У “Гарадзенскім маёнтку Каробчыцы” можна будзе пераначаваць



