У Гродне ў бліжэйшыя месяцы ўсталююць дзевяць спецыяльных праектараў, якія будуць падсвечваць пешаходныя пераходы ў цёмны час сутак. Выява «зебры» будзе праецыравацца проста на дарожнае пакрыццё.

Новае абсталяванне з’явіцца адразу на сямі вуліцах горада. Праектары ўсталююць на вуліцы Леніна, на скрыжаванні Карла Маркса і Маладзёжнай, на Свярдлова каля вежы «Кася», на скрыжаванні Сацыялістычнай і Свярдлова, каля дома №14 на Вялікай Траецкай, на скрыжаванні Сацыялістычнай і Парыжскай Камуны, а таксама на Краснаармейскай каля чыгуначнага вакзала, паведамляе тэлеканал «Гродна Плюс».

Таксама ў Гродне плануецца рэканструяваць два скрыжаванні і ўсталяваць там святлафоры. Мова ідзе пра скрыжаванне вуліц Белуша і Антонава, а таксама кальцавую развязку Брыкеля — Таўлая.

Першы светлавы пераход у Гродне з’явіўся на вуліцы Ажэшкі

Першы такі праект у Гродне запусцілі ў сакавіку 2025 года. Светлавую «зебру» ў тэставым рэжыме ўсталявалі на вуліцы Ажэшкі каля ўваходу ў парк Жылібера.

Тады праект рэалізавалі пры падтрымцы Дзяржаўтаінспекцыі, адміністрацыі горада і ЖКГ. Абсталяванне ўсталявала кампанія «Агенцтва СІЗ-Захад».

Спецыяльны GOBO-праектар, усталяваны на слупе, з дапамогай лінзы з нанесеным малюнкам праецыруе «зебру» на дарогу. Абсталяванне падключана да электрасеткі і аўтаматычна ўмыкаецца разам з гарадскім асвятленнем.

Яго планавалі тэставаць 45 дзён. Пасля гэтага гарадскія ўлады і Дзяржаўтаінспекцыя павінны былі ацаніць, наколькі тэхналогія падыходзіць для выкарыстання ў Гродне. Меркаванні запытвалі і ў гродзенцаў. Судзячы па ўсім, пілотны праект прызналі паспяховым.