Па факце пажару ў Гродзенскім абласным клінічным цэнтры «Псіхіятрыя-наркалогія» распачалі крымінальную справу. Следства ўстанавіла, што прычынай узгарання стаў падпал: адзін з пацыентаў пранёс у палату крыніцу адкрытага агню і падпаліў матрац. Полымя хутка распаўсюдзілася, а памяшканне запоўнілася дымам.
Гродзенскі міжраённы аддзел Следчага камітэта распачаў у дачыненні да мужчыны крымінальную справу па ч. 2 арт. 218 КК Беларусі — за наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне чужой маёмасці грамадска небяспечным спосабам. Яму пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.
Як пачаўся пажар
Узгаранне адбылося каля 3.35 19 ліпеня ў адной з палат псіхіятрычнага аддзялення на вуліцы Абухава. Паводле даных следства, ачаг знаходзіўся непасрэдна на бальнічным ложку.
Пацярпелі шэсць чалавек — у іх дыягнаставалі тэрмічныя апёкі цела, дыхальных шляхоў, галавы, рук і ног плошчай ад 30% да 60%, а таксама атручэнне прадуктамі гарэння. 60% — гэта вельмі цяжкая траўма, якая пагражае жыццю і класіфікуецца як шырокае паражэнне.
Цяпер іх стан ацэньваецца як стабільна цяжкі. Усе пацыенты знаходзяцца на ШВЛ. Ім робяць перавязкі і лечаць. Прагнозаў лекары пакуль не даюць праз непрадказальнасць хваробы.
Пасля пажару сітуацыю ўзялі на кантроль Мінздароўя і галоўнае ўпраўленне аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама. У Гродна накіравалі рэспубліканскіх спецыялістаў, у тым ліку галоўнага пазаштатнага камбустыёлага і загадчыцу аддзялення рэанімацыі для апёкавых хворых. Яны агледзелі пацярпелых і правялі неабходныя кансультацыі.



