На электронныя таргі ў Гродне выставілі гасцінічна-рэстаранны комплекс на вуліцы Паповіча. Пакупніку далі тры гады на ўвядзенне ў эксплуатацыю. Гасцініцай 10 гадоў валодалі кітайскія інвестары – але не завяршылі праект.
У лот ўваходзяць:
- Будынак гасцініцы з падвалам – агульная плошча 12 741 кв. м.
- Будынак рэстарана з рампай – агульная плошча 3 471 кв. м.
- Права арэнды зямельнага ўчастка – плошчай 0, 6846 га тэрмінам на 50 гадоў.
На працягу года з моманту куплі неабходна распрацаваць і зацвердзіць праект рэканструкцыі пад сучасны гасцінічны комплекс. Увесці аб’ект у эксплуатацыю трэба не пазней за тры гады з дня заключэння дагавора куплі-продажу.
Пачатковая цана таргоў – 9 012 850 рублёў ($3, 1 млн – за такую ж суму яе купіў кітайскі інвестар 10 гадоў таму). Падацца на таргі можна да 13 жніўня. Іх правядуць 18 жніўня.
Хто валодаў гасцініцай “Гродна” і што планавалі пабудаваць
У 2016 годзе 16-павярховы будынак гасцініцы “Гродна” выкупіла гандлёва-прамысловая карпарацыя “Цюань Шэн” з правінцыі Ганьсу. Інвестар планаваў укласці ў рэканструкцыю каля $15 млн і адкрыць абноўлены аб’ект у сакавіку 2020 года. У праект уваходзілі гасцінічны комплекс Echeng, бізнес-цэнтр, рэстараны, фітнес-цэнтр, бар і начны клуб.
Рэканструкцыю прыпыніла пандэмія каранавіруса ў 2020 годзе. Перамовы з кітайскім бокам доўжыліся некалькі гадоў. У 2026 годзе гарадскія ўлады выйгралі справу ў эканамічным судзе – гасцініцу вярнулі гораду. Старшыня гарвыканкама Андрэй Хмель сцвярджае, што патэнцыйныя пакупнікі ўжо ёсць.



