Ці могуць спальныя раёны Гродна стаць цікавымі для турыстаў? На думку гродзенскага экскурсавода Міхаіла Нарынкевіча — так. Ён лічыць, што пры жаданні турыстычныя маршруты можна стварыць у любой частцы горада, калі правільна раскрыць яе асаблівасці.

У інтэрв’ю выданню «Вячэрні Гродна» гід адзначыў, што ў кожнага мікрараёна ёсць патэнцыял. Дзевятоўка асацыюецца з кіно, Фолюш — з млынамі і мануфактурамі Тызенгаўза, а Вішнявец — з лесапаркам Румлёва.

Дзевятоўка ўжо вядомая сярод турыстаў

Экскурсавод расказвае, што турысты нярэдка просяць паказаць месцы здымкаў фільма «Белыя Росы» і ахвотна фатаграфуюцца з драўлянымі фігурамі герояў. — Дзевятоўка — вельмі цікавы раён. Побач знаходзіцца першы ў Беларусі праваслаўны храм у мадэрнісцкім стылі. Каля яго — касцёл з самай вялікай батлейкай у краіне, на вуліцы Белыя Росы — першы мурал.

Дарэчы, менавіта на Дзевятоўцы знаходзіцца вуліца, дзе часцей за ўсё селяцца турысты, якія прыязджаюць у Гродна. Вуліца Курчатава стала самай папулярнай для сутачнай арэнды ў Гродне. Такую выснову раней зрабілі аналітыкі сэрвісу «Куфар Падарожжы».

Новыя раёны для турыстаў

На думку Міхаіла Нарынкевіча, нават новыя мікрараёны можна зрабіць прывабнымі для гасцей горада. — Напрыклад, на Альшанцы ёсць вуліцы Напалеона Орды, Францішка Багушэвіча, Уладзіміра Караткевіча, Міхала Клеафаса Агінскага. Можна на тарах дамоў маляваць партрэты гэтых гістарычных асоб, а таксама размясціць невялікую інфармацыю пра іх. Упэўнены: людзі паедуць сюды глядзець муралы з усяго горада і ўсёй краіны, — кажа Міхаіл Нарынкевіч. — На вуліцах у цэнтры, названых у гонар асоб, напрыклад Багдановіча, Горкага ці Ажэшкі, можна пакінуць на сцяне цытату пісьменніка.

Для стварэння муралаў можна запрасіць студэнтаў факультэта мастацтваў ГрДУ імя Янкі Купалы, лічыць гід.

Ахвяруй 1,5% ад падаткаў у Польшчы