Фірма Conte выпусціла калекцыю шкарпэтак з гарадамі Беларусі. У яе ўвайшлі абласныя гарады, а таксама Полацк, Пінск, Бабруйск, Мір, Ліда і Нясвіж. Таксама з’явілася асобная мадэль «Беларусь» з трактарамі, зубром, выявай Нацыянальнай бібліятэкі, дранікамі, сыркамі, жэтонам мінскага метро і купальскімі вянкамі. Навінку ўжо абмяркоўваюць у Threads.

На шкарпэтках з Гроднам — замак, Каложа і алень

На шкарпэтках з выявай Гродна размясцілі сімвалы горада — Фарны касцёл, Каложскую царкву, Стары замак, абласны драмтэатр, Нёман і аленя Святога Губерта.

Як пазначана на сайце фірмы, трэвел-калекцыя прысвечана падарожжам па Беларусі. Кожны прынт перадае гісторыю горада праз яго архітэктурныя славутасці. Шкарпэткі пазіцыянуюць як сувенір або памятны падарунак.

носки города
Шкарпэткі з Гроднам. Фота: скрын з сайта conteshop.by

Пара каштуе 8,39 руб. У складзе — 56% бавоўны, 34% поліэстэру, 8% поліаміду і 2% эластану.

Беларусы спрачаюцца праз мову, крыжы і склад

Пасля выхаду калекцыі карыстальнікі пачалі актыўна абмяркоўваць яе ў сацсетках. Адно з самых папулярных пытанняў — чаму назвы гарадоў напісаны на рускай, а не на беларускай мове.

Частка каментатараў таксама звярнула ўвагу на выявы храмаў.

«Праваслаўныя крыжы на шкарпэтках — такое сабе», — напісаў адзін з карыстальнікаў. Іншыя адзначалі, што на прынтах ёсць і каталіцкія храмы.

носки города
Фота: скрын з сайта conteshop.by

Таксама асобна людзі пісалі пра склад.

«Пачаўся хайп са шкарпэткамі ад Conte. Я разумею, што жанчынам не прывыкаць насіць сьлядочкі там і ўсё такое з 100% сінтэтыкі, але шкарпэткі з 100% пластыку — гэта поўная фігня. Генератар мікробаў і смуроду. Прыгожа і непрактычна…» — напісаў адзін з карыстальнікаў.

Пісалі і пра кошт: «8,39. Прыгожа, але задоўга».

Таксама патэнцыйныя пакупнікі цікавіліся памерным радам. У каментарах паведамілі, што шкарпэткі будуць да 43 памеру — па іх запрашаюць у фірменныя крамы.