Жыхарка Гродна вырашыла адзначыць свой дзень нараджэння з сушы. Дзяўчына, якой спаўняецца 35 гадоў, спытала ў службы дастаўкі SOY, колькі лайкаў трэба сабраць, каб атрымаць у падарунак святочны сэт. У кампаніі адказалі, што «5000 лайкаў будзе дастаткова». Гродзенка звярнулася па дапамогу да карыстальнікаў Threads — ёй «накідалі».
«Не падвядзіце!»
«Веру ў сілу трэдчан. Не падвядзіце», — напісала яна.
Карыстальнікі актыўна адгукнуліся. У каментарах пісалі «Падтрымаем!», «Прасоўваем!», «Каментар для прасоўвання» і заклікалі іншых паставіць лайк. Праўда, некаторыя не верылі, што ўсё атрымаецца.
Калі неабходная колькасць рэакцый была набраная, адзін з карыстальнікаў пажартаваў: «Ужо набралася, пачастуйце і нас таксама».
На гэта аўтарка паста адказала, што калі каментатар знаходзіцца ў Гродне, то яна «з задавальненнем» падзеліцца.
Таксама былі і негатыўныя каментары. Пра іх дзяўчына напісала сама і патлумачыла, чаму вырашыла папрасіць сушы, а не заказаць.
«Ды былі і негатыўныя паведамленні такога плану: а што, у 35 няма грошай на сэт!? (Гэта было б занадта проста). А паспрабаваць у сябе на старонцы гэты трэнд, чаму б і не?», — напісала яна.
Чым скончылася гісторыя
Праз некалькі дзён пасля дня нараджэння гродзенка напісала яшчэ адзін пост.
Яна распавяла, што кампанія выканала абяцанне і падарыла ёй сэт з чатырох ролаў на выбар. У падарунак увайшлі «Філадэльфія з агурком», «Баніта», «Каліфорнія з ласосем і крэветкай» і «Макі такі ласось».
Дзяўчына падзякавала ўсім за падтрымку.



