У сацсетках гродзенцы цікавяцца менш папулярнымі месцамі для купання, дзе будзе менш народу. Hrodna.life сабраў адказы гараджан і склаў спіс месцаў, дзе можна купацца.
Дзе гэтым летам у Гродне можна купацца афіцыйна?
У гарадской мяжы ўлады вызначылі чатыры месцы, дзе купанне афіцыйна дазволена. Гэта цэнтральны пляж на Маставой вуліцы, пляжы ў Ласосна, Пышках і на Юбілейным возеры.
Купанне каля ўсіх астатніх пляжаў забаронена. У адваротным выпадку можна атрымаць адміністрацыйны артыкул і штраф да 135 руб.
Часта гарадзенцы ходзяць на Юбілейнае возера. Але ў спякотнае надвор’е на возеры збіраецца занадта шмат людзей, таму даводзіцца шукаць альтэрнатыўныя варыянты.
Дзе жыхары вобласці ратуюцца ад спякоты?
Возера Малочнае у аграгарадку Парэчча. Гэты варыянт у сацсетках раяць часцей за ўсё. Пішуць, што вада чыстая і цёплая. А вось ацэнка наконт колькасці адпачывальнікаў адрозніваецца ад «нашмат менш, чым на Юбілейным» да «яблыку няма дзе ўпасці».
Возера Свіцязь у Валеўскім сельсавеце. Карыстальнікі сацсетак раяць гэтую лакацыю дзякуючы чыстай вадзе.
Возера Бросты у Копцеўскім сельсавеце. Пакупацца ў возеры не атрымаецца, бо яно прызначана для лоўлі рыбы. Але гараджане адзначаюць чыстую, праўда не зусім дагледжаную тэрыторыю, а таксама наяўнасць альтанак і мангалаў.
Рака Чорная Ганча, непадалёк ад вёскі Кадыш (прымежная зона, лепш узяць пашпарт з сабой на выпадак праверкі). Жыхары вобласці адзначаюць пясчанае дно ракі, але папярэджваюць аб пераменлівай глыбіні. Гавораць, што вада ў Чорнай Ганчы халаднаватая і асвяжальная.
Заказнік Азёры. Ёсць пляж, дзе можна пазагараць. Таксама на тэрыторыі заказніка размешчаны турыстычныя стаянкі з мангаламі і альтанкамі, але за карыстанне давядзецца заплаціць каля 80-100 руб. з чалавека.
Вёска Бершты у Шчучынскім раёне. Пішуць, што ў вёсцы можна адшукаць класныя мястэчкі, людзей няма, а само “возера – агонь”.
Што яшчэ раяць гродзенцы?
- Вадасховішча “Адамава возера” (Копцеўскі сельсавет);
- Аўгустоўскі канал;
- “Танкавае” возера ў Гожы;
- Рака Нёман;
- Рака Ласасянка.
Таксама некаторыя карыстальнікі раяць адправіцца на мелавыя кар’еры ў Краснасельску. Але купацца тамака забаронена. Зрэшты, кар’еры можна наведаць дзеля відаў – іх афіцыйна прызналі геалагічным помнікам прыроды. Узрост кар’ераў – каля 90 мільёнаў гадоў, а на іх тэрыторыі сфармаваўся ўнікальны для Беларусі ландшафт.
Чытайце таксама: Гатуем на мангале: 5 простых і смачных рэцэптаў на вуглях



